Казалі, што па Гомельшчыне, нават і ў Локцевічах, будуць выплочваць нейкія «грабавыя», але гэтаму, праўда, ніхто не даваў веры.
Апусцеў прыпяцкі пляж — баяліся купацца; баяліся купляць ежу на базары, баяліся хадзіць у лес, дзе зноў-такі, нягледзячы на спёку, усё чарнела і жаўцела ад ягад і лісічак.
Знаходзіліся і такія, хто адвяргаў усё, што трэба і што не трэба. Гэтыя смяяліся і з Чарнобыля, і з вожыкаў, і са свіней, і нават з таго, што бульбу цяпер рэкамендавалі мыць некалькі разоў; даказвалі, што ніякага рэактара ў Чарнобылі не было, бо электрычнасць 6ярэцца не з рэактараў, а з плацін на вадзе; чутка пра аварыю была выдуманая там, у Маскве, са страху, што народ можа пайсці вайною супраць дурной «аўкагольнай кампаніі». Называліся прозвішчы людзей, якія нібыта з Чарнобыля нажываюцца, паказваліся лістоўкі, дзе быў чамусьці ад рукі надрапаны нібыта загад Гарбачова: «Хай думаюць, што Чарнобаль, тады будуць менш піць, а больш работаць».
Плёткі плёткамі, а людзі неяк елі, пілі, сыходзіліся, нараджалі дзяцей — жылі, словам. Участковы Балвановіч, як чалавек практычны, вясковага роду, чыхаць хацеў на радыяцыю — яе ж не відно; павёз матацыклам жонку па ягады, і за Мазырам, блізка каля нейкай вёскі, напароўся на стары, зарослы метровым сітняком кар'ер, поўны карасёў. Калі ён убачыў проста перад носам дзве доўгія, як дошкі, чорныя спіны, што млява варушылі жабрамі і плаўнікамі, у яго засвярбелі рукі і ногі. Да вечара ён паспеў матануцца ў Локцевічы, адвезці жонку, заехаць па Шкапіча, і яшчэ сонца не села, як яны, апранутыя па-рыбацкаму, зладзеявата падкочвалі да кар'ера заглушаны матацыкл.
За гэты месяц Шкапіч пастарэў на некалькі гадоў. Усё, пра што не так даўно ён баяўся нават думаць, спраўджвалася... Сям'і ўжо, можна сказаць, не было, развод залежаў толькі ад часу. Пасля Балвановічавай прафілактыкі знік недзе Холад, але адразу ж з'явіўся новы — Адам ведаў пра гэта з дакладных крыніц — і з гэтым новым пры братавай дапамозе ўжо не было як справіцца. Раз ужо так закруцілася, зляцела з тармазоў, дык да кожнага палюбоўніка па ўчастковаму не прыставіш... Ні слова Шкаіпіч не сказаў пра гэта ні Балвановічу, ні нават матцы, якая не так даўно прыходзіла ў госці і ўсё распытвала, сэрцам адчуваючы, што нешта ў сына не так.
Цяпер ён быў вельмі ўдзячны брату, што той выцягнуў яго з горада, і адчуваў хоць невялічкую, пераменлівую, але забытую радасць. Пакуль Балвановіч перавязваў матузкі старых форменных галіфэ, Адам разуўся і пайшоў паўз бераг. Вада была цёплая, дно мяккае, няроўнае, нідзе не глыбей, чым па калена. Разы два нешта вялікае тукнула ў нагу. Уся трава, якою быў зарослы кар'ер, асабліва аер і невысокія чараты, пагойдвалася, нешта там пацмоквала і пастрыквала. У адным месцы Адам налічыў шэсць спін, якія стаялі побач, то знікаючы, то выплываючы, быццам лавілі мяккія промні позняга сонца. Калі ён вяртаўся да матацыкла, каля адной з выспачак раптам соладка і гучна лапатнула, і белабокі лапаць ледзь не выскачыў на бераг. Ахнуў з берага Балвановіч. Адам пабег, але карась, памагаючы сабе шырокім хвастом, марудна, перад самым яго носам, споўз у ваду і схаваўся ў аеры.
— Іван! — ціха смяяўся Шкапіч. — Яны ж у мяшок не паўлазяць!..
Падышоў Іван з сачком, але з сачком тут і совацца не было чаго — трава... Параіўшыся, у самой гэтай радзе ўжо адчуваючы асалоду, яны вырашылі ўжыць даўні, дзіцячы спосаб — перагароджваць кар'ер на невялікія, у метр-два, канаўкі і лавіць рукамі. Нацягалі з лесу галля, гнілых камлёў, перапнулі кар'ер перш напалову, тады — на чатыры вузкія «катухі»; пачалі дзяліць іх на яшчэ меншыя — і тут пайшло!.. Балвановіч лаівіў сачком, Шкапіч сеў у ваду на калені і прыціскаў карасёў рукамі да дна, выцягваў са шчылінаў паміж загарадкамі...
Ды вось: чым больш набіваўся мех, чым лягчэй з кожнай новай перагародкаю станавілася лавіць, тым больш неяк прападаў азарт, адплывала радасць, і ўжо Адам, схамянуўшыся, злавіў сябе на: «Калі б яшчэ ў сям'і ўсё было добра, як было б усё добра цяпер і шчасліва!..» Тым часам цямінець пачало ўжо, туманок налазіў, камары зазвінелі... Выбраліся, несучы ўдвух мех, на бераг, да матацыкла, абмыліся, расклалі невялікі агеньчык. Балвановіч дастаў сала, хлеб, цыбуліну і пляшку самагонкі.
— Разумны чалавек і п'яны разумны, — заўважыў ён, калі Шкапіч выпіў і перадаў яму чарачку. – Я п'яны намнога раўней еду, чым цвярозы, і ні разу не было ніякіх аварый. Будзь здароў!
Яго твар быў барвовы ад вогніку, круглы, спакойны, малады: і ясна, што не хваліўся і не брахаў Балвановіч — не толькі гэтую чарачку, а пляшку без закусі вып’е з рыльца ўчастковы, толькі крэкне, і не скажаш па ім.