Выбрать главу

Раз пазасыпаліся ўжо на такой легкаце, дык Кэтрын з яе грамадскімі навукамі і Бог наказаў. Яна праляцела на першым пытанні — што б яна лепш выбрала: матэрыяльныя даброты ці галоснасць і дэмакратыю? Пытанне патрабавала разгорнутага адказу. Напрыклад, можна было сказаць: «Так, матэрыяльная база іграе важную ролю ў жыцці чалавека, але не яна галоўнае, і прыкладам таму — застойны перыяд, калі ўсяго хапала, але людзі задыхаліся ад уціску галоснасці...» і г. д. Можна было, на крайні выпадак, сказаць, што не пашкодзіла б і спалучэнне гэтых двух — матэрыяльнага і духоўнага — раз ужо «дэмакратыя». Але Кэтрын вырашыла і на гэты раз праскочыць сваім любімым, выпрабаваным спосабам — смеласцю. Яна прыкінулася праставатай дурнічкай і заявіла: «Я выбрала б застой — поўныя магазіны ўсяго, і танна!» Міхлін аж задыхнуўся і дрыготкай рукою паставіў ёй яе двойку, як заолагу, не адзінку, як анатаму, нават не нуль, а — крыжык, які абазначаў, што настаўніцай яе не возьмуць ні ў адну навучальную ўстанову.

Хваліць застойны перыяд у 199... годзе было прыкладна тое самае, што ў трыццатых гадах царскі рэжым.

– ...Вы што, не маглі сказаць — жывот адно, а галоснасць — зусім іншае, вышэйшае? — Дырэктар саскочыў з падаконніка і аказаўся аднаго з Кэтрын росту. — Што жывот можна і падцягнуць, а без газеткі...

– Сама не захацела. Стамілася.

– I куды цяпер? — яшчэ цішэй, чым першы раз, паўтарыў дырэктар.

– А хоць на панель. А што, я яшчэ — ого! — I настаўніца ў доказ, што яна ого, рэзка і высака падцягнуўшы сукенку, ставячы ногі як спутаныя, прайшлася ад падаконніка да дзвярэй, потым — да крэсла за дырэктарскім сталом і села, закінуўшы нагу на нагу. — Ну, як? Многа не дадуць, ды з голаду памру. Ёсць, я ведаю, мужчыны, якім больш падабаецца з трыццацігадовымі, чым з якімі смаркачкамі.

– Я таксама ведаю гэты стары прыём, — глуха сказаў дырэктар, які стараўся цяпер не глядзець на настаўніцу. — Так звычайна няверныя жонкі ловяць... ці лавілі, не ведаю, цяпер, .відаць, нават пра гэта трэба гаварыць у мінулым часе... сваіх мужоў. Ах, ты не можаш дараваць мне слабасць мінуты? Добра, мы разводзімся, але ведай, што я пайду па руках. Ты хочаш гэтага? Ты згаджаешся мяне кінуць? Хочаш, каб розныя... рабілі з тваёй жонкаю тое і тое? А ў мяне сваёй волі няма, са мною кожны можа рабіць, што захоча!..

Кэтрын успыхнула і марудна абцягла сукенку.

– Вы так кажаце, Эджэн Стэпалтавіч, быццам я сапраўды вам жонка, — ціха прамовіла яна. — А я ж толькі сёння, калі ўбачыла, што я для вас нешта значу... Што вы не хочаце, каб мяне тут не было...

– Толькі сёння? — перапытаў, наліваючыся чырванню, Расолька і раптам крыкнуў: — А тое, што я з-за вас сяджу тры месяцы ў гэтым гадзючніку, вы не ведалі?! Што, каб бачыць вас, сустракацца з вамі, я, замест таго, каб біць гэтых неданоскаў лінейкаю па вушах, цярплю іхнія атэстацыі, даказваю сваю лаяльнасць іхнім радам, іхнім дэмакратыям? Што я, як лёкай, дазваляю зваць сябе нейкім Гаджэнам, калі я беларус, я...

У дзверы моцна пастукалі. Кэтрын, якая не зводзіла з дырэктара шчаслівых вачэй, уздрыгнула і ўстала.

— Я сам, — астываючы, сказаў Расолька, падышоў і пстрыкнуў замком.

У кабінет моўчкі па чарзе зайшлі мужчына з тубусам, жанчына з кошыкам, разадзетая як артыстка фальклорнага ансамбля, і трэці, у скураной кепцы, зачыніў за сабою дзверы на замок.

Мужчына з тубусам дзелавіта спытаў у Расолькі:

– Дырэктар?

– Быў, — спакойна адказаў Расолька.

– Дык гэта ты разваліў школу? — не то спытаў, не то канстатаваў госць.

Фантазія III: ДЖЫНСАВЫ

Невядома, пра што вялася размова ў дырэктарскім кабінеце, але калі праз гадзіну Расолька выпускаў сваіх гасцей, ён свяціўся ад радасці.

— У сем, Яўген Сцяпанавіч, — паціскаючы яму руку, казаў Кепка, — роўна ў сем. Так што сядайце на тэлефон.

— Не люблю гэтага «сядайце»...

– А, вы ў гэтым сэнсе! — засмяяўся Кепка. — Нічога, усё будзе добра.

– Я пазваню, — шапнула, выходзячы, Кэтрын, і дырэктар удзячна кіўнуў ёй.

Дачакаўшыся, пакуль усе павыходзяць, Расолька пастаяў трохі пасярод кабінета, затым падышоў да падаконніка, на якім стаяў тэлефон. Выпадкова гля-нуўшы ў акно, ён аж прысеў, асцярожна выглянуў другі раз і пераканаўся, што памылкі няма. На дарожцы каля ганка размаўляў з сямікласнікам Міхліным стары дырэктараў знаёмы, журналіст Я. Прэсавіч.