— Вер пасля гэтага, што няма Бога, — філасофстваваў, натыкаючы на ражэньчык сала, Балвановіч. — I ўсё, столькі радасці стварыў для такіх чартоў свінячых, як людзі — і самагонку, і кар'еры з рыбаю, і сала з агнём... Быўшы Богам, ні чарта не даў бы! Павыганяў бы з раю, а там — трава не расці, хоць падыхайце.
— Са мной якраз так і робіць твой Бог, — горка атрымалася ў Шкапіча.
Балвановіч зразумеў па-свойму.
— Што, зноў поўзае? – насцярожыўся ён.
— Ды не... Тут іншае... Заўсёды не хочацца верыць, а пра нейкія здагадкі што дарма малоць?..
Так і не заладзілася шчырай гаворкі, і гарэлка не памагла.
У Локцевічы ўязджалі недзе а палове на дзесятую. Шкапіч, ведаючы, што бібліятэка зачыняецца ў дзевяць і жонка павінна ўжо быць дома, даволі спакойна слізгануў позіркам па цёмных вокнах Дома культуры, каля якога праязджалі. Ён нічога не паспеў падумаць, калі на прывакзальнай плошчы, ля асветленага газетнага кіёска, убачыў Тамару і незнаёмага хлопца ў белай кашулі. Незнаёмеца відаць было са спіны, але па адной толькі постаці можна было вызначыць — такія ў Локцевічах не водзяцца.
Матацыкл праляцеў побач з кіёскам, і зрабілася замест болю, трывог і страху на душы — пуста.
За гэты месяц Тома Шкапіч «ірасцвіла і запахла». Так казалі пра яе ўсе ў бібліятэцы, усе знаёмыя.
Недарэчны выпадак з Холадам, з яго няўдалай спробаю помсты ўнёс у яе сямейнае жыццё на першы погляд няўлоўныя, а на справе — глыбокія перамены. Тамара, якая і раней адчувала сваю ўладу над мужам, але разам з тым трошкі і пабойвалася, паважала яго — павагаю жанчыны, якую выбралі ў жонкі, — пасля выпадку з Холадам убачыла, што перамагла мужа; адпаведна, адчуванне ўлады паболела, а павагі і тым больш боязні паменела. Яна зразумела, што муж настолькі кахае яе, настолькі баіцца адзіноты, што можна смела яшчэ больш расшыраць сферу дыктавання яму ўмоў.
Найперш пачало праяўляцца гэта ў побытавай драбязе: калі раней яна бурчэла на Адама, што той робіць бабскую справу — падмятае, замочвае бялізну, прасуе, — дык цяпер пачала ўспрымаць гэта, як так і трэба.
Сам таго, відаць, не жадаючы, Холад разварушыў у ёй жаноцкасць, але не лепшую, не тую, калі любяць мужа і бягуць пасля працы дадому, а горшую — калі хочацца волі. «Раз Холад мяне замужнюю яшчэ так кахае, што збіраецца нават помсціць, — значыць, рана сябе тапіць у сямейным балоце, значыць, я пакуль што — Жанчына, а прызначэнне Жанчыны на зямлі — падабацца», — такія ці вельмі блізкія да такіх думкі, дзякуючы яе нефізічнай, сядзячай працы, гулялі ў ёй, як хацелі.
Галоўнае ж, што прымусіла Шкапічаву жонку «расцвісці і запахнуць», было з'яўленне ў бібліятэцы новага чытача. ЁН запісаўся ў часовы, летні абанемент, як студэнт інстытута замежных моў — прыехаў з Мінска да сваякоў на канікулы. Высокаму, хударляваму, з іголачкі апранутаму, з прыгожымі, мяккімі вачыма і інтэлігентнай усмешкаю, яму падышло б прозвішча, можа, Сапега, ці Радзівіл, а ён быў проста Грышко. Хоць прозвішча трохі прызямляла яго. Пра такіх жанчыны мараць.Усё ў Грышко было пры ўсім — і знешнасць, і цяперашняя вучоба, і наступная праца — вядома ж, у консульстве за мяжою ці перакладчыкам у самых важных асоб...
Прыходзіў Грышко звычайна пад вечар, гадзін у сем, прасіў газеты, часопісы на англійскай мове, праглядаў іх, рабіў пазнакі. Томе ён прысніўся ў першую ж ноч. Вядома, не такая яна была дурная, каб на нешта разлічваць, але ж!.. Спачатку ёй здавалаоя, што Грышко такі ветлівы, жартаўлівы з ёю, бо і яна ветлівая з ім: усміхаецца ў адказ, хутка прыносіць заказанае...
Але неўзабаве жаночае пачуццё ўсё расшыфравала: малады прыгожы чалавек прывык да жанчын, цяжка пераносіць вымушаную адзіноту і ўбачыў у ёй жанчыну, якую будзе лёгка дабіцца, даступную.
Самае большае, на што яна магла разлічваць — гэта палавая сувязь, мінутнае, грэх. Яна цудоўна ведала гэта, але супраціўляцца і не збіралася. «Пафліртую, а мяжы пастараюся не пераступіць...»
Адным вечарам Грышко прапанаваў правесці яе. Яна згадзілася. Размова была кароткая, ні пра што, але Тома і так слухала праз слова, адчуваючы, як на іх пазіраюць местачкоўцы, як яны, Грышко з Тамарай, мабыць, гарманічна глядзяцца збоку.
Грышко не ламаў з сябе немавед каго, спакойна расказваў, што сам з вёскі, звычайны сялянскі сын, проста пашэнціла на добрага настаўніка замежнай мовы; сам ён не лічыць сваю вучобу і будучую спецыяльнасць нечым сур'ёзным, бо сапраўднае, ён лічыць, толькі фізічная праца.
Два вечары праводзіў яе Грышко ледзь не да самых дзвярэй кватэры, і Тома дзівілася, што дазваляе сабе гэта, што ніякай віны парад мужам не адчувае і ў паміне. Трэцім разам яны ішлі даўжэй, чым звычайна, спыніліся каля кіёска на прывакзальнай плошчы. Гаварылі.