— Не ведаю, чаму мне так лёгка з табою, — шчыра казала Тома, — быццам я даўно-даўно цябе ведаю.
— А мне ехаць хутка...
— Ну, і едзь на здароўе. Нябось чакаюць у Мінску не дачакаюцца!
— Ды ніхто мяне нідзе не чакае. Але ехаць ужо хочацца. Восень, бульба, потым — практыка за мяжою...
— Бульба? Ты паедзеш на бульбу?!
— А што я, лепшы за ўсіх?
— Ведаю я вашу бульбу... Сама колісь ездзіла маладая, незамужняя... Нябось дзеўкі (яна так і сказала — дзеўкі) шыю намуляюць, чапляючыся!
— Том, ты што — раўнуеш? — уразіўся ён. – Замужняя жанчына... Вось жаніся пасля гэтага. Аказваецца, жонкі вось якія!
— Каб раўнаваць, трэба мець на гэта нейкія правы... Але хопіць, не хачу пра гэта. А за мяжу куды?
— Калі пашэнціць, дык у Англію. Але наўрад ці. Я не выдатнік.
Яна не стрымалася:
— А ведаеш, ты вельмі мне падабаешся, вельмі! Хоць бы тым, што ведаеш жанчын. Другі на тваім месцы абавязкова схлусіў бы, што толькі ў Англію... А ты — актор. Я ўпэўнена, што ты цудоўна вучышся, адзін з лепшых, і паедзеш на практыку, вядома ж, па самым прэстыжным адрасе, але ты знарок не выстаўляешся, каб не адчувалася розніца паміж намі. Я цудоўна бачу гэта і цаню.
— Тома, ты, далібог, мяне пераацэньваеш! Я да такіх абагульненняў яшчэ не дарос... Хоць, сапраўды, мне часамі здаецца, што цябе я ведаю аж залішне добра, ведаю, якіх слоў ты ад мяне чакаеш... З талковым гледачом лёгка быць і харошым акторам. Мне таксама цікава з табою, — казаў Грышко ўжо сур'ёзна, нахіляўся да яе, і Тома п'янела ад водару яго адэкалону. — Ты хлусіш, ты — не правінцыялка... Сярод мінчучак мала такіх знойдзецца! Хочаш, заходзь у госці? Ці я да цябе? Як твой муж працуе?
— Муж заўсёды працуе, — сама не ведаючы, што, шаптала яна. — А як... у госці?
Грышко смяяўся, пільна на яе паглядаючы:
— Ну, як жанчыны да мужчын ходзяць у госці. Я жыву адзін.
Тома маўчала, а маўчанне, як вядома, тое самае, што і згода...
Тут і праехаў матацыкл. I Адам глядзеў на іх.
— Муж мой паехаў, — спакойна сказала Тома.
Яна вярталася дамоў у тым спакойна-абыякавым настроі, які невядома адкуль узяўся.
«Раэвод? Калі ласка! Ніякага кахання, цяпер гэта ясна, не было. Біць будзе? Смешна — хай толькі паспрабуе».
На ўсю кватэру смярдзела рыбаю. У калідорчыку ляжаў мокры мех, ад якога па даматканым палавіку распаўзалася цёмная пляма. Муж, не пераадзеты, выскачыў з ванны і, трасучы мокрымі рукамі, плаксіва закрычаў ёй у твар:
— Так?! Кідай, кідай калеку, раз не баішся Бога! I я, не думай, больш маўчаць не буду!.. Толькі не цябе буду прасіць, а тых, з кім ты цягаешея! Яны мяне хутчэй зразумеюць, чым ты!..
Самагонны пах ад яго (не Грышковы адэкалон) перабіваў нават рыбіны.
— Ад цябе нясе, — груба, адчуваючы палёгку ад таго, што муж п'яны, выціснула Тома.
Яна грэбліва, стараючыся не крануць яго нават выпадкава, прайшла на кухню, каб адчыніць фортку. Адчыніла і раптам ускрыкнула.
— Што, што?! — падбег муж.
— Холад! — паказвала ў акно жонка. — А я ж думала, знік... Я ж зараз сама з табою пагавару! Чакай...
Але пакуль Тома збягала са свайго чацвёртага паверха, Холада і след прастыў.
Холада быццам падмянілі.
Цётцы ён сказаў, што ўладкаваўся на часовую працу, вартаўніком, таму дома бываць будзе рэдка, а ў канцы лета з'едзе зусім. З прымаком перастаў вітацца і не толькі не даваў больш ключы, а нават памяняў замок. «Жыць я буду тут, колькі захачу, есці — асобна, ключы больш ніхто не атрымае», — сказаў ён прымаку, і той, здзіўлены, а можа, і напалоханы новымі інтанацыямі ў ягоным голасе, змоўчаў.
Часта да Холада пачаў прыходзіць нейкі сябар, прыгожы малады чалавек, выкшталцаны, з іголачкі апрануты, усё тут ведаў — ні ў кога нічога не пытаючыся, смела праходзіў цераз двор у хатку.
Аднойчы пад вечар прымак з цёткаю паехалі на вёску да прымаковых бацькоў. Кватарантка прыбралася, надзела сваю лепшую, празрыстую ў блакітны гарох, сукенку і пайшла да хаткі. У хатцы гарэла святло. Яна пастукала ў акно.
— А... Арцень ёсць? — разгубілася яна, убачыўшы, што адчыніў дзверы Холадаў сябар, якога яна баялася і не любіла — хоць бы за адно тое, што не паздароваўся з ёю ні разу, пазіраў так, быццам яна не чалавек.
— Праходзьце, — адступіў убок малады чалавек.
Кватарантка зайшла, падумаўшы, што Холад у хатцы. Зайшла і ціха ахнула.
Спускалася са столі пірамідальная крышталёвая люстра; бязладнай горкаю на стале ляжалі апельсіны, яблыкі, памідоры, гуркі, зялёная цыбуля, ананас, вінаград і персікі, і тут жа — палка непарэзанай каўбасы і кавалкі сыру, асобна — некалькі пузатых пляшак розных памераў, адкрытых і непачатых, з бліскучымі – у вачах стракацела – этыкеткамі на рыльцах... Такое кватарантка бачыла толькі на каляровых уклейках ці на вокладках у часопісах.