— Холад зараз прыйдзе, — усміхнуўся сябар.— Давайце пасядзім трохі... Сумна аднаму... Холада чакаць. Давайце ўвогуле знаёміцца. Вас я ведаю — Холад расказваў — Ліда завуць? А я — Грышко.
Ён схіліўся і пацалаваў кватаранцы руку, падвёў да крэсла. Пачырванелая, шчаслівая, яна ахвотна прысела. Такі быў нудны вечар, адной, каля абрыдлага тэлевізара, і раптам — з карабля на баль... Грышко прысеў насупраць, да краёў наліў высокія фужэры. Кватарантка, як ні была спрактыкавана ў мужчынах, адчула, што ў яе па спіне прабег халадок — настолькі ён быў прыгожы ў рухах, бездакорны.
Грышко сказаў тост:
— Ну, што — спачатку вып'ем за людзей, потым — за 6...й.
І выпіў да дна. Кватарантка зразумела, што і выканне, і цалаванне ручак — гульня, акторства. Яе пазвалі, каб паздзекавацца.
— Я ўсё зразумела, — сказала яна, ставячы на стол фужэр.
— Так? — Грышко закусваў вінаградам. — А нашто табе Холад быў?
Яна паднялася, абцягнула сукенку, ступіла да дзвярэй, але вырашыла яшчэ затрымацца:
— Перадайце Арценю, што прымак піша на яго ў міліцыю. Што ў яго грошы немавед адкуль, жыве без праіпіскі, невядома дзе працуе...
— Дык так і ёсць. Ён усё правільна піша... Пачакай...
Грышко раптам апынуўся блізка, схапіў кватарантку ў ахапак і сілаю пасадзіў на месца. Яна, спалоханая, і не супраціўлялася.
— Гад твой прымак, — сказаў Грышко, стоячы над ёю. — А ты спіш з ім. Тады спі і са мной.
— Я зараз закрычу!
— Паспрабуй. А зрэшты, рабі што хочаш.
Ён сеў, наліў сабе зноў, выпіў, потым падняў на яе п'янаватыя, з мяккім бляскам, прыгожыя вочы.
— Пасядзі, — сур'ёзна папрасіў ён. — Я не буду больш цябе крыўдзіць. Абяцаю. Так хочацца пагаварыць з чалавекам, які не ламаецца, не брэша, як усе!.. Можа, ты мне спадабалася, і я сапраўды хачу пераспаць з табою. Ці нават жаніцца?
— Не атрымаецца, — усё яшчэ насцярожана сказала кватарантка. — Я што, дурная, з такімі, як вы, спаць?
— Чаму?
— А не люблю прыгожых. Можа, каму і падабаюцца, толькі не мне.
— А Холад табе падабаецца?
— Холад падабаецца, — смела падняла яна вочы.
— Ліда, я ж лепшы, разумнейшы, прыгажэйшы і за прымака, і за Холада! Ты што, хіба не бачыш розніцы? Ці для вас, б...й...
– Вы ж абяцалі!
— Добра, больш не буду. Ліда, давай расказваць адно пра аднога як на споведзі, як лепшыя сябры. Хочаш? Цябе ж да мяне сексуальна не цягне — значыць, можна быць са мною проста як з сяброўкаю.
— Яшчэ што! I так плёткі розныя... I няма чаго расказваць. Я чалавек просты: пазавуць, нальюць— вып'ю, пагоняць — пайду...
Кватарантка, нібы ў пацвярджэнне, выпіла і пачала закусваць персікам. Грышко паклаў на стол локці і апусціў на іх галаву.
— Добра, Ліда, — сказаў ён, пазяхнуўшы, — хопіць. Ідзі. З табою яшчэ больш сумна.
Кватарантка выскачыла з хаткі, радуючыся, што ўсё так лёгка для яе скончылася. Можна ўявіць, чаго Холад пра яе панарасказваў, калі кожны стрэчны-папярэчны пра ўсё ведае! I яна яшчэ прыбегла, дурніца, яго папярэджваць...
Але самае дзіўнае, што ў глыбіні душы ў яе было і задаваленне, што вось і яна — не рэч, не кавалак дрэва, а і пра яе нешта расказваюць — няважна што.
Застаўшыся адзін, Грышко выпіў вялікую чарку каньяку, закурыў. На дварэ пачуліся галасы. Ён прайшоў у большы пакой і адхінуў ражок фіранкі. У прыцемках відаць быў нейкі мужчына, што размаўляў з кватаранткаю і тая паказвала яму на хатку. Грышко выйшаў на ганак. Кватарантка адразу знікла. Мужчына не зводзіў з яго вачэй. Грышко падышоў бліжэй.
— Калі вы да Холада, ён хутка прыдзе, я сам чакаю. Можам разам пачакаць.
— Я да цябе, — глуха сказаў мужчына.
— Мне вельмі прыемна. Грышко, — працягнуў ён руку. — А вас я таксама трохі ведаю — Адам Шкапіч, ці не так?
Шкапіч раптам схапіў яго загрудкі і пацягнуў да дзвярэй у хатку.
— Хадзем! Пагаворым!.. — крычаў ён, на галаву за Грышко ніжэйшы і ў два разы шчуплейшы.
Грышко пакорліва дазволіў давесці сябе да калідорчыка. Там ён ўдарыў Шкапіча па руцэ і вызваліўся.
— Спакойна, пакрыўджаны муж, — мармытаў ён, заломваючы Шкапічу за спіну сухую руку. — Скакаць на мяне не раю — прайграеш...
ён выштурхнуў Шкапіча ў пакой. Шкапіч стаяў збялелы. Невядома было, а чаго ён увогуле чакаў і што хацеў зрабіць з чалавекам, яўна мацнейшым за яго фізічна?
— Помсты не атрымаецца, папярэджваю яшчэ раз, — прамовіў Грышко, сочачы за ім. — Чаго прыйшоў?