Выбрать главу

Шкапіч склаў кулакі і прыціснуў да грудзей.

— Не баюся цябе! Бі! — закрычаў ён. — Ты гадзіна! Няўжо табе мала баб?! Чаго ты да Томы прычапіўся?!.

Грышко ўздыхнуў, стоячы наліў сабе чарку і выпіў. Такія яго паводзіны абнадзеілі Шкапіча. Як і большасць слабых людзей у хвіліны небяспекі, ён адчуваў, што крык — лепшае і адзінае нападзенне і адначасова абарона.

— Бі! — крычаў ён плаксіва. — Можаш хоць забіваць тут! Каньяк п’еш! У цябе, у такіх, як ты, усяго поўна! А мне? — ён падсунуў Грышку пад нос скалечаную руку, сухую, маленькую, як у пяцігадовага дзіцяці. — Жыць не хачу, можаш забіваць тут!..

— Адам, — ціха сказаў Грышко, — не распаляйся. Так ты толькі сам сябе шкадуеш і плачаш. Сядай, выпі, закусі...

Замест адказу Шкапіч плюнуў на стол. Гэта адначасова і супакоіла яго, і напалохала. ЁН адчуў, што выгаварыўся, ногі яго аслабелі і ён прысеў.

Грышко спакойна, як нічога не здарылася, згроб вінаград і персікі на падлогу.

— Налівай сабе сам, пі, — пакручваючы ў пальцах чарку, сказаў ён. — Я не такі, як ты думаеш. I слоў такіх не заслужыў. Ну, сам разваж: калі б (Шкапіч уздрыгнуў) яна кахала цябе так, як ты яе, хіба ў мяне нешта атрымалася б? Не я, знайшоўся 6 іншы. Гэта проста не тая жанчына, што табе трэба.

— Давай гаварыць цвяроза, — працягваў ён. — Я табе не вораг, а саюзніік. У мяне з тваёй жанкаю нічога не было. I не будзе ніколі. Проста Холад... ну, мой сябар, расказаў мне гэтую гісторыю. І якую ролю сыграла ў ёй твая Тома. I мне захацелася памагчы сябру. Проста цікава стала – а што, калі яе паставіць на месца Холада?

— Так і ведаў, што без Холада тут ніяк, – Шкапіч паглядзеў на пляшкі. — Налі мне, – папрасіў ціха.

Дзіўна, неяк не па-славянску (напісаў бы Дастаеўскі) выглядаў гэты малюнак: падмануты, няшчасны муж і шчаслівы палюбоўнік за пляшкаю каньяку. «Прыйшоў помсціць!» — горка думалася Шкапічу.

...I дваццаць хвілін, і паўгадзіны прайшло, а яны не разыходзіліся.

— Бачыш, — расказваў Грышко, — Холад гэты... Ён крыху не таго. Убіў сабе ў галаву, што жаночая здрада — зло...А я яму хачу даказаць, што жанчыны ўвогуле не людзі, яны – іншапланецяне, у іх іншыя мазгі...

— Ну, добра, а я чым вінаваты? – мала разумеў, гнуў сваё асалавелы Адам. – Як жыць такому, як я, сярод такіх, як вы?.. Ды для мяне з тых гадоў, калі зразумеў, што жанчыны мне недаступныя, яны ўсе парабіліся багінямі...

— Я бачу адно выйсце. Яны тады шоўкавыя, калі мужчына вышэйшы... У сэнсе, калі ў яго ёсць выбар. Яшчэ інакш – калі ён не так моцна, як, скажам, ты, кахае. Яшчэ лепш – калі ніяк не кахае. Трэба паставіць тваю жонку ў залежнасць ад цябе...

— Як?! Навучы! Век Бога за цябе буду маліць, калі яна цябе разлюбіць і да мяне вернецца!..

— Добры ты, Адам...

XIV.

Бывае, перад якойсьці малой ці вялікай радасцю: сустрэчай з каханым чалавекам, пераездам на новую кватэру, паступленнем у інстытут, пакупкай нечага новага, даўно жаданага — успомніцца раптам такая дрэнь, штосьці такое кепскае, якое некалі з табою здарылася, і так шкада сябе зробіцца ранейшага, так захочацца вярнуцца ў той чорны дзень, каб падбадзёрыць сябе таго: «Не сумуй — усё мінецца, усё будзе добра! Я ведаю, я — з будучыні!”.

Тома ішла на спатканне з каханым, упершыню за ўсё жыццё па-сапраўднаміу каханым чалавекам; яна ведала, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе іхняе апошняе спатканне, як здагадвалася і пра тое, чым яно можа скончыцца, — але ні на міг ні аб чым не шкадавала, бо даўно ўжо здрадзіла мужу ў душы.

Быў ліпеньскі ранні вечар. Вуліца пахла цяплом, таполевым пухам і ледзь улоўна, прыемна — цеплавозным дымком і мазутам. Тома ішла марудна, знарок адцягваючы сустрэчу, і — упершыню за апошнія гады вярталася думкамі да сваіх чорных дзён, суцяшала і шкадавала сябе...

Што й казаць — мала добрага ўспаміналася. Бацька іх — Тому з меншай сястрою — кінуў яшчэ малых, матка піла, плакала, лаялася, біла іх... Ужо ў шостым класе сяброўкі неяк пазвалі яе на гуляінку “на хату», дзе была музыка, выпіўка, хлопцы са старэйшых класаў, і яна — дзіця дурное — піла, і курыць вучылася, і лезла, ап'янелая, да ўсіх цалавацца, а потым звалілася пад стол і прыйшла да памяці толькі раніцаю — голая, на падлозе... Яна нават не ведала, калі і хто яе ссільнічаў. Сяброўкі папярэдзілі, што хай толькі паспрабуе каму сказаць — галаву адарвуць. Яна толькі горка пасміхнулася — матка зрабіла б тое самае, калі б даведалася, яшчэ хутчэй за сябровак.

Вось Магілёў, бібліятэчгны тэхнікум, інтэрнатаўскі пакой, п'яны Коля валтузіцца з Томінай сакурсніцай на суседнім металічным ложку; Тома лезе з галавою пад падушку, круціцца, затыкае пальцамі вушы, але ўсё роўна чуе, чуе ўсе... Вось сакурсніца паехала на выхадныя, прыходзіць п'яны Коля і моўчкі, з размаху б'е яе па твары — прыдурак, яна б і так, без біцця, ад аднаго страху дала б рабіць з сабою ўсё, што яму хочацца!.. Колю з ёю не спадабалася, на наступную ноч, калі прыехала сакурсніца, Коля прыводзіць сябра, і вось ужо два металічныя ложкі жывуць, і ўжо не схаваешся пад падушку, а дыхаеш потнай чужой падпахаю... Ад такіх успамінаў не тое што да Грышко ці да Шкапіча пабяжыш, а да чорта лысага... I Тома цяпер шкадавала сябе тую, і суцяшала, і гладзіла ў думках сябе па галаве: «Не сумуй — наперадзе ўсё добра! Будзе замуства, будзе сапраўднае каханне, толькі дажыві фізічна!»