Грышко чакаў яе каля клумбы ў прывакзальным скверы. «Томачка, я забяру цябе з сабою ў Мінск!» Яна ўбачыла, што ён п'янаваты, але замест абурэння яна адчула, што такі Грышко — яшчэ больш зямны, яшчэ больш блізкі ёй.
Доўга не гулялі, пайшлі ў хатку. Люстра і стол з «нацюрмортам» прыемна ўразілі Тому, як не так даўно кватарантку. Трохі выпілі; Грышко пераліў цераз край у сваю чарку каньяк і доўга падпальваў карычневую плямку на стале, а калі яна загарэлася, калі ажыў і пачаў лізаць яе сіні язычок, сказаў: «Сіняя кветка!»
У большай хаце Тома першая села на ложак, скінула басаножкі і пачала распранацца; толькі шэптам папрасіла Грышко, каб памог расшпіліць ёй на спіне станік. Калі ён расшпільваў, Томе пачулася, што ў шафе штосьці шкрабецца.
— Мышы!— засмяўся Грышко.— Начамі спаць не даюць.
Седзячы з нагамі на ложку, ужо ў чым маці нарадзіла, яна раптам заўважыла, што Грышко як бы і не думае распранацца, стаіць у джынсах, толькі кашуля расшпіленая на два верхнія гузічкі.
— Ну? — працягваючы рукі, пяшчотна і патрабавальна спытала яна.
І зноў, падалося, рыпнула чортавая шафа.
— Я зараз, — Грышко пакусваў вусны. — Скажы, што ты цяпер адчуваеш?
— Мне цудоўна, я як у казцы...
— Мужа не згадваеш?
— Што мне муж, калі ў мяне ёсць ты, мой мілы, каханы, адзіны...
Яна ўсё яшчэ нічагуткі не разумела.
— Уяўляю, які твой муж быў бы шчасліівы, каб яго так любілі.
— А ты, мілы? Ты хіба не шчаслівы цяпер?..
— Ды мне да лямпачкі.
У яе раптам пачалі цямнець і павялічвацца зрэнкі вачэй.
— Ты... смяешся?
— Які смех. Я, далібог, не хачу з табою.
— Міленькі... я не веру! Я малю цябе! Ты нават не ўяўляеш, як для жанчыны страшна тое, што ты задумаў. Я ўсімі грахамі сваімі гэтага не заслужыла. Чытай маралі, бі галавой аб сцяну, толькі— ляж зараз са мною! Інакш... ты не мужчына. Я пракляну цябе тады.
— Помніш зіму, Том, іней такі пухнаты, кажушок твой... Бог з ім, ты мяне не дачакалася, я не за тое — я за тое, што ты і віны ніякай не адчувала... Вось і мужа ты гэтак мяняеш, як і мяне некалі... Мяне памяняла на мяне...
— Якую зіму?! Што ты вярзеш?! Ты.. ляжаш?!
Грышко выйшаў. Тома павярнулася, асцярожна, быццам у яе балелі зубы, паклала на падушку шчаку.
З пранізлівым віскам расчыніліся палавінкі шафы, і адтуль вываліўся Адам Шкапіч. Ён з нямым страхам у вачах хвілін колькі глядзеў на нерухомую, голую жонку, потым наблізіўся і пагладзіў яе па плячы. .
— Томачка, адзявайся, хадзем...
Па жончыным целе прабеглі дрыготкі. Пачыналася істэрыка...
Шкапіч кінуўся па ваду... і ў парозе аслунянеў, сутыкнуўшыся нос у нос з Холадам. Той быў у вайсковай форме, з чырвоным тварам, з мокрымі, быццам чалавек шмат працаваў і запарыўся, валасамі.
— Так, — адрывіста сказаў Холад, заглядаючы ў пакой. — Што тут робіцца? Хто пусціў?
— Гэта Грышко... — ледзь не плакаў Шкапіч, — Грышко, сябар твой...
— Не ведаю ніякіх сяброў! Зараз жа ачысціць памяшканне! Пакуль участковага Балвановіча не пазваў!
Лепш за любыя лекі падзейнічаў яго знаёмы голас на Тому, якая перш усхапілася, нацягнула на сябе коўдру, затым хуценька апранулася і следам за мужам вышмыгнула з хаты.
Холад быў п'яны і ўзбуджаны. Ён расчысціў ад закускі і пляшак палаівіну стала, дастаў з серванта згорнутую насоўку, ручку, паперу, шклянку і кіпяцільнічак, расклаў усё на стале. У насоўцы аказалася шчопаць пацярухі.
Холад пачаў пісаць: «Людзі — тыя, каму патрапяць гзтыя запісы на вочы! Я нарадзіўся...» – і адразу ж усё закрзсліў, бо сам не чытаў бы такога ўступу.
Пачаў інакш:
«...Аднойчы я нарваў кветак, але не ведаў, што з імі рабіць. Кветкі высахлі. Я пачаў іх заварваць, і праявілася люстра. Я здагадаўся, што пара ад заваркі сініх кветак матэрыялізуе рэчы. З тых часоў для мяне не стала нічога немагчымага. Я браў часопіс, газету, плакат, выбіраў тое, што мне трэба — грошы, зброю, выпіўку, закуску, любую, словам, дрэнь — і дастаткова было патрымаць жаданую выяву над парам, як праз секунды я атрымліваў тое, што хацеў. Мала таго, я мог змяняць самога сябе, сваю знешнасць. Я накрываў шклянку з заваранымі сінімі кветкамі каляровай фотакарткай з часопіса і схіляўся над парам; я адчуваў, як макрэе, робіцца сырым, нібы пластылінавым, твар... і паступова ў мяне з’яўлялася іншае аблічча, разам з тым я заставаўся самім сабою, са сваімі думкамі, сваім успрыняццем навакольнага.