Адцураўшыся браўнінга, Грышко выбраўся з-пад адразу пацяжэлага цела, выйшаў на калідор і пачаў спускацца ўніз. На лесвіцы сугыкнуўся з дзяжурным, які павёў сябе дзіўна: перш саступіў дарогу, а калі Грышко яго прамінуў, спалохана і вельмі гучна крыкнуў:
— Эй, як цябе, стаяць!
Грышко, не азіраючыся, пабег.
На двары, каля міліцыі, нікога не было. Сам будынак знаходзіўся ў завулку; Грышко тратуарам пабег да галоўнай вуліцы, але не паспеў дапасці павароткі, як ззаду ажыло, нешта крыкнулі, загырчэў матацыкл. Грышко кінуўся ў нечыя расчыненыя веснічкі, перасек дворык, потым — градамі, па нейкіх гурках, што слаба пахрумствалі пад нагамі, да плота, пералез і апынуўся на другім завулку, паралельным таму, на якім была міліцыя. Ён не паспеў нават перавесці дых, не паспеў прыкінуць, у які бок лепш бегчы, каб надурыць пагоню, як убачыў матацыкл, што заязджаў з галоўнай вуліцы ў завулак. Нечалавечы, ліпкі страх падказаў яму, што трэба перці насустрач матацыклу — ён так і зрабіў; матацыкл не паспеў развярнуцца, і Грышко выскачыў на галоўную вуліцу.
Ён бег з усіх сілаў, чуючы за спінаю роўнае тарахценне, бег паўз вакзал, паўз Дом культуры — проста да цётчынай хаты. Каля варотцаў раптам узнікла цётка, спалохана растапырыла рукі:
— Арценя няма дома!
Ён адштурхнуў яе, дабег да хаткі і ліхаманкава пачаў тармасіць клямку, як бы не заўважаючы замка; потым, калі пачуў, што каля хаты заглох матацыкл, кінуўся ў паўпустую дрывяную павець побач з хаткаю і там заціх, прыціснуўся спінаю да мулкай скірды дроў.
— У паветцы! — крыкнуў чужы голас. — Так, ты, наверх! Прадзярэш руберойд! Нікому не баяцца, зброі ў яго няма!..
Пачуліся прыглушаныя маты, потым штосьці тупнула над галавою, і ў частыя шчылінкі пасыпалася зверху пацяруха. У праёме паказалася галава ў фуражцы:
— Эй, вылазь!
— Я выйду сам, — здушана сказаў Грышко. — Толькі не біце!
— Ніхто цябе пальцам не зачзпіць!
Грышко, трымаючы рукі над галавой, выйшаў на святло. Адразу ж яго ўдарылі паленам па галаве, але ўдар атрымаўся нямоцны –усклізь. Ён рвануўся, упаў ад падножкі, і ўпаў няўдала, на спіну; паспеў толькі закрыць рукамі твар:
— Не трэба!..
З ыханнем, як колюць дровы, яго ўдарылі зноў, і зноў па галаве. Кроў лінулася неяк адразу, заліла на грудзях кашулю, зацякла ў ямкі моцна заплюшчаных вачэй.
— Адставіць!!! — пачуўся звонкі, дрыготкі ад напружання голас. Нехта саскочыў з паветкі. — Кінь палена!
Грышко расплюшчыў вочы. Трое міліцыянераў паўколам стаялі каля яго. Адзін неахвотна адкінуў пад сцяну крыва колатую, з выпуклым сукам на канцы паляняку. Перад ім на карачкі прысеў маладзенькі лейтэнант:
— Самі зможаце ўстаць?
— Вой-ё-ёй!.. — з-за спінаў выглядвала цётка і ціхенька галасіла, закрываючы ражком хусткі рот.
Побач з лейтэнанцкімі вастраносымі чаравікамі раптам сталі прымаковыя — пуцейскія, з белымі заклёпкамі па баках.
— Гаспадар? — знізу ўвесрх зірнуў на прымака лейтэнант. — Панятым будзеце!
— Та я з дарагою душою!
— Дзядзыка... Саша... — разрываючы ліпкія ад крыві вусны, адчуваючы, як западае перабіты нос, прашаптаў Грышко. — Скажыце... каб... не білі... больш...
Прымак схіліўся над ім, і Грышко пачуў:
— Шо, Холадзік, страшно?..
— Так, бярэм, — скамандаваў лейтэнант. — Сам не ўстане.
— Ану, у бакі! — крыкнуў, разгінаючыся, адсоўваючы рукой лейтэнанта, прымак. – Расступіса-а!
І з асаладаю, з размаху, як футбаліст, што дарваўся да мяча, які так зручна лёг на нагу, з усяе сілы ўдарыў Грышко ў галаву.
Недзе далёка-далёка, тоненька-тоненька пракрычала кватарантка:
— Арце-е-ень Хол-а-ад!..
I галава адарвалася і паляцела ў чорную бездань.
– Арцень Холад!
Ляснуў, заскрыгітаў замок.
Холад, у вайсковай дзембельскай форме, ляжаў на падлозе, якая смярдзела мышамі і недакуркамі, у «тэлевізары», або “малпоўні” (пакой на адну ноч, ззычайна насупраць дзяжуркі, з высокімі, пад столь, закратаванымі дзвярыма, праз якія ўсё відаць; вакон няма, і святло на ноч не выключаецца), а перад ім стаялі каржакаваты сівы маёр і дзяжурны.
— ...Учора з дзембеля, — тлумачыў маёру дзяжутрны, — пачаў на вакзале нешта на Балвановіча скакаць...
— П'яны?
— Не, не так каб.
— Адпусціце.
Холад падняўоя, дзіка азіраючыся.