— Вы... Цярэшчанка? — спытаў ён.
— Ну, я.
— Той, што на машыне ўсё ездзіць?
Маёр глядзеў на яго і маўчаў.
— Я што... забіў Балвановіча?
Дзяжурны падштурхнуў яго да дзвярэй:
— Ідзі... Забівака... Табе Балвановіч пстрычку дасць, дык касцей не збярэш!
Праз акенца дзяжуркі Холаду падалі “дыпламат” і гаДЗІННІК, ягоную «Ракету». Застрыкваючы на руцэ бранзалет, ён убачыў, што гадзіннік паказвае чэрвань-месяц і дзень ягонага прыезду ў Локцевічы з арміі.
На вуліцы яго хістала.
Што гэта было? Чаму ён адкінуты на месяц назад, да дня свайго прыезду? I што зараз? Зноў знаёмства з прымаком, кватаранткаю? Зноў ехаць на могілкі па кветкі?
Нашто?!.
Кветкі былі мёртвыя, пакуль ён не думаў пра помсту. Потым пачалі яму памагаць і ўрэшце вярнулі да... нічога. Дык што, ехаць, нарваць, засушыць і проста інакш выкарыстаць?
Дык што, помста... гэта тупік? Не мае права чалавек помсціць другому чалавеку?
...А ўсё вакол цвіло, асыпаліся з вішняў пялёсткі, з агародаў пахла сырой зямлёй і прыемна – гноем... У канцы вуліцы, каля калонкі, з пустым вядром стаяла цётка і прыкладала стрэшкаю далонь да ілба, разглядаючы, хто гэта ідзе да яе хаты...
Усё, што будзе далей, Холад ужо ведаў.
Пеля
(Апавяданне)
Гадоў сем назад здарыўся са мною выпадак, пра які доўгі час чамусьці нават успамінаць было сорамна.
Было гэта ў ліпені. Я толькі што здаў сесію за першы курс інстытута і праз некалькі дзён павінен быў ехаць у сельгасатрад, у Крым, а пакуль сядзеў у сваёй вёсцы і нудзіўся. Не ведаючы, куды сябе прыткнуць, я ці чытаў, ці ўключаў сярод белага дня тэлевізар, ці проста сноўдаўся па двары, пакурваючы, — і, далі-бог, не таму, што ў Мінску зрабіўся нейкім лодырам. У першы ж дзень я спрабаваў быў падступіцца да чаго-небудзь, хацеў перасыпаць стары плот, паднавіць паўразбураны куратнік, але ўсё аказалася такім спарахнелым, што відаць было — пацягні адно, паваліцца другое. Тут трэба было капітальнае абнаўленне, новыя шулы, жэрдкі, дошкі, трэба быў час — месяц, а то і болей, каб хоць трохі давесці ўсё да ладу, а інакш і зусім не брацца.
Мяне цягнула ў Крым, дзе я ніколі не быў, да пальмаў, кіпарысаў, мора, на магілу Багдановіча, мне хацелася, каб і «мой цень лёг на гэтыя святыя камні»... А тут? Што я, не бачыў гэтага бульбоўніку, буракоў, гэтага лесу, які падлез пад самыя соткі і ў якім я, здавалася, ведаў кожнае дрэўца?..
I толькі калі надышоў доўгачаканы апошні дзень (сімферопальскі цягнік спыняўся на пару хвілін на станцыі каля самай вёскі), мне зрабілася неяк настальгічна, сумна; зусім новымі вачыма я аглядаў двор, загоны, куратнік, да якога так і яе дайшлі рукі, — глядзеў і шкадаваў, як жывое... Я вось паеду, шмат што ўбачу, а гэтае ўсё так і будзе тут. Мне захацелася расцягнуць гэты настрой развітання, прайсціся па знаёмых мясцінах, а калі ўдасца, дык і палавіць рыбкі.
Матка была ў ягадах, але я вырашыў не пакідаць ніякай запіскі. Навошта? Гадзін у дзевяць-дзесяць вечара вярнуся, хопіць часу сабрацца, пачытаю да ночы, а потым у цягніку буду адсыпацца. Я пераапрануўся ў сваё старое вайсковае адзенне, капануў чарвякоў, запінуў у кішэню скручаную вудку і пайшоў па любімым сваім маршруце — на Ткачовае балота, якое кіламетры за чатыры.
Было гадзін шэсць вечара. Грэла мяккае сонца, лёгка і прыемна ішлося лясной, не выбітай машынамі дарогай; я злавіў, нарэшце, свой рытм: час больш не скакаў, яе цёгся да раздражнёнасці нудна, я плыў неяк суладна маім крокам. Пахі ляснога долу, верасу і чарнічніку былі ў суладдзі з птушыным шчэбетам, з нязыркім сонцам, з шорганнем кедаў па зямлі — і доўгачаканая гармонія прыходзіла і ў думкі. Я адчуваў сябе: вось я ёсць, я — жыву, усё цудоўна, я вучуся, а значыць, на некалькі гадоў ці нават назаўсёды выбраў сабе жыццёвую лінію; я прайдуся па гэтым цудоўным лесе, палаўлю карасёў, а потым цягнік паімчыць .мяне да дзівосных берагоў, пра якія столькі наслухаўся і начытаўся...
Неўпрыкмет я дайшоў да таго месца, дзе трэба было паварочваць на балота, але нідзе не аказалася ні сцежкі, ні ходу, ні следу. Я чуў, што балота амаль высахла, але каб так, што нават дарогі да яго пазарасталі... Паўсюль быў самы звычайны лес, з ягаднікам, з высокімі кустамі буякоў. Не без страху — помню, колькі тут было гадзюк, — падзёрся я праз гэтыя буякі і неўзабаве набрыў на палянку, дзе мы колісь, малымі, калі ездзілі «лісапетамі» на рыбалку, палілі вогнішча і абедалі. Пазналі не вочы, а ногі, яны самі спыніліся. Вось тут некалі быў бараг, ад гэтай бярозы пачыналася вада, і мы закідвалі адсюль вуды... Цяпер толькі высахлы суцэльны мох пад нагамі паказваў, што я не заблудзіўся, што некалі тут было балотнае дно. Я пайшоў па гэтым імху далей, бярозкі пакрысе радзелі, трава гусцела, усё больш пачало трапляцца сухастояў, аж пакуль не ўбачыў авальную, дыяметрам у кіламетр, нізінку, усю ў купінах, парослую асакою і сям-там крывымі нізенькімі дрэўцамі. Ад такога вялікага некалі балота засталася, як у нас называюць, пеля. 3 усіх бакоў ціснуў на гэтую пелю лес, наступаў, займаў яе тэрыторыю, і было відаць — яшчэ некалькі гадоў, і пелі — хана.