«Як жа я прайшоў?! Я ж сюдою прабіраўся! Спакойна, тут адно — не трэба панікі!»
Я, як мог, абчысціўся, абмыўся ржавай вадою і пачаў аглядацца. На тым шляху, якім я дабіраўся да астраўка, цяпер чарнела гразёю ямка, і ў гэтай гразі, нікуды не ўцякаючы, ляніва плюхалі мае карасі. Ну, нічога. Ісці, дзякуй Богу, ёсць кудою — на ўсе два бакі: злева — пеля, прама — ямка...
На гэты раз я пайшоў асцярожненька, прабуючы купіны, тыркаючы наперад палкаю. Раптам метры праз тры купіны зніклі і адкрылася роўная, зарослая зялёнай траўкаю, дарога. Палка лёгка прабіла гэтую дарогу і боўтнула.
Вось гэта было ўжо сур'ёзна.
Я ўявіў сабе план гэтай пасткі, і на лбе выступіў халодаы пот. Я стаяў у самым цэнтры пелі. Вакол досыць шырокай паласою, дзе адкрытая, дзе закрытая зверху машком, была багна. Яна была ў форме падковы з вельмі вузенькім прасветам паміж краямі. Сюды мне неяк удалося прайсці гэтым прасветам, а цяпер ямка, з якой толькі што вылез, злучыла краі.
Магчыма, былі яшчэ хады, магчыма, было нейкае вузкае месца, якое можна было пераскочыць ці нават пераступіць — але калі б гэта было ўдзень! А цяпер, калі не бачыш далоні перад носам?..
Яшчэ пра гадзюку можна было падумаць, што так, выпадак... Але калі ўсё разам, адно на адно — гэта ўжо нешта больш сур'ёзнае, недаацэненае; быццам некаму не хочацца мяне адсюль адпускаць...
Ужо не было відаць ні вады, нічога. Я сядзеў пад алешынкаю, на астраўку, аб'едзены камарамі, атупелы, і мне здавалася, што гадзюка ззаду пракусіла мне спіну і смокча кроў. Я ўстаў — калі была б гадзюка, адчуў бы цяжар, — памацаў. Тоўстая п'яўка, як шына, скручаная ў шар, цёплая, рабрыстая... 3 нагі адарваў яшчэ дзвюх.
З'ездзіў у Крым, палавіў рыбкі, прайшоўся па лесе! Далёка ўжо мой цягнік.
Каб я так папаўся дзесь далёка, ды хоць бы дзе каля суседняй вёскі — быў бы адчай, была б агіда, але адчування нейкай трагедыі не было б. А гэтыя ж мясціны я ведаў з маленства, любіў іх і думаў заўсёдьг, што і яны мяне любяць, лічаць сваім. Не было тут сцежкі, па якой бы я не хадзіў — у грыбы, у ягады, ставіць сок з бярозаў; каля гэтых пеляў зімою і летам мы секлі дровы, ганялі сюды тавар... Я ніколі не чуў ніякіх страшных гісторый, з гзтым балотам звязаных, і не баяўся яго ніколі...
Стаяла ноч.
Час ад часу я ўсхопліваўся, хапаў палку, кідаўся то ў адзін бок, то ў другі. Палка лезла ў прорву. Твар распух ад камароў; ад іхняга звону, ад густога балотнага паху, ад укусаў п'явак і ад нерваў у мяне кружылася галава. Чужым, сіпатым голасам я пачаў гаварыць да балота:
— Ты хочаш, каб я тут здох... Але я выжыву, мне дроста омешна!.. Я ж усё роўна за гэтую ноч не змянюся, ніяк яна на мне не адаб'ецца... Ты папсуеш матцы здароўя за гэтую ноч, паламаеш мне лета — вось і ўсё, самае большае... Нават і лета не паламаеш — я знайду занятак, хоць платы параблюі I я плюю на цябе, смурод, гадзючнік – мала вас паасушалі!.. У мяне яшчэ ўсё наперадзе, я ўбачу новыя гарады, новае жыццё, — я буду жыць, а ты — смярдзець тут, зарастаць, пакуль не высахнеш к чорту!..
У адказ мне толькі звінела, чмокала, булькала, і калыхаўся такі густы туман, што яго відаць было нават у цемры.
Раніца надышла надзіва хутка. Ужо ў сярэдзіне ночы без сонца пачало святлець, паменела камароў, зашчабятала птушка. Я змог разглядзець ваду, свае ногі, кусты. Пасярод пелі плавала вудка, ад якой разыходзіліся дробныя хвалі - - карась тармасіў... Здранцвелымі нагамі, паўз саменькую ваду, каля ямкі, якая ўчора ледзь не стала маёй магілаю, я выбраўся на свой учарашні след і хутка быў ужо на сухім беразе. На пелю мне не хацелася нават азірацца...
Цяпер, праз пэўны час, ужо не сорамна ўспамінаць, як каля самай сваёй хаты ўмудрыўся заблудзіцца і ледзь ацалеў. Але і не смешна. Пажыў я за гэтыя гады «новым жыццём», пабачыў новыя гарады, нават у Крым з'ездзіў. А згадваюцца чамусьці не інтэрнатаўскія пракураныя скразнякі, не аднастайныя, на ноч, бязрадасныя п'янкі, не блуканні па чужых кватэрах, калі баішся прызнавацца гаспадарам, якія баяцца радыяцыі, што родам— з Гомельскай вобласці... Пеля згадваецца.