«АДЗІН ЛЕТНІ ДЗЕНЬ».
Раніца. Мне — трынаццаць гадоў, і я вяртаюся з лесу з поўнай сеткаю грыбоў. Іду пожняю, паўз могілкі, і доўгім аблупленым дубцом ніжу наперадзе, разбіваю бліскучую расу і мокрае белае павуцінне. Следам зморана цягнецца рабенькі шчанюк, сам сабе ціхенька скуголіць, але варта мне нагнуцца, каб пагладзіць яго, пішчыць і адбягае. Нават бурчыць. Ён злы на мяне: вядома, я яшчэ ў прыцемках успароў яго, маленькага, з цёплага сена ў хляве, пасля ў лесе нацкаваў яго на вожыка, аб якога ён пакалоў і лапы, і нос, а цяпер пужаю свістам дубца. Да ўсяго, ён галодны.
Наперадзе — вёска, а за могілкамі, трошкі ўлева, поўна дач. Нехта грукае там малатком, а рэха адгукаецца і за спіною, у лесе, і наперадзе, у вёсцы, — адбіваецца ад нечае хаты. Дачы фігурыстымі церамамі раскінуліся па ўсім полі за могілкамі, пад самы лес, прыголса пабліскваюць на сонцы сваімі рознаколернымі акенцамі, а здалёк гэты відарыс нагадвае святочкы гарадскі парк з рознымі каруселямі, будачкамі-атракцыёнамі, чортавым колам і пабітым аўтобусам-цірам.
У адным з гэтых церамоў — Божа мілы, як радасна і шчасліва пра гэтае ўвесь час ведаць! — жыве такое белагаловае, адзетае ў зялёнае з чырвоным, адных са мною гадоў, але якое тварам і голасам такое падобнае на дарослую гарадскую дзяўчыну!.. Завецца яно чамусьці Анжэла, а вечарам гэтае прыгожае і белагаловае можна ўзяць за руку, прыціснуцца да яго і слухаць сур'ёзны, павучальны галасок: «Знаеш, когда парень с девушкой начинают вспоминать, как они знакомились, разные подробности или ещё что-нибудь в этом роде — у них не будет будущего...».
Я сабе пад нос спяваю:
Ужо гадзіны з тры, пакуль цягаўся па лесе, гэтае сядзіць у маёй галаве — не пачаткам ці канцоўкаю нейкага верша, а так, ад таго, што жнівеньскай раніцаю я іду дадому і пазіраю на вёску і на дачы. А можа, і не ад таго. Адзін мой сябра, Васіль, любіць падманваць дачнікаў; ён знарок залазіць у маладую бярозавую пасадку, дзе пасаромеецца расці людскі мухамор, і на ўвесь лес раве: «Ва-а-анька! Сю-у-юда! Грибы есть!» Так і крычыць, па-гарадскому. Я не хачу сказаць, што дачнікі такія ўжо дурні, але гэта ўсё ж не мясцовы люд, — і з трэскам, з перагукваннем чалавек колькі прэцца ў пасадку. А Васіль верашчыць: «Машенька-а-а! Грибов-то здесь сколь-ко!», а рэха носіць па ўсім лесе, і вось цяпер я спяваю:
«Адлятае» — гэта нечы чужы, падсвядома запазычаны штамп: адлятае летні настрой, канікулы, «журавы ў вырай», пух з таполі, адлятае сум «белымі ніткамі-павуцінамі», хоць таполі даўно ўжо адцвілі, а да бабскага лета з журавамі і з павуцінамі — як да неба.
Мой шчанючок круціць галавою, не разумеючы, што яго грэе, і спрабуе нюхаць сонечныя промні. Можна ўявіць, як цяпер ягонаму носу, калі мой адрознівае сто пахаў! Я з усяе сілы цягну носам, захлынаюся паветрам, і робіцца, быццам нырнуў і набраў у нос вады, а ад майго лупленага арэшнікавага дубца пахне свежазламаным аерам і шчупаком... Арэшнік — вудка — вада ў носе — пах рыбы...
Паўз могілкавую агароджу растуць старыя высокія вішні; у іх цяпер ствалы з аднаго боку бліскучыя, падсушаныя сонцам, у залатых шарыках соку, а з другога — шурпатыя, мокрыя ад расы і ад туману, дык вось — вішні мне пахнуць цвёрдымі белабокімі гуркамі, свежым расолам...
Матка кладзе вішнёвыя галінкі ў бочку з гуркамі...
Пахі рэзка наплываюць, змяняюцца, я ледзь перастаўляю ногі. Шчанючок таўчэцца носам у кеда, аббягае мяне, каб ісці далей самому, але пожня драпае яму па голым жываце, спераду нічога не відно, і ён, скуголячы, падае на хвост і ліжа жывот і лапы.
Я задзіраю галаву. Неба далёкае, вымытае начным туманам і высушанае ранішнім сонцам да бела-сіні. Пахне яно сама трывожна: Анжэлаю, духамі, горадам і сном, калі лятаеш над лугам, «па якім гуляюць жанчыны і коні»... Гэтыя пахі адначасна музыка: я выразна лаўлю мелодыю, паўтараю яе вуснамі, яна гайдае мяне каруселяю...
— Ды што ж гэта такое?!
Ходырам ходзіць пад нагамі пожня, падаюць з бабак снапы, рассыпаюцца, вішні пераварочваюцца дагары... хачу падумаць усё гэтае, а гук доўга, ліпуча, нудна цягне: «Сна-а-а...», і нават «снапы» не выходзіць падумаць. Мне млосна, я апускаюся на калені лбом у пожню і нюхаю часта-часта мокрае павуцінне і зелле... Ад сэрца млявасць паўзе па грудзях, па шыі, ніжэй — у лоб. Зямля паволі выцягвае яе... знікае і мелодыя... знікае... вось і следу ўжо няма.