Тое, што было МНОЮ, узлятае ўверх і трошкі ўправа, і адсюль, зверху, цікаўна і здзіўлена глядзіць, як устае з зямлі белагаловы хлопчык, абцірае штаны, кашулю, хістаючыся на роўным полі, ідзе да хатаў, заходзіць у адну, высыпае на посцілку каля поліка грыбы, сцягвае адзін аб другі кеды і валіцца ў ложак. Ужо ні голад, ні бразганне і тупат каля печы, ні радыё, ні сакатанне куры пад саменькім акном не разбудзяць яго аж да
ПОЎДНЯ.
— ...а мо, як ты кажаш, і будзе які толк, — чуваць з меншае хаты салодзенькі матчын голас. — Ён жа вучыцца, маладзічко, на круглые п'яць! Мо, Бог дасць, хоць ён куды вуб'ецца...
— Маладзіцо — вуб'ецца! — пераконвае матку паштальёнчын голас. — Ён жа і на алімпіяды некіе езьдзіць, і ўсе...
— Куды хочаш езьдзіць...
Гэта пра мяне. Матка заўсёды і ўсім мяне хваліць, але мне гэта ні прыемна, ні непрыемна, а ніяк, а «так і павінна», бо такое заўсёды: сем гадоў я добра вучуся, і сем гадоў мяне хваляць — з чым параўнаць, каб уведаць, што пахвальба гэтая заслужаная, а не... ох, заблытаюся! — а не «так і павінна быць»?
Калі матка з паштальёнкаю выходзяць, я саскокваю з ложка, бягу ў меншую хату і ем маладыя смажаныя ў смятане грыбы, запіваючы халодным кісялём з малінаў. Выходжу на двор, за хату.
За хатаю дзядзька Сцяпан косіць на поплаўчыку атаву, а матка ходзіць следам, растрэсае. Дзядзька ў керзавых чобатах, у светлых картовых штанах, з сівымі вусамі і з моцнай загарэлай лысінаю — гэта коласаўскі дзядзька Антось! Я залажу на жэрдку і сонна пазіраю. Па плоце бяжыць некуды бліскуча-попельны кот у белых панчошках, а за ім знізу скача пад'еты шчанючок — скача як заяц, лезе на ніжнюю жэрдку і зрываецца лапамі.
Вялізны кот з касою ў лапах і падперазаны хвастом...
Усё, «Новая зямля» мяне цяпер не адпусціць. Гэта дзядзька вінаваты са сваімі вусамі і з чобатамі. Заплюшчыўшы вочы, я гартаю па памяці знаёмую кніжку... вось старонка з прысохлым камаром: ясна бачу кожную лапку, аднаго крыльца няма, а ўверсе тэкст:
— Вой, вужака!
— Бі, бі! — крычыць матка і круціцца, шукаючы што ў руку. — Сынок, дай граблі, палку!
— Біце, дзядзько Сьцяпан! — крычу і я здалёку, але, босы, і не думаю нават злазіць са свае жэрдкі.
Дзядзька, не сказаць, каб смела, тыркае кассём абы-куды. Матка самая актыўная: шукае, пора граблямі ў траву, выглядае ў баразне паўз пожню...
— У лес пабегла даўно, — махае рукою дзядзька. Ён падходзіць да мяне, садзіцца побач, закурвае.
— Добрэ, як у лес, а як у снапа, падлюка, зашылася, — матка шукае і ў снапах аўса, якія побач, разгорнутыя, сушацца на пожні.
Ад дому я зусім п'янею. На імгненне раптам нашыя шулы ад варотаў робяцца беленькімі мармуровымі калонамі, бетонныя прыступкі паміж імі вядуць у нейкія дзверы, і я сам іду па гэтых прыступках, а злева — прыгожая шыльда, і пад ёй на сцяне патрэскаўся тынк формаю лацінскай літары S. Бр-р!
Дзядзька тым часам паказвае папяросаю на голую сножаць і бубніць:
— ...А тут жыў сярбеец. Хата стаяла.
— А адкуль ён узяўся, дзядзько?
– Гм, чорт яго матку знае. Мы тады сільно бедненько жылі, і вот неяк я ару, матка гліцу пайшла грабці, а Валодзей ляжыць пад плотам, з голаду памірае...
Шулы як шулы. Мабыць, гэтыя калоны проста мне сёння прысніліся, і так нечакана ўспомніўся сон.
— ...А тут, — дзядзька ківае за поплаўчык, дзе расце цімалы лес, — тут жыў Чуб.
— А чаго яго дражняць Чуб?
— Бо ён быў вельмі паганы! Кульгаў, падло. Неяк палез на некую крышу, шыфер ён хацеў там слаць ці хвароба яго матку знае, што ён там хацеў, да пасьлізнуўся, да ўпаў, да ўбіўса к... мацеры і стаў кульгаць. Яго бацько вожыкі еў. Назьбірае па лесі цэлаго кашаля, павысыпае іх у печ, прыпрэ засланку кірпічом, а яны пішчаць, пішчаць на ўсю хату! Пёк іх так, жывымі. Там трошкі туды, — тыча дзядзька за нашыя спіны, — жыў Палізан такі. Іхняя хата згарэла.
— Палізан! — смяюся я. — Як у Івана Пташнікава я чытаў, аднаго звалі — Парыпан.
Дзядзька рагоча. Ён любіць, калі я расказваю яму кніжнае. Ён узяў ад мяне і стаў ужываць слова «гаспадар», «гаспадарка» (у нас не мае гэтых словаў: гаспадарку называюць «селішча», а гаспадара — хазяін, без «дз»), палюбіў ён таксама пачутую ад мяне прымаўку «зямелька не гразь».