Выбрать главу

— Парыпан, — смяецца ўсё дзядзька. — А гэты Палізан, пра якога я кажу, у войну, як быў маленькі, сільненько баяўса парцізанаў. Раз парцізаны прыйшлі забіраць кабана, а маткі ўдома ні было, тады ён у сено залез і калоціцца, як ліст на асіні. А пасьля от папароў: «Мамо, палізаны ходзяць, а я длізу-длізу!» Дрыжу-дрыжу, хацеў сказаць. Так і стаў — Палізан...

Дзядзька плюецца, сморкаецца, шкрабае пару разоў бруском па палатне і ідзе дакошваць. Дый пара — ужо сонца пячэ ваўсю, ужо стаіць добры

ДЗЕНЬ.

Гады з тры таму, яшчэ добра на маёй памяці, паўз самую хату, вось паўз гэты поплаўчык, дзе дзядзька цяпер косіць, цякла такая чысценькая, прыгожая, вілюжная паміж алешчынаў і вербавых карчоў рэчка. Яна паіла Прыпяць. Увесну і ўвосень яна разлівалася. Ніколі не забуду, як адзін раз вясною вада ад нечага рэзка схлынула, і ў нізінцы, на сваіх сотках, я спаймаў двух шчупакоў — даўжынёю мне да калена. Але вясновы разліў я не так любіў, як калі мая рэчка замярзала на зіму і ад хатаў аж да лесу рабілася шырокае лёдавае поле. Лёд быў празрысценькі, свяціўся да самага дна. Каля карчоў можна было напарвацца на ўмерзлых у лёд уюноў. Я лягаў тады на гэты лёд і ўглядаўся, якія ў уюна вусікі, плаўнікі, сагнуты кручком хвост і калючая палачка каля рота. Я бег дадому па сякеру, асцярожна цюкаючы, высякаў іх усіх да аднаго, і ў цёплых далонях яны адыходзілі і пачыналі слаба варушыцца... Я ў дзесяць гадоў здабываў і сабе, і матцы цэлую вячэру! Ды яшчэ якую! Ай, хопіць, не буду ўспамінаць...

Яшчэ да таго, як пабудаваліся тут дачы, нешта недзе асушылі, каля Нароўлі, казалі, зрабілі плаціну, а калі асушалі, перабілі крыніцу, і яна збегла ў зямлю: рэчка зрабілася вузкай доўгай сажалкаю са стаячай вадою, перастала разлівацца, але, на шчасце, перасыхала поўнасцю толькі ў вельмі сухое лета. Рыба тут жыла, нягледзячы ні на што. Але калі б рыба тут поўнасцю перадохла ці вывелася, я ўсё роўна ставіў бы кожны вечар свае донкі — лескі з некалькімі кручкамі і з гумкаю на канцы; калі б знікла і вада, я б закідваў вудку ў калодзеж, у карыта, у вядро: Без вады і рыбы жыцця мне няма.

Я сяджу цяпер пад алешнікавым пахучым карчом і баюся падняць вочы на ваду, на чараты, на жоўтыя кветкі казакі, якія растуць пасярэдзіне гэтай канавы-копанкі-балотца. Мне здаецца, што, калі я гляну, там усё заходзіць ходырам.

«Божанька, хай сёння ўночы я не буду абдымацца з Анжэлаю, але пашлі мне за гэта шчуку ці акуня!» — зусім па-дзіцячы, шчыра малюся я. Вось гэты час, пакуль настройваешся, пакуль баішся глядзець на ўтыркнутую ў бераг палачку ад донкі, пакуль носяцца ў галаве малюнкі зімы, сябе малога, калі сонца залівае чырвона-малінавым золатам лёд, а шчокі гараць, і каля студні бразкае нечае вядро, пахне дымам, лёдам, зімою, і хутка ўжо вячэра, а там — цёплая печ і зашмальцаваная кніжка Мележа, якую разгортваеш у любым месцы і дрыжыкі бягуць па целе ад незвычайнай, чароўнай музыкі простых словаў, якія нейкім дзіўным чынам пастаўлены ў такі парадак, што ўжо не проста словы, а пахі, музыка, нейкі сум, нейкая весялосць, гэты час няўлоўных думак-успамінаў для мяне — шчасце.

Леска не нацягнутая, а каля берага нават звітая ў кольцы. Я ўжо ведаю, што гэта значыць. Дрыготкімі пальцамі вырываю палку, паціху спрабую на сябе. Наўскасяк, амаль каля другога берага на ваду выплывае вялікая пляма чорнае каламуці. «Божанька, рыба і без цябе злавілася, пашлі мне лепш ноч з Анжэлаю...» А рукі па сантыметры цягнуць, перабіраюць леску — бух! Тое, што ўзняло каламуць, ажыло — вада ў тым месцы пачынае раптам лапатаць, быццам там вынырнула качка. I зноў ціха. Леска не ідзе далей, я ў штанах, перабіраючы яе, лезу ў гэтую ваду і ў гразь... Ужо мне не да Анжэлы і не да Бога — рыба, МАЯ рыба рвецца, плюскоча і блішча раз-пораз жоўта-белым бокам — у двух метрах, за метр ад мяне! Леска заблыталася ў траве, і я выдзіраю з карэннем цэлы корч аеру — гэта ўжо каля самага карасёвага носа, і разам з карчом, з гразёю кідаю ўсё гэта на бліжэйшы бераг. Ёсць... Карась адчайна лупіць хвастом па траве, але хутка супакойваецца, слізь і гразь на яго баках падсыхаюць, і вось ён ужо сонным, абякавым вокам глядзіць у неба. Буйная, як пазногаць вялікага пальца, луска выклікае асацыяцыі з металічньш, ці «белым», як у нас кажуць, рублём. Я абмываю ў чысцейшай вадзе штаны і рукавы кашулі. Сонца варыць так, што здаецца, сам адчуваеш, як яшчэ больш бялеюць гарачыя валасы.

Карась мой трошкі не дацягвае да локця. Ён заглынуў кручок у самыя кішкі, і я не выдзіраю, а перакусваю леску каля рота і нясу дадому.

– Паймаў? Да якая ж здаравенная! Я табе яе звару, добра?

Мне трохі крыўдна — матка прывыкла ўжо, што я заўсёды нешта цягаю ў селішча: ці то рыбу, ці грыбы, ці арэхі, ажыну, і здзіўляецца менш, як мне таго хочацца. Яна пускае карася ў вялікую міску, у якой нядаўна мылася, але карась і ў гэтай мыльнай вадзе ажывае і з разгону выскоквае на траву. Пускаем яго ў поўненькае вядро з чыстай вадою, матка зверху яшчэ й накрывае хусткаю.