— А што ты там напісаў у газету, што цябе напячаталі? — пытаецца матка.
— Дзе? Дзе яна?!
– У калідоры, на лаўцы. Пачталёнка паказала мне...
Я хапаю з лаўкі згорнутую раёнку і не ведаю, куды дзецца; подбегам заварочваю за хату, адтуль — у высокі, стаптаны дарожкамі маліннік. Як у шалашы. «Поўным ходам ідзе жніво...», «закончылася нарыхтоўка сіласу ў саўгасе...», «сямейны экіпаж», «ганаровы сцяг узняты ў гонар...» — а Госпадзі!
— Чаго ты залез туды — шчэ вужака ні ўкусіла? — крычыць матка. А — вось:
Ночью белый снег покрыл
Города и села,
Под пушистым ковром
Спят леса и горы...
Не, дачытаць ад сораму не магу. А я ўжо й забыўся, калі пасылаў яго. I надрукавалі — у самы час. Ай, як сорамна!..
...У цяньку ўжо пясок пад нагамі робіцца халодны. Куры з пожні, з пакошы падабраліся бліжэй да куратніка, абступілі вядро для свінячае яды і дзяўбуць нешта ўсярэдзіне і з бакоў. Я ламаю кабанам бацвінне, і лісты холадна і пругка скрыпяць — як добра, што скора вечар, як я заўсёды люблю
ВЕЧАР.
Пазней, значна пазней, адразу пасля войска, я вычытаў у Купрына, што адзін ягоны герой раніцаю, «как и всегда это бывает с людьми со слабыми или обострёнными нервами», пачуваўся вельмі кепска. У трынаццаць гадоў я не думаў, не ведаў і ведаць не хацеў пра нейкія нервы. Але напраўду, раніцаю ў мяне часта без дай прычыны балела галава, а ў лесе я пачынаў слаба бачыць і прыносіў грыбоў менш за матку, хоць хадзіў удвая даўжэй. Ажываў я звычайна ў другой палове дня, і чым бліжэй да ночы, тым здаравей, весялей мне рабілася.
Увечары, калі не было чаго рабіць, я залазіў на калідор, на цёплы шыфер, і пачынаў сумаваць. Святлей за той, падлеткавы, сум у мяне пасля ў жыцці нічога больш не было... Унізе па дарозе хадзілі людзі: з крамы, з лесу, з поля, везлі снапы ці мяшкі з картоплямі; каля могілак на пожні пасліся каровы, а я сумаваў, што нарадзіўся тут, а не ў горадзе. Там — я ведаю з тэлевізара і з кніжак — мае аднагодкі не гнуць маты, не кураць, дзяўчынкі шэптам выказваюць хлопчыкам сваё каханне, а тыя — «это было, это было, он вторую ночь не спит, и о чём она спросила — никому не говорит»; яны не ўстаюць у пяць гадзін раніцы па грыбы, не малоцяць, не цягаюць сена, не капаюць бульбы; яны выпускаюць сценгазеты... і ўвогуле, чаго толькі не робяць. I я ўсё гэтае змог бы рабіць, разоў у дзесяць лепш. Мне б іхні клопат. «Витька, обедать сегодня будешь сам. На кухне разогрееш суп, в холодильнике — колбаса, рыба... Смотри, съешь всё...» А мая матка неяк захварэла, ляжала ў бальніцы, і я цэлы тыдзень паліў сам у печы, карміў курэй, кабаноў і сам сябе — якая там «колбаса в холодильнике», — што Бог пашле... А ў тэлевізары «разогревают супы», і «мальчишка злится — есть на то причина, не век же во дворе ему торчать; о, чтоб ты завтра двойку получила, девчонка из квартиры сорок пять!».
Я мрою не горад, а познюю восень, загоны, на якіх капаюць бульбу, а ўвечары Васіль з рознага колеру вачыма стаіць пад грушаю з Ганнаю, і яна смешна раўнуе: «Ідзі ўжэ к Просі гарбатуй...», а тут кулакі з абрэзамі... Мне мроіцца балота, прысыпаныя снегам журавіны, сляды акуратных лапцікаў на снезе і пахі паленай саломы, якою смаляць кабаноў... Мне там хочацца жыць і там апынуцца...
— Сыночак, — гукае знізу матка, — назбірай яблукоў таму кабану маленькаму.
— Сколькі ён ужэ можэ жраць?! Дай мне пасядзець трохі — у мяне ногі баляць!
— А рукі ў цябе ні баляць? Есьці?
— Ето лёгко, па-твоему, так рано па твае грыбы ўставаць?
— Ні трэба цягацца ўсю ноч!..
Спускаюся па драбінах уніз, а ў вушах з усёй інтанацыяю звіняць апошнія матчыныя словы, і асабліва самае апошняе — ноч.
Праўда ж, ёсць такое, што, калі ўночы глядзіш на дзяўчыну ў профіль, яе твар здаецца набагата святлейшы за хлопцавы?
Вясковая ідылія васьмідзесятых: лаўка пад плотам, яблыня, паплёўванне семкамі ўкрадзенага здаравеннага сланечніка — Анжэла сядзіць пасярэдзіне, а мы з Васілём — з бакоў. Я не зводжу вачэй з белае плямы Анжэлінага тварыку; ноч цёмная, без аніякіх зорак (а ў класіка Маякоўскага — «ночи августа звездой забиты нагусто»... Зрэшты, Маякоўскі — цудоўяы. Проста ён меў на ўвазе не беларускія ночы.).
— ...тады дзеўка сказала, — не зачыняецца ў Васіля рот, — кажа, ідзі на могілкі, забі ў крыжа гвозд. Пайшоў, ідзе, ідзе, ідзе... Нешто — трэсь пад нагою!