Абое, і дзед, і Бляха, падумалі, што баба зачынілася знарок, каб яе больш не чапалі.
Пасядзелі трохі, Бляха пакурыў, ужо адзеў куртку, шапку, як раптам адкінулася зашчапка — і ў хату ўвалілася, ціха галосячы, ламаючы рукі, баба:
— А лю-у-дцы, а за што ж мне такая до-о-ля!.. Дзед, бяжы ў якую мілі-і-цыю... А ён жа і сцягно забраў, і рэбры, і са-а-ла...
Пакуль яны пілі, нейкі злодзей пралез у калідор, прыпужнуў і без таго нямую ад страху бабу, накінуў зашчапку, каб не ўвайшлі з хаты, і набраў чаго хацеў.
Бляха выскачыў у калідор, замітусіўся.
— Не магла крыкнуць? Пазваць? — напусціўся ён на бабу, што стаяла ў расчыненых дзвярах поруч з дзедам — такія аднолькава згорбленыя і няшчасныя.
— А ён даў бы чым па га-а-лаве...
З двара, недзе ад вуліцы, данеслася раптам сабачае віскатанне, гырканне, людскія крыкі, мат, і гукі гэтыя, збіваючыся ў клубок, рабіліся ўсё больш чутнымі і выразнымі, — клубок гэты каціўся бліжэй у двор, да хаты, пад самыя дзверы...
Баба зноў загаласіла і пабегла ў хату. Бляха схапіў са стала нож і стаў каля дзвярэй. Дзед выцягнуў з-за мяшкоў у кутку сякач.
Клубок з віскам і гыркатаннем ударыўся аб сцяну, трохі прыціх, і ў дзверы моцна закалацілі і закрычалі ледзь не дзіцячым спалоханым голасам:
— Мать, открой! Прошу, кто-нибудь!..
— Пастой-пастой... — адазваўся Бляха, калоцячыся ўвесь.
— Да люди милые, прошу!.. Бляха крыкнуў:
— Уб'ю падлу — толькі пікні! — і прыадчыніў дзверы.
У калідор уваліўся малады хлопец — як уваліўся, так і асеў спінаю да вушака на падлогу, заціскаючы між ног акрываўленыя па локаць рукі. На ім не было жывога месца. Скураная кароткая куртачка была скрозь пашкамутаная, праз аба драныя спартыўныя штаны відаць былі крывавыя пісягі, з носа — на губы і на бараду — цякла кроў... Сам твар быў белы, без крывіначкі, і вочы круглыя і глыбока западзеныя.
— Мать, прости, перевяжи! — узмаліўся хлопец, не бачачы нават, што «маці» на калідоры няма. — В машине... аптечка...
Бляха, які не спускаў з хлопца вачэй, апусціў руку з нажом.
— Дык цябе, значыць, перавязаць? — прыжмурыўся ён. — Дык ты, значыць, робіш такую работу? Дзе мяса?
— Люди милые — прошу... — прашаптаў хлопец, яшчэ больш сцінаючыся ў камячок — якраз як Бляха раніцаю.
— Дзе мяса?!
— Дзе — сабакі адабралі... — падступіўся бліжэй узбуджаны і давольны дзед, не выпускаючы з рук секача.
— Н-на!.. — Бляха ўдарыў хлопцу нагою ў бок.
— Люди, прошу!!! — дзіка, адкуль узяліся сілы, віскнуў той і паваліўся нічком.
— От табе красці! — засмяяўся дзед.
Каля вушака, на тым месцы, дзе сядзеў хлопец, цямнела пляма крыві. Бляха нагнуўся:
— Ану-ну, пакажы... — выцягнуў хлопцавы ру кі спаміж ног. — Самлеў, бляха... — сказаў ён збянтэжана. — Паглядзі, дзед, як парвалі... Мяса адно...
Паглядзеў, памацаў і дзед.
— Хаця б ні сканаў... — пачухаў ён патылі цу. — Гэтыя ж сабакі ўсе кручаныя... Коб міліцыю ці скорую...
— Што ж рабіць, га, дзед?
Цяпер Бляха шкадаваў, што стукнуў хлопца. Разам з гэтым ударам не толькі знікла ўся яго крыўда, увесь страх, а нейкае п'янае, дурное шкадаванне, нейкая слёзная пяшчота да гэтага хлопца шуганулі яму ў галаву — як бы гэты хлопец быў Бляхавым сынам, ці што... Каб адагнаць гэтае шкадаванне, каб не заплакаць, чаго добрагл, Бляха хацеў закурыць, але запалкі ніяк не знаходзіліся, і ён круціўся, як у пяты пякло.
— Што ж рабіць, га, дзед? — паўтараў ён.
— Хай ляжыць да ранку, а там будзем гля дзець... Што ты яму зробіш?..
— Шкода ж, бляха, падлу маладую... Слухай, дзед, заві бабу, цягніце яго ў хату! Мо паравязаць, ці што... Я пабягу па фельчарку. А не — пабягу на пост, да салдатаў. Чуеш?
— От нарабіў сабе... От яму красці... — казаў дзед і не кранаўся з месца.
— Дзед, бляха, я каму сказаў? Я хутка!..
Ён выскачыў на двор разгарачаны, п'яны, поўны сілы, сціскаючы ў руцэ нож, і паспеў дабегчы амаль да самых веснічак — ужо бачыў контуры светлай легкавушкі на вуліцы, — як з гарачкі, з разгону наляцеў на чорную звяругу, што грызла нешта пад веснічкамі, і тая, з нейкім радасным захліпам гыркнуўішы, упілася яму ў сцягно... Ён паспеў яшчэ адскочыць, але паслізнуўся, упаў ракам, махнуў упустую нажом... паспеў нават падумаць: «Ды ці... сабакі?!!» — а яго ўжо грызлі за ногі і рвалі на плячах, падступаючыся да твару і да горла, лёгка балонь курткі... Ён спрабаваў яшчэ адмахвацца, уцякаць, хоць бы неяк дапаўзці да дзвярэй калідора, крычаў, — але крыкі гэтыя патаналі, упляталіся ў дзікае яхкатанне, у звар'яцелы віскат узбуджанай, паспыталай крыві гайні, якая быццам на паляванні, абклаўшы з усіх бакоў ненавіснага звера і не чакаючы знаку паляўнічага, наскоквала, і рвала, і грызла, і старалася ўпіцца ў самае горла... I не было каму памагчы, абараніць, уратаваць, — толькі вецер свістаў ды круціў сабе снег віхурамі знізу ўверх — як на канец свету.