Начны голас
(Аповед майго сябра-міліцыянера)
- Пішуць — любоў, каханне... Так ужо выпісваюць! І цалуюцца, і спяць, і з палюбоўнікамі там, і хрэн паймёш... Вось раней, правільна, умелі пісаць. Я яшчэ са школы помню — Шамяка...
- Шамякін? — перапытваю я. – Іван Шамякін?
- Ой, Шамякін — правільна... Тады — Леў Тургенеў там, чуў?
- Чуў.
- Вось гэтыя ўмелі пісаць! Чытаеш – і як бы з табою ўсё. Хаця ў мяне зусім інакш было. Так як у мяне, я яшчэ нідзе не чытаў. Што, любоў — дык абавязкова цалавацца ці там спаць разам? Я любіў першы і апошні раз у семнаццаць гадоў. Мы жылі тады ў вёсцы каля самага горада, бацька працаваў у горадзе і гадоў трыццаць чакаў кватэры. Тады, помню, ён якраз атрымаў ордэр, але пакуль не перабіраліся. Так што я ўжо мог лічыцца гарадскім, таму любіў хадзіць на вясковыя гулі, дзе мяне ўсе ведалі і паважалі за тое, што я без пяці мінут гарадскі... Я і цяпер па здароўі не плачу, магу перапіць такіх мужыкоў, што ого, а тады, у семнаццаць, выглядаў на хлопца пасля войска. Памахацца мог, калі якая заварушка, польку ўмеў, вальс, апранаўся нармальна - - джынсікі, куртка харошая... З дзеўкаю ўмеў пагаварыць, ну, як для вёскі — быў развіты. Адно росту быў невысокага, гэта пасля, у арміі, выцягнуўся.
Неяк сабраліся ў суседнюю вёску на танцы. Вось не помню, канец лета быў ці пачатак восені, але халаднавата ўжо было, а галоўнае, цемрадзь такая, што я ледзь дабраўся да канца сваёй вёскі. Каля крайніх хат мяне ўжо чакалі кампаньёны: Іван, лепшы сябра, аднакласнік, Светка - - васьмікласніца, наша сяброўка, і яшчэ нейкая незнаёмка, якую ніяк нельга было разгледзець - - ні якая яна, ні якога росту, ні колькі гадоў... Калі Светка нас пазнаёміла, сказала, што гэта яе сваячка з горада, незнаёмка засмяялася:
- З таго самага, дзе ты скора будзеш жыць!
Я нядаўна чытаў у «АіФ» анкету, што больш за ўсё падабаецца мужчынам у жанчыне, што іх наймацней запальвае. Дык вось, на першым месцы была, здаецца, усмешка, вусны, на другім — голас! Не ногі, не фігура — усё гэта ўсярэдзіне анкеты, — а голас. Вось і мяне аж скаланула тады ад таго голасу. Апісаць я яго, само сабою, не апішу, скажу толькі пра першае, што думалася: яна гаварыла, быццам перад гэтым, хвілінку назад, была страшэнна нечым напужаная, і раптам адкрылася, што баяцца не было чаго; яна быццам выдыхала з палёгкаю — о-ой, ну, дзякуй Богу, усё абышлося — і смяялася збянтэжана і праз смех палёгкі... Расказваю я кепска, а ў самога ў вушах стаіць.
Пайшлі мы ў цёмны лес — ісці трэба было кіламетраў пяць. Прырода там у нас - - нідзе такой больш няма, прыгожа, як у парку якім: хвойнік, бярэзнік, тады балотца... хоць што распісваць, усё роўна ж нічога не відно. Ідзём, як сляпыя, след у след, ледзь не за ручкі пабраўшыся...
Але неяк так патроху Іван з малою прыадсталі, а я з гэтай галасістаю ідзём адныя,— то яна, спатыкнуўшыся, схопіць мяне за руку, то я яе, то плячамі, бакамі неяк церанёмся... Пачаў я знаёміцца бліжэй:
- Як бы гэта паглядзець якія губы ўмеюць такім голасам прамаўляць?
- Што, спадабаўся голас?
- Слухаў бы і слухаў! А ты ад сціпласці не памрэш... Ты думаеш, я ад цябе першага гэта чую?
- Пра сціпласць ці пра голас?
- Пра голас.
- Няўжо так многа кавалераў, ты хочаш сказаць?
Тут яна засмяялася з палёгкаю ад няспраўджанага страху, выдыхнула:
- Ніводнага - - і гэта чыстая праўда. А пра голас і сяброўка ж можа сказаць, і ў школе, на спевах...
Нашыя яшчэ больш адсталі, а мы ішлі, задзіраючы галовы на прасвет паміж вершалінамі дрэў, які пазначаў дарогу.
– Ты мяне заінтрыгавала. Можна, я запалю спічку і пагляджу?
- Не, лепш не трэба.
- Няўжо такая страшная?
– Ну, не такая ўжо, але лепш будзе, калі ты па голасе будзеш мяне ўяўляць. Я тады так ці інакш буду лепшаю, чым ёсць.
- Нешта тут не тое... Хоць сапраўды прырода рэдка бывае гарманічнай. Рэдка, я кажу, супадае, каб і добрая, і прыгожая, і разумная. Калі фігура харошая, дык характарам не выйшла, калі ногі стройныя, дык...
- А ў цябе, аказваецца, вопыт! Такія арыгінальныя разважанні... А вось якая я, як ты думаеш: прыгожая, разумная ці добрая?
- Думаю — добрая, — шчыра ляпнуў я.
Яна зноў выдыхнула са смехам, скінуўшы нейкі страх.
– Та-а-ак, ясна! Па-твойму гэта — сінонім непрыгожасці... А што — я магла быць бы добраю. Для тых, хто са мною добры...