Ты ж ведаеш, наколькі лягчэй размаўляць з дзяўчынаю ў цемры альбо п'янаму, які адразу смелы, разумны робішся... Так і я тады — гнаў усё, што лезла на язык. Як для вёскі, дык гэта была ўга якая размова, а такія словы як «сінонім», «заінтрыгавала», «арыгінальна» можна было адносіць да вышэйшага вясковага пілатажу.
- Не, я ж не кажу сто працэнтаў... Можа, ты і прыгожая, і ўсё такое, але чаго тады ты, гарадская, прыехала ў вёску на танцы? Да нас сюды прыязджаюць альбо падгуляць, альбо хлопца знайсці... І ўсе нейкія не самыя лепшыя...
- Слухай, ты ў мяне дагаворышся са сваёй логікай! Ды гэта і не логіка, а няпраўда. Ты вось сам вясковы, а вясковых хлопцаў не ведаеш. Сапраўды, яны часта недалёкія, п'яныя, гаварыць не ўмеюць, але да дзяўчат у іх адносіны правільныя, лепшыя, чым у гарадскіх... Тут у іх нейкая інтуіцыя. Сілаю яны не лезуць, дзеўку біць не будуць, абзываць не стануць... Адно, што гаварыць з імі цяжка, трэба ламаць сябе, падстройвацца. Сядзе, абдымаць не ўмее, баіцца, рукі трымцяць, паўгадзіны думае, нарэшце: «Адкуль жа такія раскрасавіцы бяруцца?» Ён думае, так трэба — як ён недзе ў кіно пачуў ці як старэйшыя хлопцы расказвалі. Не скажаш жа яму – ды будзь ты самім сабою, спытай проста: «Як я табе як хлопец? Пайшла б са мною? Магу я табе спадабацца?» Не скажаш гэтага, шкадуеш яго, жуеш следам за ім: «Да, красівенькая - - а што? А ты як думаў?..» Вось і ўся размова, і зноў паўгадзіны думае... А вось што, цікава, вясковаму хлопцу ў дзяўчыне падабаецца? Як табе...— панізіла яна голас, — Светка? Прыгожая яна?
- Яшчэ што скажы! Дзіця горкае... Яна нам з Іванам як сястра, такая шустрая, простая, не ламаецца... Неяк на Паску мы з Іванам выпівалі на прыродзе, і Светка была, сядзела з намі, хоць сама не п'е, не курыць, вядома... Калі вежаеш, што яна - - выдатніца, акуратная такая, чысценькая, — а вось сядзіць з намі, балбоча,— тады і п'ецца неяк іначай... Вось такіх я люблю!
- Ясна... Скажы, Андрэй, а мяне... такую, як я, непрыгожую, але разумную і добрую, ты змог бы палюбіць?
Прастачком, паўтаруся, я і тады ўжо не быў, умеў, што сказаць:
- Ну, калі ты так любіш арыгінальнасць, дык і спытаю: а ты б мяне?
- Ведаеш, я палюбіла б толькі таго, хто змог бы стаць маім мужам.
- А чаму б і не?
Вось тут яна, упершыню за дарогу, без смеху, голасам, у якім ужо не было палёгкі скончанага страху, сказала:
– Ты не смяешся? Не баішся ката ў мяшку?
– Не, — адказаў я.
Тады яна спынілася і схапіла мяне за руку:
- Хочаш, мы цэлы вечар будзем танцаваць з табою? А пасля ты правядзеш мяне дадому? Хочаш? I па дарозе назад я табе нешта скажу, скажу шмат чаго цікавага...
Мяне б цяперашняга туды, пачуць бы зноў гэтыя словы!.. А тады, — што я мог тады падумаць? «Цэлы вечар з табою танцаваць», — значыць, акрамя голасу, у ёй нічога няма? I яна не спадзяецца, што нехта запросіць? «Правядзеш дамоў, скажу нешта», - - ясна, што ёй са мною цікава, я ёй спадабаўся што я яшчэ новага пачую?..
Дужа лёгкая была перамога, і гэта хоць і цешыла мяне, але не магло не насцярожваць.
- Вунь вёска, хаты, бачыш? — сказаў я, каб не маўчаць.
- Дзе?
Мы пераходзілі мосцік цераз канаву, за якім пачыналася вуліца, і сапраўды, уперадзе нешта мігцела. Ужо да вушэй ледзь чутна даносілася музыка і асабліва гук бубна, які бухаў, здавалася, недзе пад зямлёю, пад самымі нагамі.
Нас дагналі.
- Пазнаёміліся? — спытала Светка. — Вы так прыліплі, што шкода вас разлучаць!
- Андрэй мне абяцаў, што будзе танцаваць толькі са мною і дамоў правядзе.
- Во як? Ну, добра. А цяпер, хлопчыкі, пардон, нам трэба ў кусты... Ідзіце, мы прыйдзем зараз.
Каля клуба стаялі «пазік», грузавік і некалькі матацыклаў - - паз'язджаліся з розных вёсак. Тады так і гулялі - - кожная вёска танцавала сваім гуртам, па розных кутках вялізнага клуба; было нейкае перамір'е, таму біцца не біліся і свае глядзелі сваіх. Яшчэ каля ганка нас з Іванам сустрэлі знаёмыя мясцовыя, пазвалі за клуб, налілі самагонкі – пілі, помню, з адкручаных у матацыклаў крышачак стоп-сігналаў... Потым знік недзе Іван — у яго была тут свая дзяўчына, а я, ап'янелы ад самагонкі, ад музыкі, ад мільгацення знаёмых і незнаёмых твараў навокал, хадзіў па клубе як непрыкаяны і знарок не танцаваў, бо ўсе прыгожыя, «прыкінутыя» - - як след адзетыя — былі з хлопцамі, а мне ў тыя гады маглі падабацца чамусьці толькі занятыя дзяўчаты, якія хадзілі з іншымі. Да тых, што танцавалі толькі агульныя танцы, у коле, а на вальсах, на польках ціснуліся па кутках і паўз сцены па дзве, па тры і перашэптваліся (як некалі пасля вайны), мне чамусьці сорамна было падыходзіць...
На мяне наткнулася Светка і, сярдзітая, зашыпела:
- Ты што?! Ідзі запрашай Наташу, яна чакае, ні з кім не танцуе цэлы вечар!..