Выбрать главу

I мне ўявілася нешта нуднае, адна з тых, што ціснуцца па кутках і перашэптваюцца. Я адмахнуўся, выйшаў з клуба пакурыць і зноў, як чорт пад руку штурхануў – за клуб, да тых, што пілі, і зноў мне налілі ў стоп-сігнал... Потым — лепш бы я піў ужо тады з імі да канца! – на лавачцы, на ганку — там быў крыты ганак і з бакоў такія лавачкі — я пачуў голас, знаёмы цудоўны голас, якім павінны былі гаварыць толькі са мною!..

На лаўцы, спінаю да мяне, сядзеў шаракаплечы патлаты дзяцюк у цяльняшцы і мычэў на вуха дзяўчыне, што прыстроілася ў яго на каленях:

- I адкудава ж такія бяруцца?

- Усё адтудава! – з палёгкаю, што страху няма, смяялася ў адказ яна.

Дзяцюк павярнуўся, зіркнуў на мяне зверам, і я пайшоў у клуб, але хутка і яны зайшлі, пачалі танцаваць. Тут, на святле, я ўжо добра яе разгледзеў, і чым больш разглядаў, тым больш цверазеў... Магчыма, яна і не была такой красуняю, як мне тады бачылася, — але якая яна была! Апранута проста — не так, як нашы, вясковыя, што нацягваюць на сябе ўсё, што па тэлевізары ўбачаць, ці ў горадзе на вуліцы, — яна была апранута аднатонна, у нешта, здаецца, бэзавае - я кепска колеры адрозніваю - - світэр, сукеначка кароткая, «чоха» пад хлопчыка, твар дзіцячы зусім, мілы, роцік – усмешка да вушэй... I галоўнае, чым яна ад усіх вылучалася, дык гэта нейкай раскаванасцю, свабодай, вось быццам яна тут гаспадыня, а ўсе — яе госці, і яна толькі што выбегла з кухні, ад пліты, насунула толькі замест пантофляў красоўкі,— вось патанцую трохі, а там трэба бегчы глядзець, ці што не падгарэла...

Я стаяў так блізка, што чуў, як гэты, у цяльняшцы, казаў:

-- Паедзеш з намі? У...

- Паехалі! - - залівалася яна сваім смехам - - быццам ад першага яго слова ёй стала страшна, ад другога страх прайшоў: выдых – палёгка – па-е-халі!

Можна было яшчэ падысці, забраць неяк, але я стаяў, як пень, і чакаў ну, кіўні мне, дай які знак!.. Падыдзі першая, ты ж бачыш мяне! Сама ж казала - танцаваць разам, правесці...

Потым яны зніклі.

Я не шукаў яе, пайшоў зноў да хлопцаў за клуб і напіўся так, што спаў пад клубам... Цяпер успамінаю, што лета было, інакш ад холаду акалеў бы там за ноч. Раніцай ледзь ледзь дахаты дайшоў. Матка, праўда, не сварылася, пахмяліцца дала... I толькі потым, калі адаспаўся трохі, адляжаўся, да мяне пакрысе стала даходзіць: што ж я такое ў гэтую ноч прапіў?! «Цябе Наташа чакае, ні з кім не танцуе цэлы вечар!»

Не ведаю, як бы я вытрымаў, каб не быў чамусьці ўпэўнены, што знайду яе: праз Светку, у горадзе — не такі той горад вялікі... Але хутка мы пераехалі, тады адразу неяк — войска, пасля адразу неяк жаніўся, неяк развёўся... Слаба помню, сцерлася неяк усё. Каб не аліменты, дык і самому не верыцца – быў я некалі жанаты, не быў?..

- Можа, збегаць яшчэ гарэлкі пашукаць?

- Не, мне ўставаць у паўпятага. Ды памыць там, што замочана...

- Можа, табе яшчэ раз жаніцца?

- Ну - - куды... Ужо ж не хлопчык. Хіба з дзіцям браць, ці разводную... Ды я ніякай не хачу. Аднаму неяк весялей. Вось набухаюся пасля работы то з хлопцамі, то адзін, лягу, святло выключу, прыёмнік паслухаю... А то так ляжу, без святла, успамінаю... Часта тая дарога ўспамінаецца. Прайду з ёю яшчэ раз, пра сваю судзьбу з ёю пагавару... А то вочы расплюшчаныя, а сны сняцца. Мура розная. Быццам жывём мы з ёю, кватэра ў нас, сядзім вечарам на кухні, дзіця пад нагамі лазіць... Так задумаешся, задумаешся — дый заснеш.

Мінск, 1993г.

ДА МАГЧЫМАГА ЧЫТАЧА

(Заканчэнне)

У прадмове да адной тоўстай кнігі, выдадзенай у нашыя «бурапенныя» часы, я прачытаў такія словы: «Всякое время рождает свае отношение к добру и злу». У першы момант я не паверыў сваім вачам — не можа быць! Змяніць адносіны — гэта палюбіць зло і ўзненавідзець дабро? Свядома? Ды ніякая сіла, ніякае «время» гэтага нарадзіць не могуць! Тут ці я нешта не зразумеў, ці аўтар прадмовы памыліўся...

Я дастаў з паліцы зборнік афарызмаў, адгарнуў раздзел «Дабро і зло» і наткнуўся на першае ж выказаанне: «Представлення о добре и зле так сильно менялись от народа к народу, от века к веку, что часто прямо противоречили одно другому» (Ф. Энгельс).

У мяне ў галаве зусім усё перамяшалася. «Я напісаў і хачу выдаваць цэлую кніжку, не ведаючы такой элементаршчыны ... Якой жа атрымаецца гэтая кніжка?! Калі праўда, што час змяняе адносіны да дабра і зла, дык, выйдзе, што я, хочучы праславіць у кнізе дабро, на самай справе праслаўлю зло? За апошнія часы маглі ж адносіны памяняцца? Яшчэ і як!..»

Са мной было проста нейкае кароткае — лічаныя хвіліны — зацямненне, аж пакуль не дайшло — ды я проста не там шукаю! Ну, нараджае час свае адносіны да розных катэгорыяў — няхай нараджае на здароўе. Пытанне павінна ставіцца так: а добра гэта ці кепска? Вось як жыць і што рабіць чалавеку, калі ўчора ён лічыў злом адно, а сёння час падсоўвае яму другое — як той доктар у Мальера, што шукаў у хворага сэрца з правага боку, тлумачачы тым, што «мы цяпер усё гзта памянялі»?