Як мог, я пачаў тлумачыць, што добра ведаю вёску, ведаю выказванні пра «новыя часы» вяскоўцаў, свайго дзядзькі, маткі, лічу, што цяперашняя дэмакратыя яшчэ больш далёкая ад сапраўднай дэмакратыі, чым колішні застой... Літаратар слухаў і змяняўся ў твары.
— Божа мой! — усклікнуў ён. — Як у маладога чалавека ў галаве можа жыць такая дзікасць! Ды пры застоі людзі пухлі з голаду, я год не мог купіць сабе туфлі... Я гатовы галадаць і цяпер, толькі б ведаць, што той кашмар скончыўся... Калі б вы не былі маладым, я напісаў бы на вас разгром!
Мне было сорамна, няёмка, я павярнуўся і пайшоў, праклінаючы і сябе, і гэтую «Камандзііроўку», думаючы, што ніякая праўда не варта быць выказанай, калі яна можа пакрыўдзіць чалавека... Тут я наткнуўся на другога літаратара, маладзейшага, які моцна паціснуў мне руку:
— Малайчына! Вось моцны, але і хітры, не лабавы, удар па застоі — вачыма антыперабудоўшчыка! Да людзей ідзе новае, а яны гатовы адгарадзіцца ад усяго свету — вясковае адвечнае дзікунства плюс камуністычныя забабоны!
Вось так літаратурны твор можа гаварыць сам за сябе.
Акрылены, заднім розумам я падумаў, што таксама мог бы адказаць першаму, вядомаму літаратару. «Добра, няхай Вы перабудаваліся да таго, што пачалі проста ненавідзець той ранейшы лад, пры якім жылі і выдавалі кнігі, не можаце нават слухаць пра яго, хочаце нават пісаць разгром(?),— але няўжо, калі Вы бегалі басанож, калі лавілі першую рыбіну, атрымлівалі ў школе першую пяцёрку, цалавалі ўпершыню дзяўчыну — няўжо Вам у тыя хвіліны думалася, што ўсё гэта атручана нейкім застоем? Няўжо ў Вас не засталося звычайнай чалавечай настальгіі — па сабе маладым, па маладой матцы, па безчарнобыльскіх часах?..”
Ненавідзець тыя часы з такой непрымірымасцю — тое самае, што ненавідзець сваё ранейшае жыццё, сябе самога. А ненавідзець сваё ранейшае жыццё можна толькі тады, калі ў ім было нешта несумленнае, саромнае.
* * *
Твор павінна тлумачыць крытыка — калі, вядома, ёсць што тлумачыць. Ізноў адкажу: павінна-то павінна...
Пачатак будзе падобны. Пасля выхаду ў «Маладосці» аповесці «Смута» я выпадкова сустрэўся з вядомым крытыкам, якога шчыра люблю, паважаю, артыкуламі якога ў свой час зачытваўся (цяпер ён адышоў, на жаль, ад літаратуры і займаецца палітыкаю). Крытык адвесіў мне перабольшана-ветлівы паклон і голасна павітаўся:
— Здравствуйте, господин Федаренко!
Што абазначала такое «тлумачэнне крытыкі»— для мяне загадка па сённяшні дзень.
Але тут трзба зрабіць агаворку. Мне ў ніводнага пісьменніка не даводзілася чытаць, каб ён асабліва шанаваў ці нават увогуле прызнаваў крытыку як важны літаратурны працэс. Самае распаўсюджанае выказванне (яго аўтар — Чэхаў) — «крытык — гэта авадзень на спіне ў пісьменніка». Відаць, гэта проста даніна модзе, своеасаблівая традыцыя: калі не палаеш крытыку, дык быццам не можаш лічыцца сапраўдным пісьменнікам. На самай справе крытык і пісьменнік — гэта два валы ў адным ярме, якія цягнуць адзін плуг, вядуць адну баразну. I крытык нават часта «пацягвае» больш за пісьменніка — згадайце вядомыя літаратурныя артыкулы Л. Шзстава. Нашая беларуская крытыка, на маю думку, таксама вельмі моцная, асабліва цэлая плеяда маладых; іхнія артыкулы часта чытаюцца цікавей за творы аўтараў, пра якіх пішацца ў артыкулах.
Тым не менш у творчасці кожнага пісьменніка ёсць куточкі, у якія крытыку заглянуць проста немагчыма.
* * *
Наш цяперашні «дзікі рынак» быў, несумненна, зроблены не Ельцыным з Гарбачовым, не дэмакратамі альбо камуністамі — як пэўнымі рухамі, партыямі, а ў прынцыпе нейтральнымі прэсаю і тэлебачаннем. Журналістамі, якім хацелася, каб іх чыталі і слухалі.
Я пачаў пісаць «Омуту», калі зрабіў страшнае для сябе адкрыццё: тыя самыя газеты, з тымі ж самымі назвамі, з тымі самымі журналістамі пішуць зусім адваротнае таму, што пісалі яшчэ ўчора, на ўсіхняй памяці. I гэтыя людзі маглі прынесці нешта новае?! Мала таго, што яны ніяк не саромеліся адмаўляцца публічна ад саміх сябе — яны ўсё больш распаляліся, усё больш у іхніх словах гучалі заклікі да помсты некаму за нешта...
Так выдумалаея антыгазетная, антыпрэсавая аповесць.
Нядаўна Салжаніцын, якога цяжка абвінаваціць у сімпатыях да ўсяго, што прынесла яму столькі бедаў, сказаў у тэлеіінтэрв'ю: «Калі гэты клас (перакупшчыкаў, пасрэднікаў, спекулянтаў...) аб'яднаецца з мафіяй дзяржаўнаю, яны будуць піць з нас кроў не семдзесят, а семсот гадоў». Такую ж думку, як мог, я і стараўся развіць у аповесці «Смута» і ў апавяданнях, што пісаліся паралельна ці ў тым жа 1990 годзе: «Камандзіроўка», «Сіндром», «Рэдактар», «Рэкляма» і інш.