Камуністычная гарбастройка — яшчэ не дэмакратыя, а перакупшчык гарэлкі — не рынак. Пра застой я таксама сёе-тое ведаю: то быў час, калі людзям трэба было, сапраўды, што хочаш, хоць чорт лысы, толькі не тое, што ёсць. Але калі гэтае, што ёсць цяпер — якраз тое самае, што задумвалася, чаму трэба толькі радавацца, пра якое не трэба «своих суждениев иметь» — тады мне чамусьці хочацца ў застой.
* * *
На «Сінія кветкі» я паклаў часу і працы больш, чым на ўсё ў гэтай кніжачцы, разам узятае. Быў у ёй яшчэ адзін вялікі разідзел: Холад у Мінску, прастытуткі, валютныя бары, рабаванне касы і інш. ахінея — а канчалася аповесць так, як і ў кніжным варыянце. “Падсадная” прастытутка здавала галоўнага героя куды трэба, і раніцаю ён прачынаўся, ператвораны ў сябе ранейшага.
Аповесць пісалася знарок для часопіса «Полымя». Мне хацелася «перабіць» «акадэмічныя» палымянскія творы нечым лёгкім, без статыстычных апісанняў, каб было больш дынамікі, дзеяння, займальнасці і разам з тым — славутага рэалізму — «каб той, хто будзе чытаць, думаў, што гэта Я паказаны, што і са Мною такое ж магло б быць, і Я часта марыў змяняць аблічча». Аповесць мне вярнулі з заўвагамі, на якія я не мог пагадзіцца.
Пры ўсёй недасканаласці аповесць і цяпер здаецца мне найперш сцэнічнай, зрокавай; можа, калі б паводле яе напісаць сцэнарый — матыў двайнікоў, ператварэнні, помста — ён глядзеўся б не горш за тое, што нам круцяць па вечарах.
* * *
Адзін з герояў «Сініх кветак» (станоўчы) — яўрэй па нацыянальнасці. Гэтае таксама трэба патлумачыць, бо, упэўнены, ніякая крытыка не будзе гэтым займацца. Чамусьці.
Мудрую, старадаўнюю, таленавіцейшую, нешчаслівуго нацыю гэтую не паважаць можа альбо поўны дураінь, альбо правакатар, які «капейку мае» — як з таго, што кляне яўрэяў, так і з таго, што, дзе б ні паявіўся, найперш пачынае вынюхваць, а ці не пахне тут «антысемітызмам»?
Разам з тым трэба прызнаць — і разумныя мяне зразумеюць, — што нацыя гэтая надзвычай эмацыянальная і, як колішнія камуністы, заўсёды імкнецца быць наперадзе: ці то народніцтва, ці то рэвалюцыя, ці то перабудова, ці застой... А пярэднім заўсёды больш дастаецца, што ж тут крыўдаваць...
На такія тэмы мы калі-нікалі гаворым з маім сябрам яўрэем, прататыпам Навумава з «Сініх кветак», — і цудоўна знаходзім агульную мову.
* * *
«Вясковыя» апавяданні «Адзін летні дзень», «Начны голас», «Пеля», нават «Бляха» (яно таксама аптымістычнае) мне знарок захацелася аднесці ў канец — як нешта светлае, як пераважка смуце. Гэтыя апавяданні таксама палітычныя, хоць у іх няма ні слова пра палітыку. Палітычныя яны тым, што, калі чалавек шчаслівы альбо няшчасны, г. зн. калі пачынае арыентавацца ў адносінах «дабро — зло», ён не думае ў тыя хвіліны, пры якім ладзе ён жыве, хто ім кіруе.
Цікавая ў гэтым плане гісторыя напісання «Пелі». Апавяданне выдумалася ў Кактэбелі і запісалася за дзве гадзіны (усе іншыя апавяданні, нават кароткія гумарэскі, звычайна выношваліся мною месяцамі, а то і гадамі) 19 жніўня 1991 года, пасля аб'яваў ГКЧП. Чаму такая тэма, калі вакол было столькі беганіны, блытаніны, чутак, плётак?..
Калі зрабіць нейкі прымітыўны псіхааналіз — можа, я неяк падсвядома зразумеў, адчуў, што і «дэмакратыя», і ГКЧП, і тое, што будзе следам — такая ж самая, часовая для чалавечага жыцця лухта, як і некалі «непахісны» сацыялізм?.. Пераменлівасць усяго, непастаянства — адсюль матыў балота? I, кажучы вобразна, сярод балота смуты — астравок пелі, купіны роднай травы як нешта знаёмае з дзяцінства, блізкае, увесьчаснае, за што можна схапіцца і ўратавацца?..
Не ведаю.
* * *
Герой рамана Г. Далідовіча «Свой дом» кажа нра беларусаў: «Калі і пасля гэтага (абвяшчэнвя БНР — А. Ф.), пасля прыняцця Граматаў, дзе дэкляруюцца свабоды, роўных якіім не было ніколі ва ўсёй Еўропе, народ нас не падтрымае — ён не варты звацца народам, не варты мець ні сваю дзяржаву, ні сваю гісторыю».
Словы правільныя, яны спраўджваюцца і цяапер. Але і ў іх — агульная, чамусьці заўсёдная памылка інтэлігента: чаму народ — гэта недзе, гэта нехта? А ты хто?
Пакуль, паўтаруся, будзе жыць хоць адзін не кажу ўжо добры беларускамоўны пісьменнік, — хоць бы адзін графаман, які будзе пісаць толькі для сябе, хоць бы на кепскай, зкалькаванай беларускай мове, з якога будуць насміхацца, пагарджаць ім — і тады нічога яшчэ не будзе страчана.
Бо і ён — той жа самы беларускі народ.
* * *
Канец дзевяноста другога года. На экраіне тэлеівізара, па расійскім канале: вядучы — журналіст, і вядомы паэт. Людзі, якія — я добра помню! — мацавалі ў свой час падмурак сацрэалізму, потым крушылі застой і ўводзілі сваю «дэмакратыю». Цяпер яны перажываюць трэцюю метамарфозу (колькі іх яшчэ наперадзе?). Я запісваю следам.