– Кааператыў?! — злосна выдыхнуў нехта з задняй парты. — Яшчэ адзін, ужо — выпраўлення душ людскіх?! Колькі вы яшчэ будзеце нас мучыць? Калі вы ўжо насыціцеся?
– Мы працуем бясплатна, — адказаў Чыгуначнік.
– Не веру! — адрэзаў голас. — Не можа быць, каб нечага не ўварвалі сабе! Хто вы ўвогуле такія?
– Ну, хай будзем кааператары, — усміхнуўся Чыгуначнік. — Так, можа, сапраўды, будзе больш даступна.
Тады хутка паднялася са свайго месца вясковая жанчына і пачала гаварыць нервова і горача:
— Бачыце, у нас такая як бы суполка... Мы, як бы гэта лепш растлумачыць, змагаемся з тым, што лічым злом, невялічкай сілаю. Мы дапускаем, у пэўных межах, фізічнае насілле над асобаю...
Жанчына даволі прывабна глядзелася ў сваіх вяскова-беларускіх строях, а сярод бацькоў большасць былі мужчыны. Ці то спадабалася яе эмацыянальнасць, ці проста ад таго, што яна блыталася і толкам мала што растлумачыла — а каму ахвота прызнавацца ў тугадумстве? — карацей, калі жанчына села, склалася ўражанне, што цяпер усё ўсім ясна.
— Усё гэта зразумела, — сказаў Аленін бацька, — але сказалі: насілле асобы, як гэта разумець? — і ганарыста вакол азірнуўся.
Яго ніхто не падтрымаў. Чакалі, відаць, больш аўтарытэтнага голасу. Устаў Міхлін.
— Маленькая дэталь, панове. Вы што, збіраецеся дзяцей... біць?
Чыгуначнік пераглянуўся з таварышамі.
– Мы лічым, — адказаў ён, — што за яўнае свінства можна крутнуць за вуха, паставіць у кут...
– А як жа правы асобы і дэмакратычныя...
Тут Міхлін замяўся, нібы зазлаваўшы сам на сябе, што выпадкова і так неабачліва ўжыў гэтае слова (у тыя часы яно выклікала ўстойлівае раздражненне.)
– Цьфу на тваю дэмакратыю! — «плюнуў» на ўвесь клас з задняе парты той самы голас, які крычаў нядаўна, што кааператывы замучылі. — Колькі вы нас яшчэ дурыць будзеце?! Усё нашае, таннае, пасплаўлялі ці перапрадаюць у дваццаць разоў даражэй і называюць гэта дэмакратыяй! Гады такія!
– Ідзіце на міітынг і там крычыце, — адрэзаў Міхлін. — Можа, спачатку трэба даслухаць, а потым крычаць? Я, наадварот, хацеў сказаць, што, ад Песталоці пачынаючы, усе вялікія педагогі дапусклі фізічнае... як лепш сказаць... Гэта аксіёма, што ў дзяцей ёсць схільнасць да анархізму, і гэтае фізічнае... як бы замацоўвае ў дзецях адчуванне, што дазволена не тое, што хочацца, а тое, што на карысць ім самім у перргу...
— Помню, мне ў застойны перыяд як лясне настаўнік па вуху! — разышоўся Аленін бацька.
— А мяне як лупілі! — азваўся яшчэ нехта. — Нічога, жывы-здаровы, выпрацаваў імунітэт, перажыў усе мірныя рэвалюцыі і пераходы на іншыя эканомікі. Будуць яшчэ пераходы — і тыя перажыву! Таму што з малых гадоў прывучаны і загартаваны!
Тут ужо ўсе засмяяліся, а хто і сам сабе нявесела ўсміхнуўся. Міхліін, які добраахвотна ўзяў ініцыятыву, спытаў:
– Дык вам трэба завізіраваць сваю згоду на вашыя... эксперыменты?
– Нічога, — развёў рукі Чыгуначнік. — Мы сабралі вас толькі для аднаго — каб ведаць, падтрымліваеце вы нас ці не?
Аленін бацька, якому страшэнна падабалася тут, раптам падскочыў і, павярнуўшыся тварам да класа, запляскаў. Усе — хто шчыра, а хто так, за кампанію, падтрымалі яго...
Калі выходзілі са школы, зусім сцямнела. Аленін бацька ўзрушана лапатаў, звяртаючыся да Міхліна:
— Нешта будзе, містэр Міхлін! Папомніце мае словы... Не можа быць, каб нічога не было!..
Ён аж усхліпнуў.
— Ідзі праспіся, – ціха і вельмі сур’ёзна сказаў Міхлін.
Аленін бацька стаяў і лыпаў вачыма, а Міхлін выйшаў за круцёлку, сеў у машыну і знік — з раздзела і з аповесці таксама.
Невядома, што паўплывала: расказы бацькоў, што Гімназія ўвяла нейкія новыя парадкі, альбо тое, што настаўніцу тэорыі грамадскіх навук Кэт звольнілі і павінен замяніць яе навічок, з якога можна будзе пасмяяцца, — невядома, але клас 7 «Б» быў поўны. Не прыйшла чамусьці толькі Элен.
У патрэбны час расчыніліся дзверы, увайшоў дырэктар Эджэн Стэпалтавіч і... Кэт!
За ўсю гісторыю існавання Гімназіі ўпершыню настаўнік, які засыпаўся на атэстацыі, з'яўляўся ў класе. Натуральна, першай рэакцыяй гімназістаў стала самая звычайная разгубленасць — і гэта зразумела, выпадак унікалыны, ніхто не ведае, як сябе паводзіць, што казаць, смяяцца ці абурацца... Найбольш хітрыя паварочвалі галовы на сваё начальства — якую рэакцыю яно выкажа? Ёсць жа Міхлін — галава, па сутнасці, усёй Гімназіі, ёсць свая класная рада — Джон Кладка... Але і адзін, і другі сядзелі маўчком і, было відаць, самі чакалі. Кладка ўвогуле на сябе непадобны быў: разгублены, спалоханы, бы прыбіты нечым...