Выбрать главу

Іосіф Бродскі

Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет...

Вершы
Калядны раманс

Яўгену Рэйну, з любоўю

Плыве ў журбоце беспрычыннай паміж цаглянага надсаду караблік зыркай аблачынай ад Аляксандраўскага саду, начны ліхтарык нечуваны, як ружа жоўтая, прыгожы, над галавой сваіх каханых, ля ног прахожых.
Плыве ў журбоце беспрычыннай пчаліны хор прапойцаў смешных. Глядзіць маркотнымі вачыма й фатаграфуецца замежнік, і выязджае на Ардынку таксоўка, хворая вякамі, і сталі мёртвыя ў абдымку з асабнякамі.
Плыве ў журбоце беспрычыннай спявак маркотны па бульвары, ля крамкі з газаю айчыннай – маркотны дворнік круглатвары, плыве з паненкаю кісейнай стары каханак-малайчына. Картэж апоўначы вясельны плыве ў журбоце беспрычыннай.
Плыве ў імгле замаскварэцкай плыўца ў няшчасце цяжкі подых, гучыць гаворкаю габрэйскай на жоўтых, на маркотных сходах, і, плывучы ў журбу з мілосці, каляднаю, нядзельнай госцяй сумуе пекная дзяўчына без дай прычыны.
Плыве ўваччу халодны вечар, дрыжаць сняжынкі на вагоне, марозны вецер, бледны вецер апёк чырвоныя далоні; ў агнёх мядовых далягляды і пахне смачнаю халвою, начны пірог нясуць Каляды над галавою.
Твой Новы год на хвалі сіняй за плыняй шуму гарадскога плыве ў журбоце беспрычыннай, нібы жыццё пачнем нанова, і будуць зноў святло і слава, удалы дзень і ўдосталь хлеба, нібы жыццё хіснула ўправа, хіснуўшы ўлева.

Пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч.

24 снежня 1971 году

V. S.

У Раство, хоць не ўзносім хвалы, ўсе мы трохі біблійныя магі: дзеля каўнай бляшанкі халвы у аблозе трымае прадмагі плоймай скруткаў нагружаны люд – кожны сам сабе цар і вярблюд.
Сумкі, торбы, авоські, кулькі, і гамонка не знае ўгамону; водар елкі, гарэлкі, траскі, мандарынаў, хурмы, цынамону; ды шукаць паміж трактаў дарма Віфлеемскі, і зоркі няма.
І нашэннікаў сціплых дароў перапоўнены транспарт хістае і выплёўвае ў зеўрах двароў, хоць вядома: пячора пустая – ні жывёлы, ні ясляў, ні Той, што ў кароне святла залатой.
Пустата. Ды ўспамін пра яе – як святло, што ліецца знікуды. Знаў бы Ірад: чым больш ён злуе, тым няўхільней калядныя цуды. Непарыўнасць пасеву й жніва – падставовая схема Раства.
Цуд бліжэе і ўсюды жыве, і яднае ў святое застолле ўсе сталы. Не патрэба ў Растве хай яшчэ, але добрая воля ў чалавеках відаць праз грахі. І не спяць ля агню пастухі.
Валіць снег. Аж расце да гаўбцоў. Трубы-коміны трубяць дачасна. Ірад п’е. Бабы туляць мальцоў. Хто прыйсціме – нікому не ясна. Мы не ведаем часу й прыкмет. Ці ж паверыць у прыхадня свет?
Ды калі на дзвярным скавышы яна выйдзе з туману густога, у хусціне, нібыта на мшы, – і Дзіцяці, і Духу Святога пазнаеш у сабе хараство. Бачыш зорку і кажаш: Раство.

Пераклад з рускай – Марыйка Мартысевіч.

Калядная зорка
Халоднай парою ў мясцовасці, звыклай хутчэй да пары спякотнае, схільнай да плоскасці болей, чым да гары, Дзіця ў свет прыйшло, Збаўца свету ад ночы самой; мяло, як толькі ў пустэльні можа месці зімой. Яму ўсё было велізарным: грудзі матчыны, жоўты шар каганца, тры цары – Мельхіёр, Бальтазар, Каспар; дарункі іх, дбайна ўцягнутыя ў стойла вала. Ён быў адно толькі кропкай. І кропкаю зорка была. Уважліва, не міргаючы, цераз густую сінь на Таго, хто ляжаў у яслях, з найвышэйшых вышынь, з іншага краю Сусвету, з другога яго канца, зорка глядзела ў пячору. І гэта быў позірк Айца.

Пераклад з рускай – Марыйка Мартысевіч.