Выбрать главу
Калядная зорка
Сцюдзёнай парою ў месцах, знаёмых хутчэй з парой гарачаю, з роўнай паверхняю болей, чым з гарой, Дзіця, што выбавіць свет, у пячоры на свет прыйшло; мяло, як толькі зімою ў пустыні месці магло. Было Яму ўсё завялікае: валы, іх дыханне; твар і грудзі матулі; цары – Мельхіёр, Бальтазар, Каспар – і іх падарункі, падцягнутыя да святла. Ён быў усяго толькі кропкай. І зорка кропкай была. Уважліва й неадрыўна з-за рэдкіх аблок на яслі і немаўлятка, што ў іх ляжала, здалёк, з глыбіняў Сусвету, з іншай мяжы быцця, зорка гладзела ў пячору. Бацька глядзеў на Дзіця.

Пераклад з рускай – Вера Бурлак.

Уцёкі ў Егіпет
У лёху (які-ніякі, а дах! Вярнейшы за гмах а простых кутах!) У лёху ўтульна траім было. Саломаю, зрэб’ем пахла цяпло. Агонь унутры быў, а звонку – змрок. У змроку завея малола пясок. І, згадваючы пра яе памол, храплі знепакоена мул і вол. Марыя шаптала, агонь гудзеў, Язэп задуменна ў агонь глядзеў. Дзіця, замалое для іншых спраў, драмала і сніла, як вол араў. Яшчэ адзін дзень прамінуў і знік, забраўшы трывогі і страхі, зык раз’ятранай Ірадавай арды, – і цэлым стагоддзем бліжэй гады. Спакойна было ў тую ноч траім. Праз дзверы ў прахон выпараўся дым, каб іх не трывожыць, і толькі мул у сне (або вол) сам сабе ўздыхнуў. Глядзела зорка цераз парог. Адзіным з траіх, хто напраўду мог ведаць, што позірк той азначаў, быў Немаўлёнак. Ды ён маўчаў.

Пераклад з рускай – Вера Бурлак.

Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет...
Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет. Пінкертонам да ранку раздолле, і сябе выкрываеш, бо знойдзены след – непадробны і твой, як ніколі. Цішыня, але светла над кожным жытлом, і ты бачыш сваімі вачамі кожны зорны аскепачак, поўны святлом, нібы лодачка – уцекачамі. Не аслепні, глядзі! Ты і сам уцякач, сучын сын, парушальнік закону, прайдзісвет. За душой – ні халеры, прабач. Пара з рота, бы профіль дракона. Памаліся, як Той, з Назарэту, пра шлях валацугаў далёкіх і блізкіх, аб калядных дарах, самазваных царах і пра ўсіх немаўлят у калысках.

Пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч.