Выбрать главу

— Ці то шляхта балявала, ці свінні пасвіліся, — паказваў сваю дасціпнасць Кляпнёў.

— Вы цынік, Эдуард, — сказала яму Мілана Феліксаўна, расстаўляючы чыстыя талеркі; яна заўжды памагала, лічачы сябе самай блізкай Вользінай сяброўкай, але ніколі не збірала, не адносіла і тым больш не мыла брудныя талеркі — грэбавала.

— Усе мы — цынікі,— глыбакадумна заключыў Кляпнёў.

Вольга Усцінаўна пасля такіх яго слоў раптам моцна ўзлавалася на гэтага тоўстага круцяля, які падхалімнічае, прыслужвае і ў той жа час, відаць, усіх ненавідзіць. Захацелася, каб калі-небудзь выкрылася, што Кляпнёў — любоўнік Міланы. Няхай бы з’еў самазадаволены Будыка!

Але тут жа засаромелася злосці сваёй і нядобразычлівасці. З-за чаго ёй захацелася няшчасця людзям?

Будыка збіраў вакол сябе слухачоў; яму яўна хацелася першаму і найбольш эфектна расказаць пра Віталію, пра яе маці. Іван Васільевіч не спускаў з яго вока. Аднак адцягваць папярэджанне нельга было: сп’янелы начштаба мог прарвацца ў любы момант.

— Валянцін, можна цябе на два словы?

Яны зайшлі ў спальню, дзе моцна пахла футрамі і духамі.

— Якую сенсацыю ты мне падрыхтаваў?

— Маленькае папярэджанне. Віталія дагэтуль не ведае, хто яе бацька. Ніколі не чула пра Сваяцкага.

— Ды што ты! Ай ды Надзя! Такая воля! Аднак для дарослай дачкі трэба нейкая легенда. Якая?

— Яе бацька — я.

— Ты? Я такі здагадаўся, што будзе сенсацыя. Што ж, можна зразумець. Але ці падумала яна…

— Не. У Надзі была легенда пра партызана, які загінуў. Я сам сказаў Віце гэта. Нядаўна. Яна прыехала паглядзець на сваіх сясцёр.

— Пазнаю Няхлюдава нашага часу. Замольваеш грахі?

— Не трэба, Валя, пра мае грахі.

— Ох, Іван. Ускладняеш ты сабе жыццё. У Надзі была самая разумная легенда. Яна мудрая жанчына.

— Хто-хто, а ты ведаеш: я ніколі не шкадую, калі што зрабіў…

— Усё-такі гэта талстоўства нейкае. Столькі праблем узваліць на сябе! Навошта?

— Я павінен сказаць сваім. Але не сказаў пакуль што…

— Іван! — Будыка прачула сціснуў сябраву руку. — Разумею. Можаш не папярэджваць. Сябрава тайна для мяне што дзяржаўная.

— Тайнай застанецца адно — пра Сваяцкага.

— Любіш ты рамантычныя гісторыі. Слухай. А дзед не помніць?

— Да яго, здаецца, не дайшло, хто такая Віталія. Калі ён да нас далучыўся! Тады ўжо быў сямейны лагер — колькі жанчын, дзяцей! Партызанскіх дачок і сыноў.

— Усё, Іван. Магіла. Але здзіўлены. Прызнаюся. Хоць і ведаю, што здзіўляць ты ўмееш. Пайшлі. І моўчкі вып’ем за Надзю. Хто ведае: каб не ты, мог бы не выстаяць я. Перад такой жанчынай! Усе мы чалавекі. Як яна? Пастарэла?

— Ды ўжо ж не памаладзела. Дачка вунь якая!

— Але, няўмольны час, — цяжка ўздыхнуў Будыка.

Калі яны выйшлі са спальні, Вольга Усцінаўна сказала ім дакорліва, але нязлосна:

— Змоўшчыкі старыя.

Яны не забыліся моўчкі выпіць за Надзю. Магчыма, Вольга здагадалася, за каго яны п’юць, бо іранічна спытала:

— Можна з вамі?

Тут жа далучылася Мілана.

— Я таксама хачу з вамі выпіць.

Не зусім тактоўна атрымалася ў адносінах да другіх гасцей. Але ніхто пра гэта не падумаў. Налілі, што трапіла пад руку, стоячы каля чыстага і менш, чым упачатку, загрувашчанага посудам стала.

— За што? — мабыць, не без хітрасці спытала Вольга.

— За іх. За нашых мужоў,— сказала Мілана.

— За нашу маладосць, — прапанаваў Іван Васільевіч.

Будыка ўздыхнуў.

— За вашу маладосць, — згадзілася Вольга.

— За нашу, — паправіла Мілана.

Кожны надаваў тосту свой сэнс.

XII

Працяг вечара быў зусім не падобны на першае яго аддзяленне. Разышліся госці паважныя, якія ўмеюць падоўгу сядзець за сталамі, піць, есці, зрэдку галасіць старыя песні. Уладу захапіла «ніжняя палата». Моладзь выкінула сталы на пляцоўку і пачала сваё вяселле. Яно захапіла і старых — тых, хто застаўся.

Магчыма, пад той настрой, які апанаваў напачатку, Івану Васільевічу шмат што з модных танцаў і песень і не падабалася б: нават вялікія вальнадумцы ў такім узросце робяцца маралістамі. Але дзіўна змяніўся яго настрой, раптоўна, у няўлоўны момант. З якой прычыны? Засмуціла нечаканае замужжа Лады і ўзрадаваў прыезд Віталіі! Але ж прыезд яе дасць нямала клопату — столькі праблем узваліць на сябе, як кажа Будыка. Ужо насцярожыліся Вольга, Лада, нават флегматычная Мая, хоць старэйшая дачка, бадай, не задаволена толькі адным: з-за лішняй госці ёй не будзе дзе спаць, і трэба цягнуцца па марозе дадому, у мікрараён.

Элегантная пара — Ладзіны сябры-фізікі — танцавалі твіст. Выкручваліся, звіваліся, як без касцей, аплывалі да долу, траха не лажыліся на паркет, і зноў павольна, мякка, нібы на нябачаных спружынах, узнімаліся. Незвычайна, але, бадай, прыгожа. Ім пляскалі.