Выбрать главу

Пад тую ж чужую музыку магнітафона Іван Васільевіч прайшоўся ўпрысядку, выбіваючы такты далонямі па паркеце. А мы ўмелі вось так! Дзе больш спрыту? А пасля парадзіраваў модны танец. Даволі ўмела. Моладзь не смяялася — заахвочвала крыкамі. Адной жонцы не падабалася. Вольга спыніла:

— Бацька, не блазнуй. Не з тваім сэрцам.

Кляпнёў, гэткі прагрэсіст, заўсёды за моладзь, разважаў уголас:

— Праз два гады ўсе бабулі будуць твіставаць. Гэта — як вузкія штаны. Ці даўно дружыннікі хапалі за іх?

— Даўно.

— А вы паспрабуйце. Вы! — Лада цягнула тоўстага абаронцу моды за руку, але ён упіраўся, бо танцаваць не ўмеў і не любіў выстаўляць сябе ў смешным выглядзе, асабліва перад жанчынамі.

Быў у Лады запіс для каханага — матроскі танец, энергічны, як усё на флоце, з галёканнем і прысвістамі. Яна сама ўключыла гэтую стужку і сама папрасіла ласкава:

— Саша! — хацела паказаць, што муж яе, які праз усё вяселле быў на дзіва маўклівы і непрыкметны, не такі ўжо ціхоня і недарэка.

Саша не ламаўся. Толькі пастаяў трохі, як бы выбіраючы найлепшы момант. І — кінуўся ў круг, як у мора з высокай палубы. Крутнуўся на адной назе і пачаў так выбіваць, што, напэўна, звінелі люстры і посуд ва ўсім доме на семдзесят кватэр.

Але і флоцкі танец упрыгожвае дзяўчына. Саша затрымаўся перад адной, другой — прасіў. Выйшла Віталія. Пайшла лёгка, проста, сарваўшы з шыі касыначку, памахваючы ёй. Нягледзячы на заліхвацкі, шалёны рытм танца, рухі яе былі на дзіва плаўныя, амаль павольныя. А Саша круціўся вакол яе з касмічнай хуткасцю. Але яна клікала другога, адзінага чалавека ў флоцкай форме — Васіля: для танца не хапала формы. Лада выпхнула брата. Саша сышоў з круга.

Васіль танцаваў горш за сябра — спакойна, можа нават крыху ляніва. Але ў яго была форма. А галоўнае — была пара: ён і яна. А таму з’явілася тая гармонія, той рытм душэўны, які заўсёды вышэй за самае высокае ўменне.

З таго часу, як Віталія, прычасаўшыся, крышачку падфарбаваўшыся, замест бурак абуўшы чаравікі, села за стол, Іван Васільевіч убачыў, як, не ў прыклад сёстрам, Васіль пацягнуўся да дзяўчыны. А яна да яго. Толькі па-рознаму. Віталія — да брата: яна ведала тое, чаго не ведаў ён. Спачатку Івана Васільевіча ўзрадавала такое хуткае іх збліжэнне, такі душэўны кантакт. А праз нейкі час спалохала. Страх ударыў нечакана, як прыступ болю. Захаладала ўсяродку, потым да поту стала горача. Не адной ёй, Віталіі, а многім блізкім людзям мусіць ён сказаць… няпраўду. Не, гэта амаль праўда! Гэта будзе праўдай! Але як яе сустрэнуць Вольга, дзеці? Безумоўна, па-рознаму. Але цяпер яго, па сутнасці, хваляваў толькі сын, больш ніхто. Як паставіцца Васіль? Расчаравала трохі Лада, яе такая халодная насцярожанасць да Віталіі — большая, чым у маці. Можа Вольга проста лепш умее схаваць свае пачуцці? Ва ўсякім разе, Лада ніколі раней, да вяселля свайго ці да прыезду жаніха, не была такая. Неяк яна ўмела хораша ўзняцца над бытам, над старымі, як свет, чалавечымі страсцямі ў касмічныя сферы навукі, і гэта ўзвышала і яе самую і тых, хто быў блізка да яе, — яго, напрыклад. А цяпер яна як звычайная жанчына. А можа ўся мудрасць жыцця менавіта ў гэтым вяртанні назад, да звычайных страсцей, на зямлю?

Загучаў вальс:

— Вальс устарел,— Говорит кое-кто, смеясь,— Век усмотрел в нем отсталость И старость.

Разабраліся на пары. Будыка апярэдзіў усіх — падхапіў Віталію. Яны кружыліся сярод моладзі. Валянцін Адамавіч нешта шаптаў дзяўчыне. Віталія весела смяялася. Раўніва чырванела Мілана, стоячы з гаспадыняй у дзвярах.

Кляпнёў не без злоснага намеру распальваў страсці — уголас захапляўся шэфам:

— Во каму зайздрошчу. Больш нікому. Ні маладому, ні генію. Не, вы паглядзіце, якая пастава! Якая грацыя! Маладыя перад ім што глісты…

Іван Васільевіч не зводзіў з гэтай пары вачэй, не прыкмячаючы, што, у сваю чаргу, за ім сочыць жонка; ён баяўся, што ап’янелы, узбуджаны Валянцін можа ляпнуць што-небудзь лішняе. Не вытрымаў. Галантна спыніў іх, папрасіў прабачэння і забраў у сябра яго партнёрку.

Кляпнёў абурыўся:

— Куды лезе! Пігмей…

Вольга Усцінаўна пакрыўдзілася за мужа, але змаўчала.

Як знарок, Васіль пабольшыў гучнасць, і музыка заглушала ўсе словы, смех. Віталія не смяялася пры ім, пры бацьку, зрабілася сур’ёзная, задумлівая.

— Табе падабаецца? — спытаў Іван Васільевіч.