Выбрать главу

— Я шчаслівая… — але праз момант растлумачыла: — Я шчаслівая, што трапіла на вяселле… Усё так проста… адразу знаёмства з усімі… і я ўжо — як свая… і больш мне нічога не трэба. Толькі пабачыць усіх, пазнаёміцца. Які ў мяне брат! Цуд!

— Як мама?

— О, мама ёсць мама! Яна так не хацела, каб я ехала. Так не хацела. Не разумею — чаму? Чым яна так напалохана, што жыве пад такім страхам?

— Твая маці — мужная жанчына.

— Відаць, мужнасць партызанская і мужнасць… звычайная… жыццёвая ці мацярынская, не ведаю, як сказаць, — розныя рэчы. Шмат хто з вас стаў іншы, чым быў тады.

— Твая маці не стала іншая.

— Вы рэдка бачыце яе.

Завальсіраваў Васіль, адзін, схіліўся перад імі ў нізкім паклоне. І Віталія адразу перакінула рукі з плячэй бацькі на плечы Васіля.

Задаволена рыкнуў Кляпнёў:

— Правільна! У адстаўку старых!

Іван Васільевіч пачуў гэта, але ніколькі не пакрыўдзіўся на Кляпнёва. Было весела, і ўсё прымалася — любыя жарты, любыя словы.

Пасля Васіль амаль увесь час танцаваў з Віталіяй. Ён не таіў свайго заляцання. Нахіляўся да дзяўчыны, шаптаў на вуха, закахана ўдыхаў пах яе валасоў і часам прыстойна і далікатна датыкаўся вуснамі да пасмачак на скронях. Віталія, ап’янелая ад віна, ад радасці, смяялася, магчыма, гучней, чым трэба. Смяяліся ўсе, і на яе ніхто не звяртаў увагі. Акрамя Лады. Іван Васільевіч бачыў, якія позіркі кідала на госцю дачка-нявеста, і гэта адзінае, што трывожыла і засмучала крыху. Няўжо і Лада можа расчараваць? Як Мая. Як зяць. Як Валянцін. Але, і Валянцін, хоць ён тут, вясёлы, задаволены, не прапускае ніводнага танца. Як некаторыя іншыя старыя сябры. За апошнія гады было замнога расчараванняў. Бадай, хопіць. Радаваў сын — вярнуўся назад, у яго бацькоўскае сэрца, такім, пра якога ён марыў. Радавала Лада. І павінна радаваць па-ранейшаму! Трэба змагацца за гэтую радасць! Валагодскі хлопец, што зваліўся як з неба, не павінен — не мае права! — так прызямліць яе, каб яна пазбавіла бацьку шчасця назіраць яе ўзлёт, бачыць, як гэтая родная чарнявая галоўка пранікае ў недасяжныя для многіх глыбіні будовы сусвету.

Віцька Дзюба таксама кахаў Ладу. Цяпер перажывае. Яшчэ больш ускудлачаны і пакамечаны, хадзіў ён з двума бакаламі віна і ўсіх запрашаў выпіць з ім. Але фізік быў п’яны, таму ніхто яго не падтрымліваў. Хлопцам ён казаў:

— Чорт з табой! Ты бяздарны тып.

Гэта абразіла такога ж сп’янелага і засмучанага Фелікса Будыку, і яны траха не счапіліся. Дзюба заліў кандыдату партвейнам новенькі касцюм.

Кляпнёў сказаў Дзюбу:

— Падонак!

— Сам ты падонак, — агрызнуўся студэнт на тоўстага апекуна.

Івану Васільевічу раптам захацелася, каб маленькі Дзюба зрабіў вялікі дэбош — пляснуў Кляпнёву па фізіяноміі. Але ўмяшалася Лада:

— Віця, ты ганьбіш фізікаў.

— Пардон, мадам, — сказаў Дзюба і асушыў нявыпіты бакал. — Я п’ю за ваша шчасце, мадам.

Мілана пайшла замываць сынаў касцюм.

Васілю хацелася танцаваць. З Віталіяй.

У другім пакоі за пустымі сталамі сядзелі паэт і камандзір і вялі бясконцую спрэчку пра партызанскую стратэгію і тактыку.

Пакрыўджаны фізік пайшоў да іх. Паскардзіўся:

— Я не ўмею танцаваць.

— А што ты ўмееш, патлаты? — нядобразычліва спытаў паэт, незадаволены, што перапынілі яго разважанні пра рэйд генерала Сабурава.

— Я ўмею расшчапіць атам.

— Праўда? — шчыра здзівіўся паэт. — У такім разе давай вып’ем. Сядай.

Праз пяць мінут партызанскі гісторык ператварыўся ў вялікага вучонага-атамшчыка. Стары камандзір атрымаў адстаўку і, пазяхаючы, пайшоў глядзець танцы.

Фізік і лірык крычалі, даказваючы адзін аднаму сутнасць сусвету і антысусвету.

Кватэра ператварылася ў начлежны лагер. Гаспадарам прыйшлося размяшчацца ў пакоі, дзе балявалі, на нешырокай канапе. У куце за сталамі, на падлозе, на Антанюковых паляўнічым плашчы і ватоўцы, смачна храплі паэт і фізік.

Іван Васільевіч лёг першы. Вольга Усцінаўна прыйшла, села на край канапы, распусціла валасы, прыбіраючы іх на ноч.

— Як я змарылася, — сказала яна.

— Дзіва што! Нават у мяне гудзіць усё цела.

— У танцах ты не адставаў ад маладых.

— А ў чым калі я адставаў?

Яна стрымана ўздыхнула. Памаўчалі. Іван Васільевіч разумеў, што абавязаны першы расказаць усю праўду, што эгаістычна і жорстка гэтак выпрабоўваць жончына цярпенне. Але страшэнна карцела пачуць, як Вольга сама спытае пра Віталію.

— Іван, я рэдка распытвала пра тваю партызанскую славу.

— Не трэба іроніі, Вольга.

— Маё шчасце, што я магу з іроніяй. Цяпер гэта лёгка. А каб ты ведаў, чаго каштавала мне гэта іронія тады… Ты думаў, што я нічога не ведала…