Выбрать главу

— Паеду дадому.

Васіля гэта проста ашаламіла.

— Чаму так раптам?

— Я ж на рабоце. Мяне адпусцілі на тры дні.

«Чаму так нечакана?» — не спытаў, як сын, але пакутліва думаў Антанюк. Сказала нешта Вольга? Не. Не падобна. Не магла яна нічога сказаць. Ды і калі? Жонка пайшла ў бібліятэку, калі Віталія яшчэ спала. Усе яшчэ спалі. Снедалі без Вольгі. Што здарылася?

Віталія абула буркі, надзела просты касцюм, у якім, пэўна, хадзіла ў школу, укладвала ў чамадан чаравікі, плацце, якое брала для тэатра.

Васіль стаяў побач, разгублена, як малы, прасіў:

— Ну пачакай хоць маму. І Ладу не пачакаеш? І Сашу? Як можна так, Віта?

— Яны не пакрыўдзяцца на мяне.

— Дзіўная ты нейкая. Не развітаўшыся? Віта! Прашу: застанься да вечара. Ты ж не казала, што табе абавязкова трэба паехаць сёння. Яшчэ ўвечары маўчала. Што здарылася за ноч?

— Мяне чакаюць дзеці.

Івана Васільевіча кранула гэтая сцэнка — як закаханы, просіць сын, і якая няўмольна-жорсткая, нечакана і невядома з якой прычыны, зрабілася гэтая дзяўчына. Ён паспрабаваў памагчы Васілю ўгаварыць яе:

— Няма ж поезда цяпер.

— Не, ёсць! На Брэст. Я паеду на Брэст. Мне так нават зручней. Я прыеду на нашу станцыю, калі развіднее і можна будзе ісці.

— Я хацеў перадаць маці які-небудзь падарунак.

— Навошта?

— Ну, няёмка так. Ты была ў гасцях…

— Ёй нічога не трэба! Я нічога не вазьму!

Пра падарунак сказала амаль са злосцю — як ударыла. Іван Васільевіч баязліва адступіў: лепш не чапаць чалавека, калі ў яго пагана на душы. Але з-за чаго?

Нават Васіль безнадзейна ўздыхнуў.

Віталія на міг памякчэла — правяла даланёй па Васілёвай шчацэ, якраз так, як маці яе дакраналася да яго, Антанюковай, шчакі ў апошнюю сустрэчу, і ўжо не па-жаночаму, па-мацярынску, гэтак і яна, Віталія: не як дзяўчына прыласкала і суцешыла хлопца — як сястра.

— Не трэба, Вася. Ты — добры. Я рада, што пазнаёмілася з табой. Я шчаслівая… — Паглядзела на Івана Васільевіча. Дзіўна паглядзела. Не то з дакорам, асуджэннем, не то шкадуючы яго — ён так і не зразумеў. Толькі адчуў не проста смутак — боль, амаль роспач. На душы стала вельмі пагана. Здавалася, зрабіў нешта брыдкае, нізкае. А што? Нічога ж такога. Але не мог пагаварыць з ёй адзін на адзін, не мог растлумачыць… А што тлумачыць? Яна ж казала там, у вёсцы, што зусім не трэба выкрываць іх тайны; яна прыедзе, каб паглядзець на сваіх сясцёр… Убачыць брата не спадзявалася. Ёй пашанцавала.

Захацелася правесці яе да поезда і па дарозе сказаць нешта, што — не ведаў, але адчуваў, што абавязаны сказаць нешта такое, што магло б неяк прасвятліць яе такі ад’езд, іх адносіны, супакоіць боль, як і свой. А з-за чаго ўсё-ткі ёй забалела? Урэшце, няцяжка здагадацца — з-за чаго. Не так мала прычын. І ўсё ўскладнялася. Яшчэ гэта Васілёва захапленне. Яно больш чым што магло ўзрушыць дзяўчыну і спалохаць.

Але праводзіць пойдзе ён, Васіль.

Яны ўжо апрануліся.

Віта падышла развітацца. Моцна, па-мужчынску сціснула руку. Іван Васільевіч затрымаў яе руку.

— Перадавай маме прывет. І ўсё. Шчасця ёй. Скажы: я глыбока ўдзячны ёй. І табе. Дзякуй, што прыехала.

— Вам дзякуй. Скажыце Вользе Усцінаўне, што я дзякую ёй за гасціннасць. А ты, Вася, пацалуй Ладу за мяне. Я жадаю ёй шчасця. Каб Саша хутчэй вярнуўся. І ты… Прыязджайце да нас тады. У нас — хораша. Асабліва ўлетку. Рэчка, праўда, у нас мелкая. Але Прыпяць недалёка…

Яна сказала гэта, звяртаючыся ўжо да Васіля, але пранікліва глядзела ў вочы бацьку і не адымала рукі. Позірк яе не быў мяккі, ласкавы, вочы не затуманьваліся, як туманяцца яны ў жанчын у хвіліны развітання. Не, яна глядзела жорстка, бадай-што асуджаючы.

Ён не вытрымаў, сказаў:

— Не крыўдуй на мяне, Віта. Я стары чалавек. І… не партызан ужо…

Тады яна рэзка адняла руку.

— Чаго мне крыўдаваць? — І амаль весела працягнула: — Што вы-ы, Іван Васільевіч, бацька наш партызанскі! Бывайце здаровы. Напішу — адкажыце.

Віта. Абавязкова. Скажы маці: я кланяюся ёй.

Вольга, вярнуўшыся з работы і даведаўшыся, што госця паехала, сказала:

— Яна разумная.

«Эгаістка! Дзеля ўласнага спакою і спакою дзяцей ты гатова выгнаць чалавека з дому! Найдабрэйшая з жанчын!» — траха не закрычаў Іван Васільевіч. Але разумеў, што зрывацца нельга, што ад гневу стане яшчэ горш яму ж.

Расчаравала і Лада. Яна, як і маці, бадай узрадавалася ад’езду Віталіі. Уласна, ёй такі эгаізм можна дараваць: не многа дзён засталося пабыць з мужам, кватэра не надта прасторная, кожны лішні чалавек замінае, а на дварэ — зіма, дзявацца больш няма куды. Але Лада вытлумачыла ад’езд госці незразумелымі намёкамі: