Выбрать главу

— Яна спалохалася Васіля. Ён жа ўтрэскаўся па самыя вушы. Гатовы быў тут жа прасіць яе рукі. А ёй нельга выходзіць замуж.

— Чаму нельга?

— Мала чаму. Можа ў яе там, у сяле, жаніх ёсць, — яўна хітравала дачка. Што яна ведае? Пра што здагадваецца? Яна ж заўсёды была з ім, бацькам, шчырая. Лада адыходзіць ад яго — і гэта яшчэ адзін боль.

Узрадаваў Васіль сваёй шчырасцю і непасрэднасцю амаль дзіцячай. Але і спалохаў. Правёўшы Віталію, ён цэлы дзень не вяртаўся дадому, блукаў недзе адзін, з’явіўся толькі ўвечары. Усёй сям’ёй селі піць чай. І сын пры бацьку, пры маці не пасаромеўся расказаць сябру:

— Правёў я Віту, і, ведаеш, Саша, што захацелася? Хутчэй скінуць бушлат. Паехаў бы я куды-небудзь туды, на Палессе. І стаў бы шафёрам у саўгасе…

— І ажаніўся б я з Вітай, — насмешліва працягнула Лада.

— А што? І ажаніўся б. Ты ж выйшла замуж за старшага матроса.

— А мора? — спытаў Іван Васільевіч.

— Мора застанецца морам.

— Саша мне расказваў пра тваю мару.

— Мары — што мора: фарбы яго мяняюцца многа разоў на дні. Ад воблакаў і сонца, — засмяяўся Саша.

— Калі вы так лёгка мяняеце свае мары, — нахмурылася маці, — мала толку будзе.

— Мы іх не мяняем, Вольга Усцінаўна, — сказаў зяць. — Яны самі. Пад уплывам абставін. Жывём сярод людзей.

— У сапраўднага чалавека павінна быць цвёрдая мэта, — увасобілася ў суровага педагога добрая маці і цешча. — Гэта філасофія бязволля. Чалавек павінен умець кіраваць сваімі ўчынкамі, настроем, сваімі пачуццямі. І марамі…

— Якая ты рацыянальная стала, — мякка, без іроніі, хіба толькі з адценнем здзіўлення, сказаў Іван Васільевіч.

Але жонка чамусьці ўзлавалася.

— Я заўсёды такая была. Ва ўсякім разе, не паддавалася першаму пачуццю, першаму парыву. А ваша пакаленне… Убачыліся адзін раз — гатовы ісці ў загс.

— Мама! — здзівілася Лада. — Ты, здаецца, дакараеш нас? Позна, мамачка! Трэба было рабіць гэта да вяселля.

Саша збянтэжыўся, пачырванеў.

— Я не пра вас, — спахапілася Вольга Усцінаўна. — Але нельга так, як твой брат. Убачыў дзяўчыну — і гатовы забыцца на ўсё: на службу, на вучобу. Шафёрам гатовы пайсці.

— А табе, мама, хочацца, каб я стаў акадэмікам? Не менш? Вось чаго не абяцаю. Аддаю гэта Ладзе, яна — геній, — Васіль пачынаў злавацца.

Івану Васільевічу не хацелася, каб за такім сталом, у такі час псавалі адзін аднаму настрой. Вольга, пры ўсёй яе разважлівасці, часам можа завесці зусім не на тую ноту.

— Ты сама прыехала да мяне ў Ціміразеўку, — нагадаў Іван Васільевіч.

— Ага, мама! — засмяялася Лада. — Выходзіць, не такімі ўжо святымі былі і вы!

— Параўнаў! — асекла мужа Вольга Усцінаўна. — Мы два гады дружылі, пісалі пісьмы. І прыехала я не за тым, каб выйсці замуж. Год чакала пасля, пакуль ты скончыш вучобу.

— Чакала! — пацвердзіў бацька задумліва — пэўна, успомніў нешта іншае.

— Час — разуменне адноснае. У каханні ёсць іншыя велічыні. Сіла кахання. Што яшчэ, хлопчыкі? Падказвайце — і мы выведзем матэматычную формулу, якую ніхто не абвергне, — Лада блазнавала, ёй не хацелася сур’ёзнай размовы — баялася, што маці залішне заглыбіць, і Саша не ўсё правільна зразумее, можа абразіцца. — Не забудзем папраўкі на тэмп жыцця. У касмічны век, мама, жыццё не можа ісці з хуткасцю таго трактара, які вывеў некалі наш бацька ў поле.

Але Вольга Усцінаўна не здавалася; нічым яе ў той вечар нельга было ўлагодзіць — ні жартамі, ні напамінкамі пра яе ўласную маладосць.

— Хутка згарыце, калі будзеце ляцець, як на ракеце, — сурова папярэдзіла яна ў адказ на Ладзін жарт.

Здзіўляла гэтая суровасць жанчыны, якая заўсёды была занадта добрая для дзяцей. Але Іван Васільевіч разумеў яе душэўны стан, хоць і не мог дакладна растлумачыць прычыну, бо, пэўна ж, не адна, а спалучэнне многіх прычын збунтавала яе спакой. Ён ашчаджаў жонку і памог Ладзе адвесці размову ў бяспечнае рэчышча. Ён быў добры ў той вечар. Ні злосці на каго-небудзь, ні раздражнёнасці, ні строгасці, наадварот, не ў прыклад Вользе, — замілаванне да дзяцей і любоў.

Але адно не праходзіла — адчуванне віны. Перад Віталіяй. Дзіўна. Урэшце, нічога ж асаблівага не здарылася. Мала чаго дзяўчына магла паехаць так раптоўна. Прычын многа розных. Няхай ён змаладушнічаў, паддаўся жончынаму страху. Але невядома яшчэ, як Віталія прыняла б раскрыццё іх тайны. Ці хацела яна гэтага? Можа нават абурылася б? А Васіль? Сапраўды, невядома, як паставіўся б да ўсяго гэтага сын.