Выбрать главу

У такіх жанчын, як Вольга, акрамя мацярынскага эгаізму, ёсць яшчэ інтуіцыя і мудрасць. Рэдка здаралася, што выходзіла кепска тады, калі ён слухаўся жонкі.

Але ўсе гэтыя развагі мала суцяшалі. Ды і не само адчуванне віны смактала сэрца. Яно — што той каменьчык, з якога пачынаецца абвал. Расло, як снежны ком, як пухліна, іншае — страх, што ён, адарваны ад вялікіх спраў, траціць характар, робіцца бязвольны і непатрэбны нават дзецям — не аўтарытэт для іх. Такія прыступы здараліся на пачатку вымушанага пенсіянерства. Але тады ён рабіўся злосны і дзейны. Ішоў дасварвацца з тымі, з кім не дасварыўся. Цяпер ні з кім сварыцца не хацелася. Цяпер ён добры, лагодны. І гэтая лагоднасць не падабалася, палохала.

Была яшчэ адна бяссонная ноч.

«Мне званіў Антанюк, каб не заворвалі ніводнага гектара».

«І я згодзен з Антанюком. Мы сячэм не сук — падсякаем карэнні».

«Іван Васільевіч, што ты робіш? Ты адзін — супраць усіх».

«Як бачыце — не адзін. Прыслухайцеся да голасу тых, хто росціць хлеб на полі, а не ў кабінетах».

«Гэта дэмагогія. Я мушу афіцыйна дакладваць у ЦК».

«Рыгор Фаміч, гэта даўно зрабілі без вас. Дакладчыкаў заўсёды хапае».

«Я паважаю вашу прынцыповасць. Але чаму я павінен верыць вам і не верыць буйнейшым вучоным, з якімі раіліся і якія падтрымліваюць усе палажэнні гэтай ідэі? Ёсць разлікі…»

«У мяне таксама разлікі».

«Я чытаў вашу запіску. Там многа цікавага. Але ж…»

Вось так — але ж… Ты — разумны чалавек. У цябе хапіла мужнасці нядаўна самакрытычна прызнаць: «Часам мы дапускалі валявыя рашэнні». Часам… Тыя ж, хто быў палымяным абаронцам таго «новага», і цяпер наперадзе. Іх разумныя памочнікі выпісваюць палажэнні з маёй запіскі і ўстаўляюць у даклады. Усё правільна! Усё пастаўлена на сваё месца! І я маўчу! Я магу радавацца: перамог.

«Пайду пагляджу хоць у яго вочы. Не прыняць ён мяне не можа. Проста цікава пабачыць, як ён будзе глядзець цяпер. Якімі вачамі».

«Не трэба, Іван. Я ведаю твой характар. Пасварышся. А каму гэта патрэбна?»

Ты мудрая, Вольга. Каму патрэбна, што я пасваруся з дурнем і кар’ерыстам?

Каму патрэбна, што я прызнаю Віту?.. Ты — добрая, ты не пілуеш, не дакараеш… Ты спіш… А мне трэба зноў глытаць снатворнае. Тварыць сон. Сон! І сніць жыццё.

Павел, ты хацеў бы, каб яна была тваёй дачкой? Так было б прасцей. Для ўсіх. Для яе. Для Надзі. Для Вольгі і нашых дзяцей.

Прызнаюся: я думаў пра гэта. Але не мог без тваёй згоды. І Надзя, бачыш, не магла. Назвала Шугановіча. Такога ж чыстага, як ты. Можа адчувала, што ён таксама кахаў. Гэтак жа, як ты. Моўчкі, сарамліва, па-юнацку. Я абакраў вас. Цябе — жывога. Яго — і жывога і мёртвага. Але ж ён ніводным позіркам не выдаў свайго кахання. А каб і выдаў, то было ўжо позна. Гэтак жа, як спазніліся тваё абурэнне і тваё прызнанне. Я быў аслеплены. Чым? Уладай? Адказнасцю, якую ўзваліў на сябе? Горам? Болем за пакуты людзей? Я быў старэйшы за вас. За цябе. За Васю. Я камандаваў вамі. І такімі, як Краўчанка. Дзядамі. Я ўмеў павесці людзей у бой. Але чагосьці я не ўмеў. Чаго? Лічыў, што ў галоўным — у вернасці народу, партыі — у мяне хапае моцы, перакананасці, а чалавечыя слабасці — іх спіша вайна. Хіба адзін я жыў па такой формуле? Не ведаю — як каму, а мне вайна нічога не спісала.

Раней, маладзейшы, у рабоце, у мітусні, я часам забываўся на тваё асуджэнне, Павел. Але яно вісіць нада мной. І мне цяжка. Даруй мне, брат. Я ўпэўнены: жывы ты дараваў бы. О, як мне хочацца пагутарыць з табой! Зараз. У гэтую бяссонную ноч. Цяпер модна паказваць у кіно, як забітыя на вайне бацькі прыходзяць да ўзмужнелых дзяцей. Я яшчэ не дажыўся, не дапіўся да такой містыкі. Не жадаю, каб ты прыходзіў такі, які паехаў з лагера. Такі ты нічога не зразумееш. А каб пажыў, то, напэўна, зразумеў бы і дараваў. Але ўсё роўна Віта ніколі не змагла б стаць тваёй дачкой! Навошта ж я пытаюся, ці хочаш ты, каб яна была тваёй дачкой? Яна — мая дачка!

«Табе ні разу не даручылі правяраць установы сельскай гаспадаркі? Ха-ха! А я думаў — ты сам баішся. Ажно цябе адціскаюць. Блізка не падпускаюць да той галіны, дзе ты лічыўся спецыялістам. Вось табе і кантроль! Ідэаліст ты, Іван. Увесь твой кантроль накіроўваецца тымі, чыю работу ты павінен праверыць у першую чаргу. Але ты прагнуў дзейнасці — і табе падсунулі мой інстытут. На, правярай. І ты ўзрадаваўся: пакажу сябе. І ловіш блох. Няўжо ты не бачыш, што некаму хочацца сутыкнуць нас ілбамі? Некаму гэта выгадна».

Валя… Валянцін Адамавіч… Ты быў ідэалістам тады, калі мы глядзелі смерці ў твар. А зрабіўся цынікам. Што цябе зрабіла такім? У цябе ж усё ішло як па масле. Дасягнуў такіх вышынь! Не без дапамогі ж людзей ты ўзнімаўся. А цяпер табе мрояцца адны інтрыгі. А я, біты і цёрты, не веру ў такое хітраспляценне інтрыг. А ў высокі сэнс усяе нашай работы веру. І ў кантроль. І ў крытыку. У выхаванне і перавыхаванне нават такіх пасівелых зуброў, як мы з табой.