Выбрать главу

Але праўда — чаму мне ні разу не даручылі праверыць сельгасустановы? Напэўна ж, там я разабраўся б лепш, чым у машынабудаванні. Адціскаюць? Нехта баіцца, што ўбачу і скажу пасля больш, чым трэба? Але ж ніхто не можа заціснуць мне рот. І ніхто не спісвае мяне. канчаткова. Успомнілі ж, запрасілі, прапанавалі… Але загаварыў гонар. А хто яго не мае, гонару? Ды мой гонар не падобны на твой, Валянцін. Я нічога не выгадваю для сябе. Заўтра я пайду да тых, да каго ў мяне захавалася павага, і скажу: «Дайце работу. Любую». Не, я напішу… «Дарагі Пётр Фёдаравіч! Не хачу выстаўляць сябе ні героем, ні пакутнікам. Не буду гаварыць пра мінулае. Час паказаў, чыя праўда… Не абяцаю, што ў будучым не папсую некаму нервы. Але прашу даць магчымасць прыкласці мае веды агранома і вопыт арганізатара да здзяйснення тых задач, якія выпрацоўвае партыя і якія — веру — памогуць хутка ўзняць сельскагаспадарчую вытворчасць».

Не, «хутка» — не тое слова. Хутка на зямлі нічога не вырастае. Ужо спрабавалі паскорыць вырошчванне хлеба і мяса — атрымалася тое, што цяпер назвалі валюнтарызмам. Не так проста стаць рэалістам. У палітыцы. У эканоміцы. У жыцці. Людзі, якія пражылі па шэсць-сем дзесяткаў, як дзеці выдумляюць і свае жаданні, і мары, і шляхі здзяйснення іх, і магчымыя вынікі сваёй працы. Лада сцвярджае, што кібернетычныя машыны не пакінуць месца для валявых рашэнняў. Любое такое рашэнне праверыцца матэматычна. Якое? Пра пасевы кукурузы? Пра нарыхтоўку мяса? Дарагі мой фізік, а якая машына зробіць разлік, за каго і калі табе выйсці замуж? Якая машына вырашыць, што лепш — сказаць Віце праўду, што яе бацька — здраднік і дзетазабойца Сваяцкі? Ці падтрымаць святую ману пра партызана? Што лепш — абвясціць усім вам, што Віта мая дачка, ці… Уключы свае машыны, Лада!

Ох, так не будзе канца да самай раніцы. Трэба выпіць снатворнага. Ды моцныя сродкі Вольга хавае, лічыць, што яны разбураюць нервы. Яна беражэ мае нервы. Знайсці магу, за два гады вывучыў усе яе схованкі. Ды ў кожным пакоі спяць дзеці. Не трэба іх будзіць. Няхай спяць. Некалі ў іх таксама будзе бяссонніца.

Пасля снатворнага амаль ніколі нічога не сніш. А мне хочацца, Павел, каб ты прыйшоў у сне. Хоць адзін раз. Я не містык. Але я хачу адчуць тваю жывую руку, убачыць жывы позірк тваіх вачэй. Няўжо мы так далёка адзін ад аднаго, што нават сасніць я цябе не магу?

А вось яна прыходзіць. Надзя. У сне. І так… асабліва калі я хварэю. Праўда, цяпер я занемагаю рэдка, загартаваўся, ніякая трасца не бярэ. Кажуць, на вайне людзей абмінаюць звычайныя мірныя хваробы. У мяне — наадварот. Там, у лесе, толькі запаленне лёгкіх разы два ці тры валіла з ног. Уласна кажучы, з маёй хваробы ўсё і пачалося.

У сакавіку ўжо, здаецца… Але, у сакавіку, бо, помню, сонца прыпякала, снег асеў, раніцой ехалі па шарпаку… Жуміга, ляснік, падказаў: добра было б на Жураўліным праз «гнілыя жылы», праз якія ў самае спякотнае лета не прабрацца, перакінуць кладкі, умацаваць іх і правехаваць патаемныя сцежкі, каб адны партызаны ведалі, як выйсці да тых перапраў. Пакуль трымае лёд, можна падвезці бярвенне. Балота гэтае было самым надзейным абаронным рубяжом — прыкрывала лагер з тылу. Але магло стаць і пасткай. Стары ляснік аказаўся большым тактыкам, чым мы з табой, інжынер Будыка. Пасля, у жніўні, калі баявыя ўзводы рабілі рэйд за Дняпром, кладкі тыя ўратавалі людзей. Кладкі. І браты Казюры. Яны затрымалі карнікаў, пакуль па тых кладках вывелі дзяцей, раненых.

Павезлі бярвенне. На адной з дальніх гнілін конь, каля якога я ішоў, праваліўся. Я кінуўся з сякерай, каб адсекчы гужы. Спалохаўшыся, конь ірвануў і падмяў мяне пад сябе. З галавой акунуўся ў ледзяную ржавую ваду. Ледзь выхапілі партызаны свайго камандзіра. Пакуль давезлі да лагера — абледзянеў, хоць прыгравала ўжо сонца. Увечары — тэмпература сорак. Нават фельчар наш адразу паставіў дыягназ: крупознае запаленне. Дні тры паліла так, што трызніў. Пасля хутка пачаў ачуньваць. На нервах цягнуў. Наступала вясна — няма калі залежвацца, трэба рыхтавацца да новых аперацый.

Пакуль яна, Надзя, хварэла, я часам заходзіў у жаночую зямлянку — паглядзець на яе, на дзіцятка — як гадуецца. І кожны раз пасля такога наведвання рабілася страшнавата, і я думаў: куды іх дзяваць?

А калі Надзя ачуняла, непрыкметна ўключылася ў жыццё лагера і Рошчыха хваліла яе — «якая работніца!» — страх мой знік, стала яна, як усе іншыя, партызанкай. І сустракаліся мы рэдка: на пастраенне жанчын не выклікалі, загадваць ёй непасрэдна не было чаго — Рошчыха загадвала. Даглядалі яны раненых ды хворых, мылі, шылі, латалі. Работы ў лагеры хапала. Ды яшчэ калі дзіця на руках.