Аднойчы я зайшоў у іх зямлянку па нейкай патрэбе, ці можа проста захацелася паглядзець на дзіця ў хвіліны смутку. У горача натопленай зямлянцы Надзя была адна, гушкала малую. Спалохалася, убачыўшы мяне.
«Як вам тут жывецца?»
«Дзякуй, Іван Васільевіч».
«Як ваша Віталія?»
«Дзякуй, Іван Васільевіч».
«Што гэта вы — „дзякуй ды дзякуй?“ Навошта мне так дзякаваць?»
«Ратавалі вы нас…»
«Не дзякуйце больш за гэта».
Няёмка стала мне. І непрыемна. Крыўдна за такую яе рабскую прыніжанасць. Хапіла мужнасці кінуць мужа-здрадніка, дом і за тыдзень да родаў паехаць у лес. На што спадзявалася? На нашу чалавечнасць? Дык трымай і далей сябе гэтак жа — мужна, дзёрзка, з гонарам, жаночым, мацярынскім. Не згінайся ні перад кім! Так, помню, я падумаў.
Размова ў нас не атрымалася тады.
Хворага мяне даглядала Рошчыха. І моцна-такі абрыдла сваім старэчым бурчаннем. І раптам аднойчы вечарам прыйшла Надзя — паставіць банькі. Фельчара камісар паслаў у Загонне — там хварэлі дзеці, разгаралася эпідэмія адзёру ці шкарлятыны, не помню. Фельчар даручыў ёй паставіць банькі.
Адразу ўразіла, як смела яна са мной павіталася, загаварыла, — перад хворым усе смялеюць. І ўмела, як прафесійны медык, рабіла сваю справу.
«Лажыцеся ніц. Так. Падушачку пад грудзі, мякчэй будзе ляжаць. — Падняла сарочку, пашкадавала: — Ой, ды ў вас жывога месца няма ад банак. Любіць наш Ісак Львовіч банькі».
Самагонам працірала спіну. І гэты дотык мяккіх жаночых рук усхваляваў. Замёр я, сціх і… разгубіўся, як некалі яна перада мной, не ведаў, пра што гаварыць.
Хутаючы мяне кажухом, яна ціхенька правяла рукой па валасах, прыгладзіла іх, ускудлачаныя на патыліцы. Гэта было ўжо занадта. Жаночая ласка зусім расслабіла камандзірскую волю. Застаўся мужчына, якому да душэўнага трапятання хацелася гэтай ласкі.
У зямлянцы свяціла добрая лямпа: Будыка прыладзіў яе ў мяне над галавой, каб я мог пачытаць, застаючыся адзін.
Надзя села на табурэцік воддаль, каля століка. Я прыўзняў галаву, каб бачыць яе. Яна не збянтэжылася ад гэтага майго разглядання (пэўна ж, да хворага жанчына ставіцца, як да дзіцяці), але звыклым рухам паправіла спадніцу на каленях. Такі звычайны інстынктыўны жэст, які можна назіраць многа разоў на дні, знаходзячыся сярод жанчын. Але тады і жэст гэты ўсхваляваў. І збянтэжыў, як хлапчука. Цяпер помню тое адчуванне.
Ачуняўшы ад пасляродавай гарачкі, за два месяцы яна папаўнела, паружавела. Здалася мне вельмі прыгожай. Я здзівіўся, што раней не прыкмячаў яе прыгажосці. Пэўна ж, з такога адкрыцця і здзіўлення нараджаецца каханне. Я апусціў галаву на падушку і спытаў зноў пра дачку:
«Як ваша Віталія?»
Надзя больш не сказала: «Дзякуй, Іван Васільевіч», — а пачала ахвотна, як кожная маладая маці, расказваць пра дачку: што яна ўжо смяецца і многіх пазнае — Рошчыху, фельчара, Шугановіча, любіць, калі Ісак Львовіч выносіць яе з зямлянкі, сосны здзіўлена разглядае. І яшчэ многа ўсялякіх драбніц. Але я дрэнна слухаў. Раптам апаліла думка, што фельчар ці яшчэ нехта не толькі будзе гушкаць дзіця, але можа прыгарнуць, прыгрэць і маці. Семдзесят мужчын навокал! І я абурыўся супроць такой магчымасці. Мяне сапраўды нібы апаліла. Што гэта? Імгненная любоў і рэўнасць? Ці гонар? Які? Мужчынскі? Камандзірскі?
«Правадыру племені — лепшы конь і лепшая жанчына».
Не, ніколі я не быў такім «правадыром племені». Я мог пагарачыцца, мог наламаць дроў, але ніколі не пераступаў чалавечых законаў. Але мог быць гонар — і мужчынскі, і камандзірскі. Аднак, безумоўна, з’явілася ў той жа міг нешта такое, што мацней за волю, за розум.
Калі Надзя зняла банькі і я павярнуўся на спіну, яна схілілася паправіць падушку. Я ўзяў яе рукі і прыціснуў да сваіх гарачых шчок.
Яна сказала:
«Не трэба, Іван Васільевіч», — але рук не адняла.
Я пацалаваў загрубелыя ад працы пальцы. Тады яна ўспыхнула, разгубілася, вусны скрывіліся, вочы наліліся слязамі. Я адпусціў яе рукі. Надзя хутка пайшла. Пасля прызналася, што да таго ніхто не цалаваў ёй рукі.
Я правёў бяссонную ноч. Але і Вася Шугановіч не спаў, хроп адзін Будыка. Вася спытаў:
«Не спіцца, Іван Васільевіч?»
«Удзень выспаўся. Больш за тыдзень адлежваюся. А ты чаму не спіш?»
«Паміраюць у Загонні дзеці, Іван Васільевіч. Што рабіць?»
Хлопчык мой дарагі, за ўсё ў цябе балела сэрца: за сосны і за дзяцей. За песні. І за мой настрой.