Раніцой Надзя прынесла снеданне ў камандзірскую зямлянку. Да таго заўсёды прыносіла Рошчыха. Пасля — абед. І вячэру. Будыку гэта спадабалася: яго, кадравага афіцэра, абурала, што Рошчыха бурчыць на нас, як сварлівая цешча, і лае, як хлапчукоў. А Надзя такая ветлівая, далікатная! Прыемней есці кашу, раскладзеную ў міскі яе рукамі. Вася Шугановіч, наадварот, чамусьці хмурыўся. Адчувалася, што Надзя баіцца камісара. Ці саромеецца. Вася такі мяккі быў, чулы, уважлівы, інтэлігентны, аднак усе яго саромеліся — і маладыя і старыя.
На трэці дзень Надзя прынесла абед, калі я зноў застаўся адзін: Шугановіч выбраўся ў прапагандысцкі паход па вёсках — перад сяўбой пагаварыць з сялянамі пра нашу, партызанскую вясну. Будыка кіраваў будаўніцтвам патаемных складаў.
Я пачаў уставаць ужо. Сядзеў каля прыёмніка і лавіў Маскву, каб паслухаць апошнюю зводку з франтоў. Мы мусілі эканоміць батарэі, і прыёмнік наш чуць шаптаў. Каб нешта пачуць, трэба было бадай прыкладаць вуха да дынаміка. Я запрасіў Надзю паслухаць. Мы сядзелі галава да галавы, трохі не датыкаючыся адно да аднаго, і я больш услухоўваўся не ў перадачу, а ў яе дыханне, п’янеючы ад водару валасоў, якія пахлі дзіцем і хвояй. Вельмі хацелася абняць жанчыну. Але стрымаўся.
Магчыма, сама яна адчувала небяспеку ў такім акружэнні мужчын і таму шукала абароны ў таго з іх, хто меў большую сілу. Цягнулася да старэйшага. Дзе ты, Павел, быў у той час? У разведцы? Так, ты некалькі дзён не з’яўляўся ў лагеры. Але прайшлі месяцы. Тры месяцы! І за той час у цябе не хапіла смеласці сказаць Надзі і ўсім, што ты даўно кахаеш яе, яшчэ з інстытута? Табе яна паверыла, з табой паехала ў лес, у такім стане, пасярод зімы.
Ты мог быць бліжэй да яе, чым хто іншы. Якія мы былі ідэалісты ўсе. Нават я. Нават суровая Рошчыха. Здаецца, у той дзень Рошчыха сказала:
«Нешта Надзя зачасціла да вас у зямлянку. Раней сілком нельга было прымусіць пайсці… Глядзі, камандзір, не закруці амуры. Даведаюся — літасці не чакай. Размалюю на партсходзе, як бог чарапаху. Не хапае нам яшчэ маральнага разлажэння».
Наіўная жанчына! Хацела папярэдзіць! А выйшла наадварот. Узбунтавалі яе словы. Закранулі гонар, зноў-такі — камандзірскі і мужчынскі. Каб Рошчыха мной камандавала! Каб Рошчыха ўказвала, што я маю права рабіць, чаго не маю! Пакахаць, выходзіць, не маю права! Бо і тут, у лесе, на вайне, вісіць над галавой ханжаская формула. Да д’ябла ўсе формулы і ўмоўнасці! Я адказваю за лёс людзей. Адкажу і за свае пачуцці. І калі гэта любоў — нішто не спыніць мяне, Рошчыха, ніякія твае папярэджанні!
— Ты ўсё яшчэ не спіш, Іван?
— Сплю.
— Я прачнулася і адразу пачула, што не спіш. Я па дыханні тваім пазнаю… А ты яшчэ шаптаў…
— Лічыў да тысячы, як ты раіла.
— Што цябе завяло? Выкінь усё з галавы.
— Там і так не вельмі поўна.
— Пастарайся не думаць ні пра што.
— Стараюся.
— Снатворнага не дам. Не чакай.
— Я не прашу. Спі.
— Прасі работу, Іван. Прасі. Ты катуеш сябе.
— Ты сама заводзіш мяне. Не перашкаджай. Я буду спаць.
«Не кідайце нас, Іван… Не кідайце».
«Надзя, супакойся. Хто вас кіне! Трымайся побач».
«Калі што — застрэль. Загадай хлопцам, каб застрэлілі…»
«Што ты плявузгаеш? У каго ўзнімецца рука?»
«Іван, лепш смерць, чым трапіць да іх. Лепш смерць…»
«Мы будзем адбівацца да апошняга патрона».
«Дай мне пісталет. Дай мне пісталет! Я павінна мець зброю!»
«На табе пісталет. І сціхні. Чуеш? У цябе — нервы».
«Не. У мяне дзіця. Дзіця у мяне, Іван!»
Ідзе дождж. Шуміць у скалечаных соснах. Мы ляжым на ўзлессі. Нас жменька, сем ці восем чалавек. Але ў іншых месцах — другія такія ж групы. Гэта не прарыў з блакады. На прарыў мы ўжо хадзілі. Двойчы. Не прарваліся. Тры дні нас малацілі, што снапы цапамі. Мінамі. Бомбамі. Патрушчылі ўвесь лес — апошні наш прытулак пасля пераходу цераз Астахаўскія балоты. Мы намерваліся адарвацца ад іх пасля тыднёвага бою. Але ў карнікаў таксама галовы на плячах. Яны разгадалі наш манеўр. Тры дні поўнага акружэння, поўнай блакады. Няма чаго есці. Няма патронаў. Растала брыгада. Эсэсаўцы ведаюць нашы сілы і магчымасці і, напэўна, заўтра прачэшуць лес з аўтаматамі. Чакаць нельга. Адзінае выйсце: ратуйся, хто як можа! Не, гэта не стыхія. Гэта тактыка, наша, партызанская. У гушчары выкапалі патаемную зямлянку, схавалі там тых раненых, хто не можа ісці. Замаскіравалі. Не знойдуць сабакі — хтось застанецца жывы. Вернемся, забяром, вылечым. Усе іншыя разбіліся на такія вось групкі. Ёсць, здаецца, па два чалавекі. Без камандзірскіх загадаў. Кожны выбіраў, з кім яму пайсці і ў які бок. Пойдзе дваццаць ці трыццаць груп. Нехта наскочыць на заслону карнікаў. Пачне няроўы бой. Нехта загіне. Але пад гэты шум нехта ж прарвецца. Веру: большасць прарвецца. І брыгада будзе жыць! Як дарэчы дождж! Божа, каб я верыў у цябе, то памаліўся б тады і цяпер за тваю ласку. Той майскі дождж — колькі ён ратаваў добрых людзей! Прыглушыў шум крокаў, змыў сляды…