Выбрать главу

Прытупіўся боль ад раны ў плячы і самы пякучы боль — у сэрцы, боль, горыч паражэння, разгрому. Што здарылася — не вернеш. І мёртвых не вернеш. Трэба думаць пра жывых. Не, сёння амаль кожны сам сабе камандзір. Я веру ў людзей — у іх хітрасць і спрытнасць. Выйдуць! Многія выйдуць. І збяруцца ва ўмоўленым месцы! Выйсці б толькі мне. Урэшце, гэта не мае вялікага значэння. Нехта ж выйдзе. Камісар. Будыка. Касач. Каткоў… І збярэ атрады, брыгаду. Я магу ляжаць спакойна. Мог бы, каб не гэтая жанчына, не гэтае паўтарагадовае хворае дзіця… Праклінаю сваю слабасць: колькі разоў намерваўся ўладкаваць іх у бяспечным месцы, ды так і не здзейсніў свой намер. Надзя пераканана, што для яе і Віты — самае бяспечнае месца пры штабе брыгады, пры мне. О, гэтая жаночая прывязанасць!

Перад наступленнем карнікаў быў мой загад: жанчын, дзяцей, хворых рассяліць у вёсках, растварыць у насельніцтве. Хто не выканаў загад? Надзя прыйшла на балота з групай Будыкі.

Ціха. Толькі дождж шамаціць у маладым лісці кустоў. Няўжо ніводная група яшчэ не рушыла?

І раптам прачынаецца дзіця. І крычыць. Крычыць на ўвесь узлесак. Галоднае, хворае. Маці гушкае, просіць, затуляе тварык, каб заглушыць крык. Маці ў роспачы.

Вось і прайдзі нячутна міма вартавых. Такога дзіцячага плачу ніхто не заглушыць. Хіба толькі страляніна. Кананада. Яго ўжо, напэўна, чуюць. Няхай чуюць, няхай ведаюць, што мы тут, з жанчынамі, з дзецьмі. Гэта можа нават памагчы другім.

«Вітачка, красачка, ягадка мая, змоўкні, змоўкні, мая маленькая. Божачка, каб ты ведала!»

Адпаўзае ўбок нехта з партызан нашай групы. На ліха яму рызыкаваць! Лепш ён пойдзе адзін ці далучыцца да каго іншага! І я не магу спыніць яго! Не магу загадаць! Кожны ішоў з кім хацеў, куды хацеў. Такі пешні загад камбрыга і камісара! Галоўнае — вырваць з гэтага пякельнага катла хоць жменьку людзей, аснову будучых новых атрадаў. Лагун пайшоў з Катковым. Будыка застаўся з намі! Дзякуй табе, Валя. Дзякуй. Заўсёды ты ў небяспецы побач!

Яшчэ адзін адпаўзае. І мяне апаноўвае страх, такі, якога не было ніколі ў самыя крытычныя хвіліны. Нават тады, калі тануў у дрыгве і навокал — нікога. Гэта таксама страх адзіноты. Але якой? Застацца аднаму з Надзяй і хворым дзіцем, якое заходзіцца ад плачу, тут, перад ланцугом карнікаў? Тады ўжо сапраўды выйсце адно…

«Дай дзіця!» — голас у Будыкі асіплы, чужы, суровы.

«Не дам!» — шэпт, як крык на ўвесь свет, на ўсю зямлю. Адчайны крык маці.

«Дай дзіця!»

«Не дам! Застрэльце спачатку мяне! Мяне…»

«На чорта ты каму здалася!» — ніколі гэтак груба Будыка не гаварыў з Надзяй. Няўжо азвярэў перад тварам небяспекі? Але самае страшнае, што я не маю сілы асекчы яго, загадаць змоўкнуць. Аднак, што ён надумаў? Навошта яму дзіця? Паўзе. Паўзе да нас. Ці ад нас? Не, дзіця я табе не аддам! Паміраць — дык разам з ім.

«На, напаі яе самагонкай».

«Віту?»

«Віту».

«Памрэ…»

«Не памрэ. Засне. Будзе спаць».

Ты мудрэц, Валька! Ты вялікі вынаходца, інжынер Будыка! Прадбачлівы чалавек. І запаслівы. Любы іншы ў такім пекле даўно выжлукціў бы гэтую самагонку. А ты захоўваў флягу да апошняй хвіліны.

«А вось цяпер вып’ем, — сказаў ты, калі мы выйшлі без бою і да світання прыбеглі ў Прыбарскую пушчу, шэсць чалавек, Віта — сёмая. — Цяпер сам бог хоча, каб мы выпілі. Усім па глытку. Але піць сумленна. Першаму — камбрыгу. А Віце больш не дамо. Малая п’янюга!»

І Надзя засмяялася і заплакала адначасова, затрэслася ў нервовым прыступе, забілася аб зямлю, аб карэнні елкі, пад якой мы селі.

Не спадзявалася, што смерць міне і гэты раз. А хто спадзяваўся?

ХІІІ

Недаробленая справа не давала спакою. Ніхто больш не званіў, не прыспешваў, а ўсё адно рупіла: трэба ж неяк закончыць гэтую праверку, зрабіць высновы, напісаць заключэнне. Не дзеля таго, каб абвінаваціць кагосьці, дарэмна Будыка нервуецца. Каб звярнуць увагу партыйных, гаспадарчых органаў на істотныя прамашкі ў рабоце вельмі патрэбнага інстытута.

Тры дні пісаў заключэнне. Адзін. Паехаў у інстытут, каб пазнаёміць Будыку і партком перад тым, як даць падпісаць членам камісіі. Адчуваў, што прыйдзецца трымаць бой: сакратар парткома — за дырэктара. Але менавіта гэта і ўзрушыла, узбадзёрыла, узняло настрой. Такі ён быў перад кожным боем, там, у партызанах, дзе ў баі лілася кроў, і пасля ў бяскроўных баталіях — на калегіях, нарадах, пленумах.