Выбрать главу

Ехаў і выпрацоўваў план абароны і наступу. Прыкідваў, вывяраў і аргументы людзей, якія будуць пярэчыць, уяўляў твары тых, хто будзе маўчаць. А, між іншым, чаму многія маўчаць? Замнога маўчуноў для такога вялікага і своеасаблівага калектыву. Варта і пра гэта сказаць.

У доўгім інстытуцкім калідоры перахапіў зяць. Нібы знарок падсцерагаў.

— Іван Васільевіч, хачу пагаварыць з вамі. Можна?

— Тут?

— Ага.

— Такая тэрміновая справа, што нельга пачакаць?

— Можна, але…

У Генадзевым голасе і ўсёй паставе зніклі самаўпэўненасць, развязнасць, іронія. Вярнулася сыноўская пачцівасць, павага да старэйшага, мудрэйшага; такім ён быў у першыя гады жыцця ў Антанюковым доме. Гэта прыемна ўразіла Івана Васільевіча, і ён, як кажуць, клюнуў на прыманку.

— Дзе ж нам пагаварыць?

— Ды лепш тут, у холе.

— Давай тут, калі нядоўга.

Яны пайшлі па калідоры да невялікага хола — месца сустрэч курцоў. Там стаялі нізкія крэслы, два столікі з попельніцамі, у кутках — дзве пальмы, на адной вісела: «Не кідайце акуркі ў вазоны». Яны не селі — стаялі пад пальмай. Генадзь ламаў пальцы — выдаваў сваю ўсхваляванасць.

— Не ведаю, як пачаць. Вось так… Я вам не чужы чалавек, Іван Васільевіч. Ад маёй работы залежыць шчасце нашай маладой сям’і. Можа памыліўся, што пайшоў сюды. Але ж я не сам папрасіўся. І мне падабаецца тут. Перспектыва ёсць. Толькі каб падтрымалі. Але ўжо нехта пачынае плесці інтрыгі. Усё спачатку ішло добра. Сам Валянцін Адамавіч хваліў. Я стараўся. А тут раптам загадчык лабараторыі чапляецца. Вядома, пачаліся прыдзіркі. Я малады інжынер, памылкі могуць быць. Але хіба так трэба выхоўваць маладых? Сёння ў загад, трапіў. Папярэджанне. Адразу папярэджанне! За месяц. Я ж ведаю, як гэта робіцца. Папярэджанне, пасля — вымова. А там — будзь здароў. І ніякі прафсаюз, ніякі суд не абароніць. Пагаварыце, калі ласка, з Валянцінам Адамавічам. Папрасіце… Ён слова скажа…

Іван Васільевіч адступіў на крок ад зяця, нібы для таго, каб лепш разгледзець даволі ўжо мажную постаць у модным касцюме: Генадзь купіў сабе новы касцюм, перайшоўшы ў інстытут, — каб быць на ўзроўні выгляду вучоных.

— Ты помніш нашу размову, маю… не параду, не… просьбу?

Нешта змянілася ў Генадзевым твары. Іван Васільевіч не адразу нават зразумеў, што з’явіліся тыя ж агідныя рыскі самаўпэўненай перавагі. Зяць па-зладзейску азірнуўся: ці няма каго блізка?

— Вам жа выгадна, каб я прыжыўся тут. Магу, калі трэба, такія факцікі сабраць…

— Пайшоў прэч! — крыкнуў Іван Васільевіч на ўвесь паверх.

Генадзь уміг змыўся — ведаў цесцеў характар.

Антанюка ажно закалаціла ўсяго. Было адчуванне, быццам плюнулі ў душу.

Жадаючы памагчы старому сябру, калектыву, рабіў ён гэтую праверку. Спрачаўся, сварыўся. Але не збіраў факцікі. «А ты!.. Чуць зачапілі цябе, папярэдзілі за нядбайства, відаць, і ты гатовы збіраць факцікі. Знайшоў сабе кадр, Валянцін Адамавіч! Можаш радавацца. Ці ты ўжо і сам раскусіў яго і даў каманду выжыць? Усё роўна не робіць гэта табе гонару. Ні тое, як ты нарадзіў яго, гэты кадр. Ні тое, як хочаш забіць».

Будыка стрэў дзіўна. Па-рознаму страчаў ён свайго былога камандзіра: з шчырай радасцю, з іранічнай весялосцю, з самалюбаваннем, пры людзях — афішыруючы дружбу, з насцярожанасцю і незадавальненнем, калі працавала камісія.

Цяпер жа нічога гэтага Валянцін Адамавіч не выявіў. Нават непрыветлівасці ці раздражнёнасці: зноў, маўляў, прынеслі цябе чэрці. Былі ў яго выглядзе нейкая змрочная абыякавасць і стомленасць, ажно пасінела пад вачамі і запаліліся павекі, быццам чалавек даведаўся, што невылечна хворы. Івана Васільевіча шчыра ўстрывожыў такі Будыкаў выгляд. Але ў кабінеце сядзеў супрацоўнік, і не было як адразу спытаць, чаму сябра такі. Калі планавік выйшаў, Валянцін Адамавіч сказаў сам, не чакаючы запытання:

— Можаш парадавацца: наша работа вылецела за спіса на першым туры абмеркавання. Памаглі лепшыя сябры! — ён нядобра хмыкнуў.

Антанюка ашаламіла: з-за прэміі такая змрочнасць, такі настрой?

— І для цябе гэта трагедыя?

Будыка зірнуў спадылба, адказаў узлавана:

— Але, для мяне гэта трагедыя!

— Валянцін! З чаго ты робіш трагедыю? Чаго табе не хапае? Грошай? Славы?

— Чаго мне не хапае — твайму прымітыўнаму розуму непасільная задача. Прэмія трэба не аднаму мне! Калектыў…

— Не хлусі! Перш за ўсё ты думаеш пра сябе. Не прыкрываліся калектывам!

— Даволі з мяне тваёй ханжаскай маралі. Знайшоўся духоўны ойча! Хопіць!