— Відаць, ужо ніхто і нішто не здыме мяне з гэтай галеры. Але я хачу, каб над ёй свяціла сонца. І побач былі людзі…
Лада гаварыла трохі супярэчліва.
Івана Васільевіча не аднойчы здзіўлялі віражы ў логіцы яе жыццёвай філасофіі. У найскладанейшых навуковых высновах мысленне яе куды больш паслядоўнае, няўхільнае. Між іншым, гэта не толькі ў яе. Нават Будыка — і той увесь час здзіўляў такімі вось заскокамі і пераскокамі.
Няхай Лада ў нечым крыху і рысуецца. Але яе прызнанне пра грошы, даверлівы расказ пра самае інтымнае — пра пачуцці свае пасля замужжа — і ўвогуле ўся размова жыццятворным бальзамам запаўнялі душэўную пустэчу, абуджалі ранейшую цікаўнасць да праяў жыцця. Іван Васільевіч быў удзячны дачцэ.
Яны доўга гутарылі пра розныя другарадныя рэчы, нават паспрачаліся пра новы фільм. Ён чакаў, што Лада загаворыць пра Віталію. Чакаў і баяўся. На яе шчырасць трэба адказаць такой жа шчырасцю і праўдзівасцю. А што сказаць? Якую праўду?
Лада нічога не сказала пра Віталію. Быццам не існавала яе. Гэта і супакоіла і расчаравала: Лада столькі гаварыла пра набліжэнне да людзей і ў той жа час нібы не жадае прызнаць чалавека, які жыў у доме побач у дні яе найбольшай радасці. Не думаць пра Віталію дачка не магла. Значыцца, у нечым тоіцца, не ўсё раскрывае, што ў душы.
Калі Лада, нарэшце, пайшла, Іван Васільевіч пахадзіў па пакоі ў роздуме, потым колькі разоў энергічна і весела, па-маладому, прысеў і пачаў адзявацца: захацелася пагуляць па марозе.
А ўвечары пазваніў Будыка. Як ведаў, што ў камбрыга змяніўся настрой. Невядома, што было б, каб пазваніў да размовы з Ладай.
— Што робіш, дзед?
— Шукаю некралог у газетах. Думаў, памёр, што прэмію не далі.
— Заразны ты чалавек, Іван.
— Чым я каго заразіў?
— Каго — прынцыповасцю, каго — казлінай упартасцю.
— Цябе — чым?
— Мяне — дружбай.
— Стары падхалім!
— Вось такой абразы табе не даруюць. Не я, Міля. Які я стары? Запытай у яе.
— Хвалько!
— Прыходзь каньяк піць. Маю пляшку французскага.
— Не чакай.
— Трымаеш прынцып?
— Трымаю.
— То і чорт з табой.
— Няхай застаецца з табой. У цябе з ім больш сваяцтва.
— Ох, і даў мне бог друга!
— Бог даў, бог можа забраць.
— Не дзьміся, певень. Я першы схіляю галаву. Папку табе вярнуць?
— Прышлі. Я не ўсё напісаў, маю новыя думкі.
— Пішы, пішы. І нагою калышы. Неглыбока арэш. Недахопы ў рабоце інстытута я выкрыў глыбей. Прачытай маё пісьмо ў ЦК.
— Адкуль такая самакрытычнасць?
— Ды вось адтуль.
— Ход канём?
— Канём ці сланом — думай, як хочаш. Я стаўлю тэхнічныя праблемы. А ў цябе што? Кадры, партработа… дробязь.
— Калі табе захацелася адвесці душу, не чапай гэтых спраў. А то я табе зноў скажу, што дробязь, а што не дробязь.
— Маўчу. Дык не хочаш убачыць маю прасветленую фізіяномію?
— Не.
— Што ж, пачакаю. Каньяк не скісае. Кланяйся Вользе.
— Прывет Мілане.
Дваістае пачуццё было ад гэтай телефоннай размовы. Але тое, што Будыка ўсё-такі пазваніў першы, таксама ўзрадавала. Значыцца, даражыць яшчэ дружбай. Колькі разоў яны сварыліся вось так! Не заўсёды меў рацыю ён, Антанюк. Але заўсёды першы ішоў на прымірэнне Валянцін. Што гэта? Слабасць яго? Ці сіла?
XІV
Запрасіў на размову чалавек, да якога Іван Васільевіч ніяк не мог «загарэцца любоўю». Ні раней, ні тым больш цяпер. Чалавек гэты першы закрычаў пра «апартуністычныя памылкі Антанюка». Па сутнасці, ён стварыў «справу Антанюка». З зацятай непрымірымасцю патрабаваў звальнення, суровай вымовы і г. д. Каб не разумныя людзі, вышэйшыя па становішчы за гэтага «вартаўніка ідэйнай чысціні на палях», прыйшлося б табе, Іван Васільевіч, на старасці гадоў зарабляць сваю пенсію на пасадзе падшыўшчыка папер; работу агранома-практыка наўрад ці даверылі б. Хіба толькі цяпер, пасля пленума, вярнулі б, але, безумоўна, не на ранейшую пасаду. Куды там! Занята месца.
Нядаўна прачытаў: праведнік гэты і прынцыпіял на адной з нарад выступіў з прамовай, у якой амаль цалкам паўтарыў яго, Антанюкова, «апошняе слова», — тады, на тым пасяджэнні, ён сказаў усё, што думаў. Гэты аж падскокваў ад абурэння ці хутчэй за ўсё ад радасці, што першы выкрыў такога апартуніста. «Чуеце, што ён кажа? З якімі настроямі чалавек кіраваў адной з важнейшых галін…» Цяпер Сямён Сямёнавіч раней за ўсіх змяніў погляды, перабудаваўся. Хто не памыляецца! Мы, маўляў, выканаўцы волі вышэйшага. Сустрэне, вядома, абдымкамі: умее пакараць, умее і прыламаць. І прынцып у яго: хто старое памяне…