Ён, Антанюк, не злапомны. Але, на сваю бяду, нічога не забывае. І акцёр дрэнны: не сыграе павагі і пачцівасці. Сапсуе настрой дзяржаўнаму чалавеку, нашкодзіць сабе.
Вырашыў: не ісці. Калі размова сапраўды сур’ёзная — няхай пакліча той, хто тады падтрымліваў яго, Антанюка. Былі такія людзі.
Але Вольга не ўхваліла такога рашэння, хоць звычайна падтрымлівала яго гонар. Яна мякка і далікатна пачала ўпрошваць пайсці. Маўляў, не цалавацца табе з ім, не ад свайго імя ён мусіць прапанаваць табе работу — ад імя дзяржавы. Безумоўна, не яго гэта ініцыятыва. І лічы, што гаворыш не з Сямёнам Сямёнавічам, а з пасадай, якую ён пакуль што займае. Каб ведаў, што жонка, накшталт іншых жонак, так настойліва ўгаворвае з эгаістычных меркаванняў — з-за грошай, становішча, — нізавошта не пайшоў бы. Не, у Вольгі іншае. Ёй здаецца, што гэта апошняя магчымасць вярнуцца на работу, якая, на яе думку, патрэбна яму, як паветра. Засмучаць жонку не хацелася. Жыла ўдзячнасць за яе тактоўнасць і стрыманасць: пасля ад’езду Віталіі — ні слова пра яго адносіны з Надзяй і наогул пра ўсё мінулае.
Пайшоў.
Сямён Сямёнавіч і праўда стрэў траха не з абдымкамі. Іван Васільевіч адчыніў дзверы — той ужо пасярод кабінета, на квяцістым дыване, мажны, вясёлы, усмешка — на ўвесь шырокі, па-мужыцку просты твар. Ціснуў доўга руку. Ляпнуў па плячы.
— Рад вітаць, рад. Даўно не бачыў. Як жывеш? Што не заходзіш? Пакрыўдзіўся? Дарэмна, дарэмна. Хто не памыляецца! — аднак не ўдакладніў, хто з іх дваіх памыліўся. — Як сям’я? Усе здаровы? Дзякуй богу.
Сам пытаў — сам адказваў. Аптымістычна. Ведаючы гэтую ягоную звычку, Іван Васільевіч некалі пажартаваў — на пытанне: «Як сям’я? Усе здаровы?» — адказаў з засмучаным выглядам:
«Дрэнна, Сямён Сямёнавіч».
«Што такое?»
«Бабуля памерла».
«Твая?»
«Ага».
«І ты так засмучаны?»
«Вырасціла яна мяне».
«Колькі ж ёй гадоў?»
«Дзевяноста сем».
«Колькі? І ты ў такой жалобе па такой бабулі?» — вельмі ўразіла Сямёна Сямёнавіча гэта, і ён паўгадзіны з усёй сур’ёзнасцю суцяшаў асірацелага ўнука.
Але вось такі ён, Сямён Сямёнавіч. Уваходзяць піянеры вітаць з’езд — стаіць у прэзідыуме і, не саромеючыся ўсяе залы, плача, як бабёр, — ад замілавання. А праз дзесяць мінут кідае з трыбуны самыя сур’ёзныя палітычныя абвінавачанні таварышу па рабоце, які некалі ў нечым не згадзіўся з ім.
Антанюк не «клюнуў» на запытанні пра сям’ю, пра здароўе. Такая яго стрыманасць насцярожыла Сямёна Сямёнавіча. Крыўдзіла чалавечая няўдзячнасць. Але ён умеў велікадушна ўзвысіцца над дробязнымі крыўдамі.
Сеўшы за мадэрнізаваны стол, пачаў доўгую — не сказаць, што нецікавую для таго, хто слухае ўпершыню, — лекцыю пра асушэнне і асваенне балот на новым тэхнічным і агранамічным ўзроўні.
Антанюк ведаў: умее таварыш паказаць сваю эрудыцыю. Але не мог не здзіўляцца: няўжо настолькі чалавек страціў пачуццё меры, такту, дыстанцыі, што вось так выстаўляе свае веды перад ім, аграномам, — ды яшчэ як! — бессаромна, у вочы, паўтараючы яго, Антанюковы, даўнішнія выказванні.
Карцела сказаць: не займайся плагіятам, дарагі Сямён Сямёнавіч. Але, помнячы жончын наказ і свае абяцанні, маўчаў, цярпліва, слухаў. Хоць урэшце ўсё-такі не вытрымаў — перапыніў:
— У меліярацыі пашыраюцца штаты?
Сямён Сямёнавіч здзівіўся — не адразу дапяў да сэнсу пытання. Зразумеў — засмяяўся.
— Не церпіцца даведацца, што табе прапануюць? Не. Не ў меліярацыі,— і назваў пасаду, раўназначную той, якую Антанюк займаў да свайго вымушанага двухгадовага адпачынку. Здаецца, усё добра, але… Івана Васільевіча ашаламіла прапанова. Па-першае, гэта была іншая галіна, належала займацца не вырошчваннем хлеба і мяса, а перапрацоўкай у гатовыя прадукты. Што ж, урэшце, можна пакаштаваць, як кажуць, і такога хлеба, работа не менш удзячная. Але… яшчэ адно: непасрэдны начальнік — Каралькоў. Той самы, што рваўся першым вылецець з партызанскай зоны. Выпадковасць? Ды не, здаецца, Сямён Сямёнавіч з Каральковым — сябры.
— Каралькоў ведае, каго яму прапануюць у намеснікі?
— А як жа… Больш: скалеў: гэта яго асабістая просьба.
— Дзіўна.
— Што цябе так здзіўляе?
— У нас з ім складаныя адносіны. З вайны.
— Што там у вас было? Бабу не падзялілі ў атрадзе, ці што? — рагатнуў Сямён Сямёнавіч, хітра зажмурыўшы вочы пад рудаватымі, як бы выгаралымі на сонцы, брывамі. Груба даў зразумець, што ведае ўсе Антанюковы грахі. Але, магчыма, убачыўшы, як наведвальнік змяніўся з твару, ведаючы яго характар, дакорліва, як бацька непаслухмянаму сыну, паківаў галавой і сказаў лагодна: