Выбрать главу

— Злапомны ты чалавек, Іван Васільевіч.

— Не злапомны. Але да Каралькова не пайду.

— Многа можаш страціць.

— Што я магу страціць? Пенсію?

— На пенсію тваю ніхто не замахваецца, але калі ты сапраўды хочаш працаваць…

— Я сапраўды хачу працаваць.

— То раю падумаць. Падумай. Парайся з жонкай, з сябрамі. Не спяшайся. Навошта нам спяшацца, Іван Васільевіч? Мы ўжо немаладыя людзі. У такім узросце трэба дараваць крыўды…

— …і замольваць грахі,— уедліва падказаў Антанюк. — Я гэта раблю.

Ён кіпеў, і гэтае кіпенне, напэўна, адчуў Сямён Сямёнавіч. Узняўся з крэсла, выпрастаўся, акінуў позіркам кабінет, як бы выстаўляючы сваю веліч, свой сан: маўляў, не ўздумай абразіць у службовым кабінеце!

Іван Васільевіч стрымаўся: на ліха яму лезці на ражон. Выйшаў узрушаны, але, пакуль спускаўся па лесвіцы, амаль супакоіўся. Нават не пацягнула пагуляць, як звычайна пасля такіх размоў. Цешыла нечаканае Сямёнава талстоўства: «Трэба дараваць крыўды…» Усё-такі, відаць, грызе цябе сумленне. Хочацца, каб табе даравалі…

Была адліга. Раставаў снег. Ён выпаў уначы, і вуліцы не паспелі ачысціць нават тут, у цэнтры, перад урадавым будынкам. Пад нагамі — слізкая калатуша. У паветры пахла вясной.

Вольга выслухала моўчкі. Цяжка ўздыхнула.

— О божа!

— Чаго ты божкаеш?

— Нічога, — і пайшла на кухню.

Гэтае яе «о божа!» — горш за самыя мнагаслоўныя папрокі. Апаноўвала злосць. Але і шкада было жонкі: яна ўбіла сабе ў галаву, што ратунак яго толькі ў працы. Ад чаго ратунак? Хіба ён мала працаваў? Хіба цяпер сядзіць склаўшы рукі?

Вольга вярнулася праз нейкі час. Сказала нібыта весела, нібыта ў жарт:

— Каб я была, як іншыя жонкі, то прадзяўбла б табе макаўку за такія «конікі»… Ты горш за Васю, калі яму было семнаццаць… У дваццаць тры ён сам паразумнеў, а ты…

— Вольга, гэта не «конікі». Ёсць прынцыпы.

— Але я не такая, як іншыя. Ва ўсім не такая. Не, — і раптам заплакала.

Івана Васільевіча ў першы міг жончыны слёзы ашаламілі: з-за чаго трагедыя? А пасля — вырвалася злосць.

— Не рабі з сябе пакутніцу! Брыдкая роля! Лепш ужо крычы. Бі талеркі! Упікай за ўсе грахі! Я буду цярпець. Але ні ты, ніхто не прымусіць мяне кланяцца Каралькову ці Сямёну.

Дні праз два пасля гэтае размовы выпадкова сустрэў на вуліцы свайго выхаванца, супрацоўніка, які гадоў шэсць назад па ўласным жаданні паехаў у саўгас, — Казіміра Захаравіча. Непаседлівы такі хлопец быў, хударлявы, вельмі не любіў паперы пісаць і любіў у камандзіроўкі ездзіць.

Іван Васільевіч не бачыў яго гады тры. Сустрэчы абодва ўзрадаваліся.

— Як жывеш, Казімір?

— Хіба не відаць па мне? — дырэктар саўгаса надзьмуў ружовыя шчокі, ткнуў у іх кулакі, грымнуў рогатам на ўсю мнагалюдную вуліцу.

— Чорт ведае, ад чаго вас так разносіць. Я ж ведаю жыццё дырэктара. Цэлы дзень на нагах… У пяць устаеш, на свежым паветры…

— То, мабыць, ад паветра, Іван Васільевіч, — зубаскаліў Захарэвіч.

Слова за слова — то сур’ёзнае, то жартаўлівае — і адчулі, што есць у іх пра што пагаварыць, хочацца пасядзець. Прыхапілі пляшку, падаліся да Антанюка на кватэру. Спачатку гаспадарылі самі. Потым вярнулася жонка. Нанава падала на стол.

Калі добра пагаварылі — кожны з іх умеў расказаць і ўмеў паслухаць другога (рэдкі талент) — і трохі выпілі, Захарэвіч нечакана заключыў:

— Іван Васільевіч, плюнь ты на ўсё і хадзем да мяне галоўным аграномам.

Міг стаяла цішыня. Гаспадары глядзелі госцю ў рот. Госць збянтэжыўся: няўжо пакрыўдзіў такой прапановай? І раптам Іван Васільевіч бухнуў рогатам. Адкінуўся на спінку крэсла, задраў галаву і проста-такі заліўся смехам. Захарэвіч зусім сумеўся: смяюцца з яго, дурня.

— Вольга! Чула? Далібог, геніяльна. А травы заараў?

Захарэвіч усё яшчэ не разумеў. І Вольга не разумела. Іван Васільевіч зноў засмяяўся. І тут жа змоўк.

— Ты сур’ёзна?

— Сур’ёзна, — няўпэўнена адказаў дырэктар.

— Не баішся?

— А чаго мне баяцца?

— Вопыту ў мяне больш.

— Тым лепш.

— Згодзен! Вольга! Я згодзен! Як не падумаў дагэтуль, што мне трэба вярнуцца не ў мяккае крэсла, а ў сваю маладосць, да зямлі, да людзей, што робяць на ёй. Так проста і так мудра! Я ж мог даўно. Не, не мог. Тады, да кастрычніка, мяне, відаць, ніхто не ўзяў бы і ніхто не зацвердзіў бы — травяніст, антыкукурузнік. А цяпер, думаю, не адважацца пярэчыць. Ні абком, ні райком.

— У райкоме ў нас рады будуць, Іван Васільевіч.