— Значыцца, па руках?
Ляпнулі далоняй аб далоню, як цыганы. Засмяяліся.
— Вып’ем за маю будучую працу! Вольга! А ты чаго нахмурылася? Не згодна?
— Мяне нічога ўжо не здзіўляе, Іван, у тваіх паводзінах. Але калі цябе паклічуць на бюро райкома — чаму не перавозіш сям’ю? — прыйдзецца табе афармляць развод, — яна сумна ўсміхнулася.
Захарэвіч заспакоіў з сур’ёзнасцю ап’янелага чалавека:
— Не перажывайце, Вольга Усцінаўна. Цяпер на бюро не цягнуць: чаму сям’я не пераязджае? Нікога ж гвалтам не пасылаюць, як некалі. Самі едуць. Просяцца. Да таго ж мы — лічы, што прыгарадная гаспадарка. Шэсцьдзесят нейкіх кіламетраў. А што цяпер паўсотні вёрст? Не на валах ездзім. Вось прыедзеце да нас — пабачыце. Улетку адпачываць будзеце… Лес у нас… бор… Да Беразіны, праўда, далекавата. Але што нам нейкія сем ці дзесяць кіламетраў!
Вольга маўчала. Нібыта згаджалася. Але калі дырэктар саўгаса, нарэшце, развітаўся, дамовіўшыся, што чакае Антанюка праз два дні, машыну прышле па яго, жанчына занепакоілася. Не знаходзіла аргументаў, каб адгаворваць мужа. Ды і ведала, што ніякія адгаворы не памогуць. Іван хадзіў следам за ёй з пакоя ў пакой, на кухню і даказваў, як гэта нечакана, але здорава. Урэшце, будзе аплявуха таму ж Сямёну Сямёнавічу. У яго, напэўна, спытаюць: дзе Антанюк? Не па сваёй жа ініцыятыве выклікаў на размову. А Антанюк — вунь ужо дзе!
— Безумоўна, і там я буду пад яго кіраўніцтвам. Але ж далёка. Не дацягнецца. Кіраўніцтва будзе даходзіць у выглядзе папер. А выконваць можна па-свойму. Творча! Уся соль у гэтым. Я ўмею…
— І пагарыш у першае ж лета на сваёй творчасці.
— Ды лепш ужо згарэць у чыстым полі, чым у цёплым клазеце.
— Не блазнуй, Іван. Ты выпіў. Раніца мудрэйшая за вечар.
— Дарэмна ты спадзяешся на ранішнюю мудрасць. Я даў чалавеку слова. Хіба парушыў я калі сваё слова?
— Жыццё парушала, — хітра ўхілілася жонка ад напамінкаў, якія, напэўна, былі б горкім папрокам.
Іван Васільевіч здагадаўся, што жонка мае на ўвазе, і зноў — каторы раз! — у душы падзякаваў ёй за тактоўнасць і стрыманасць.
Вольга ўсё-такі спадзявалася на ранішнюю цвярозасць: астыне, адумаецца. Але калі прыйшла Лада і бацька з радаснай узбуджанасцю сказаў пра нечаканую прапанову дырэктара саўгаса і пра сваю згоду і Лада ўхваліла, не адразу, падумаўшы, выказаўшы нават сумненне — а ці па гадах такая работа? — а ён пачаў горача даказваць глыбокі сэнс такога звароту на зямлю, Вольга Усцінаўна зразумела, што цяпер ужо ніхто і нішто не спыніць гэтага ўпартага і няўрымслівага чалавека. Калі хто і сарве назначэнне ў гэты саўгас, ён знойдзе другі ці любы калгас, перадавы, адсталы — усё адно. Цяпер яму ўжо ўсё роўна, куды ехаць: ідэя звароту на зямлю цалкам завалодала ім. Вось так ён некалі застаўся ў партызанах. Яна ведала, што райком назначыў яго адказным за эвакуацыю жывёлы. Два тыдні ён лётаў па калгасах, арганізоўваў выган. Яна спадзявалася, што муж на сваёй райзаўскай палутарцы паедзе за статкамі і яе з Маяй павязе з сабой. А ён, калі загрымела пад Рагачовам, завёз сям’ю на станцыю, пасадзіў у эшалон і на развітанне, абдымаючы, прашаптаў:
«Там мяне не шукай. Не хвалюйся. Я застаюся тут».
«Дзе тут, Ваня?»
«У сваім раёне».
«Чаму?»
«Так мне захацелася. Глядзі! — нікому ні слова. А то якая-небудзь выскачыць з вагона, адстане і будзе пляскаць…»
Што яна магла сказаць тады?
Цяпер другі час, не тыя гады. Але што сказаць яму цяпер?
Яна прызналася:
— Не разумею я твайго бацьку, Лада. Трыццаць гадоў жыву, і усё жыццё ён задае загадкі. Я стамілася разгадваць іх.
Лада засмяялася.
— Мама! Элементарная часцінка тоіць у сабе мільён загадак. А гэта ж — чалавек!
Усё расчынена насцеж — вароты ўнізе, праз якія заязджаюць машыны, дзверы на ток і сушыльныя пляцоўкі, выцяжныя люкі. Моцны скразняк прадзімае абодва паверхі. Ажно вые ў вентылятарах. Няцёплы скразняк — патыхае яшчэ рэшткамі таго снегу, што недзе ляжыць у лесе і на касагорах.
Добра праветрываецца сховішча. Але ніякая сіла не можа выдзьмуць жывога водару збажыны. Ён густы, настоены за зіму. І — дзіўна! — не перамешаны: пах кожнай збажыны трымаецца асобна, не то каля сваіх засекаў, не то напластаваны адзін на адзін па вертыкалі, але дзе цяжэйшы, дзе лягчэйшы — немагчыма адчуць.
Так, каля пшаніцы пахне пшаніцай — мяккі, тонкі, проста-такі булачны водар. Аднак чуць павернеш галаву — і тут жа ловіш востры пах лёну — алейны настой зляжалага насення. А ён далёка, лён, не ў засеку, — проста на падлозе, пад выгнутым, як гусіная шыя, кожухам пнеўматранспарцёра — геаметрычна правільная залатая гара, вакол яе чысценька падмецена. Здаецца, завіхрыцца скразняк — і ўся гара гэтая задыміць, як вулкан, узнімецца залатым смерчам і ўсё хараство знікне ў жалезным жэрле транспарцёра.