— Іван Васільевіч, пашкадуй.
Малады скептык глядзеў на галоўнага агранома са шчырым захапленнем. Смяяўся.
— Казімір Лявонавіч! Даў нам прыпёку стары партызан!
Стоячы на ўзгорку, дзе зямля ўжо падсохла, прагрэлася і рунь па-вясноваму зазелянела, Іван Васільевіч па жартаўлівых рэпліках, па іншых дробязях, па тым, напрыклад, як прыкурвалі, як смяяліся, адчуў: раптам змяніліся адносіны да яго гэтых двух саўгасных кіраўнікоў. Быццам ён вытрымаў самы цяжкі экзамен. Смешна гэта. Аграному патрэбны не моцныя ногі, а добрая галава. А якая галава — меркаваць можна па ўраджаі. Але, пэўна, уражанне зрабілі не ногі паляўнічыя, а настойлівасць, воля і ўменне па-гаспадарску ўбачыць пасевы: дзе трэба пасеяць, колькі гектараў, чым засеяць адмоклыя ўчасткі. Прапанаваў пасеяць кукурузу на сілас — Захарэвіч засмяяўся, задаволены.
— А ты не такі ўжо антыкукурузнік, Іван Васільевіч, як цябе распісвалі.
Пасля, у машыне ўжо, дырэктар у найлепшым гуморы, проста-такі ап’янелы ад вясны, па-камсамольску задорна заклікаў:
— Браткі! Давайце папрацуем так, каб пра нас слава пайшла!
Грыц хмыкнуў — паказаў, што і да славы таксама ставіцца скептычна. Гэтае яго хмыканне збянтэжыла Захарэвіча. І не спадабалася Антанюку, які адчуў шчырасць душэўнага парыву ў закліку Захаравіча: сапраўды хочацца чалавеку папрацаваць з новай сілай, з новым разгонам — і дзеля асабістае славы, і дзеля больш высокай мэты, і ён шукае такіх саюзнікаў, якія памаглі б не за страх і зарплату, а па загаду сэрца і сумлення, ад такога ж светлага гарэння, як у яго.
Можа Захарэвічу спачатку здалося, што запрошаны ім галоўны аграном па гадах сваіх не здолее ўжо загарэцца. Не той саюзнік. І раптам у гэтым паходзе на полі ўбачыў: ды не, можа яшчэ стары! Яны, Захарэвіч і Антанюк, як бы настройваліся на адну хвалю. А гэты скептык перашкаджае. Сказаў нешта накшталт таго, што вышэй пляча рукавы не закасаеш і вышэй пупа не скокнеш…
Іван Васільевіч з маладым запалам кінуўся ў спрэчку:
— Кіраўнік у наш час не рукавы павінен закасваць. Як мы планавалі дагэтуль? Часам пад націскам людзей, якія ў эканоміцы ні бэ ні мэ. Давайце запросім вучоных, няхай зробяць эканамічны аналіз гаспадаркі, дадуць навуковыя прагнозы. Далібог, акупяцца затраты…
Грыц хмыкнуў.
— Мяне здзіўляе, што вы, стары, пацёрты жыццём чалавек, верыце ў лысых склеротыкаў ці ў піжоністых кандыдатаў, якім абы дысертацыя ды месца ў горадзе. Ведаю іх.
— Я веру ў навуку.
— У некаторыя навукі і я веру. Але не ў тую, якая займаецца эканомікай сельскай гаспадаркі.
— Навука павінна мець запатрабаванні практыкі. І прастор. Базу для эксперыментаў. Безумоўна, калі там, у інстытутах, будуць высмоктваць вывады з пальцаў… Калі мы не дамо ніводнай комплекснай задачы…
Крычалі ў кабіне, штурхаючы адзін аднаго. «Газік» кідала на разбітай дарозе. Дзе-нідзе ён буксаваў, матор выў, грэўся. Агледзеўшы палі, ездзілі на Бярозу любавацца разлівам — Захарэвіч прапанаваў: відаць, захацелася яму, каб стары і малады аграномы паспрачаліся даўжэй. А ён слухаў і, як кажуць, круціў на вус. Калі вярнуліся ў сяло, да саўгаснай канторы, Захарэвіч запрасіў:
— Прыходзьце ўвечары да мяне. Вясну стрэнем. Рыгораўна мае чым пачаставаць. Яе ідэя.
Захарэвіч і жонка яго — людзі гасцінныя. У іх часта збіраюцца. І ён, Антанюк, ужо гасціў. Таму запрашэнне нічога не значыла. Але ўсё разам — як хадзілі па полі, як спрачаліся ў машыне, як выказаў дырэктар свой заклік папрацаваць так, каб слава пайшла, і як запрасіў у госці — давала падставы думаць, што неяк адразу перамяніліся, пераламіліся адносіны да яго, Антанюка. Ад гэтага ўзняўся настрой, стаў сапраўды вясновы. Можа таму і пацягнула сюды, дзе хаваецца насенне, рыхтуецца да сяўбы. Для яго сяўбы. Здаецца, сёння прызналі, нават малады скептык гэты, што не дзеля забаўкі ён прыехаў сюды, не з-за старэчага дзівацтва ці самалюбства. Што ён можа яшчэ пасеяць і вырасціць хлеб. Не адзін раз пасеяць. І не адзін раз зжаць.
Пахне збажыной — пахне жыццём. І вясной. Сонца лезе ў сховішча. Свішча вецер, быццам хоча вынесці хутчэй жывую сілу зерня ў поле.
XV
Пазваніла Вольга. Доўга распытвала пра здароўе, пра работу, пераказвала сынава пісьмо і, як бы між іншым, паведаміла: