Пасля я доўга думала над гэтай размовай. І чым больш думала, тым больш пераконвала сябе, што Толя мае рацыю. Праўда, чаму мне не ўступіць у партыю? Столькі гадоў была нядрэннай камсамолкай. А потым што, калі перарасту? Далучуся да старых настаўнікаў, якія, азіраючыся, шэпчуцца пра тыя непарадкі ў саўгасе, у школе, пра якія я на сходах кажу на поўны голас? Не, не хачу азірацца! Хачу заўсёды быць у гушчы жыцця і памагаць людзям і сваёй працай, і сваёй грамадскай актыўнасцю! Кар’ера мне не трэба. Якая можа быць кар’ера ў настаўніцы? Дарасці да завуча гадоў праз дзесяць-пятнаццаць? Невялікая кар’ера і несалодкі хлеб.
Не, мне трэба адно: каб пра будаўніцтва школы, клуба, пра рамонт хат людзям, пра ўмовы працы даярак, пра той лён, што згнаілі, пра п’янства некаторых актывістаў гаварыць не з кумамі ды цёткамі, не ў настаўніцкай на перапынках, а там, дзе такія пытанні вырашаюцца, — у арганізацыі людзей, якія ўзялі на сябе высокі абавязак кіраваць жыццём.
Тады ж, улетку яшчэ, сказала пра сваё жаданне маці. Здзівіла мяне мама незвычайна. Яна спалохалася. Проста збялела. Ажно дыханне заняло ёй. Не адгаворвала. Але такім голасам папрасіла не спяшацца, падумаць, што мне зрабілася холадна ў спякотны дзень. Нічога не разумею і дагэтуль. Пражыла з маці дваццаць тры гады і, выходзіць, не ведаю яе. Партызанка, сяброўка праслаўленага камбрыга, пра якога ў кнігах пішуць, — за кнігамі такімі ты вельмі сочыш, мама! — і раптам спалох ад жадання дачкі зрабіць такі сур’ёзны крок. Не вальнадумства ж якое-небудзь.
Можа цябе спалохала, што я не ведаю, хто мой бацька, і мусіла б пісаць тую ману, якую ты сказала мне малой?
Карацей кажучы, астудзіла мяне маці тады. А пасля прыехаў Алег, з’явілася захапленне ім. Стоп! Што такое? Раней ты называла свае адносіны з ім каханнем. Цяпер — толькі захапленнем? Ах, божа… Ну, каханне, каханне. Ну, трэснула ў грудзях нешта… Не вельмі ўжо балела. «Загаіцца, пакуль жаніцца», як кажа наша тэхнічка Адарка.
Заносіць сёння нешта ва ўспаміны.
Учора перад рэпетыцыяй Толя раптам знянацку абваліў на маю галаву снежную гару. У яго таксама здараецца. «Віталія! Усё як мае быць! У райкоме я дамовіўся. З парторгам пагаварыў. Акрамя камсамола, рэкамендацыі даюць Ганкіна і Сівалоб. Афармляйся хутчэй. Толькі Лескавец прасіў зайсці».
Стаяла я, не ашаломленая — ачумелая, і лыпала вачамі.
«Толя, даражэнькі. Так жа не робіцца».
«Як так?»
«Ды так».
«А як робіцца?»
«Ды рэкамендацыі я сама павінна прасіць. У людзей, якія мяне лепш ведаюць».
Толя, калі гаворыць пра справы, ды яшчэ на людзях, смелы да нетактоўнасці.
«А ты сама і папросіш. Я за цябе прасіць не буду».
«Але ж ты папрасіў ужо».
«Ну, ведаеш, дрэнны я быў бы сакратар, каб пусціў на самацёк…»
«А калі я не хачу, каб гэтыя давалі».
«Ты што, ашалела? Запомні: у партыі ўсе роўныя. І калі камуністы — з якім стажам! — згодны рэкамендаваць цябе — скажы ім дзякуй. Няма чаго дзяліць людзей па тым, ці падабаюцца табе іх насы, ці не падабаюцца».
«Не насы — праца іх, паводзіны».
«Гэта — асобая размова. Будзеш мець права крытыкаваць любога члена партыі — скажаш пра іх працу».
Такі ён — наш Іёг. Адзін раз здаецца фармалістам, другі — настырным да нахабнасці, а ў іншых акалічнасцях, як у тыя вечары на лузе, — двух слоў вымавіць не можа, у сапраўднасці ж — сардэчны хлопец: вясёлы, жывы, сумленны да наіўнасці.
Пасля размовы на рэпетыцыі з’явілася ў мяне, далібог жа, шалёная думка. Цяпер, праз суткі, трошкі смешна самой. А ўчора, гледзячы на яго ў ролі, я ў думках сваіх зусім сур’ёзна папрасіла:
«Толя, даражэнькі, прызнайся мне ў каханні, пасватайся — і я тут жа выйду за цябе замуж».
Ты парадуешся, мама, прачытаўшы гэта? Не радуйся. Нічога не будзе. Гэта так — браджэнне пачуццяў, свавольства думак. Кахаю я ўсё-такі Алега, і табе, дарагая матуля, напэўна, прыйдзецца прызнаць яго зяцем. Я цярплівая. Пачакаю.
Ох, аднак і распісалася я сёння! Цікавы гэта занятак — пісаць вось так. Як бы яшчэ раз перажываеш тое, пра што запісваеш. Але перажываеш ужо не стыхійна — асэнсавана. І тады часам дзе-нідзе пачынаеш хітраваць сама перад сабой. Гэткая гульня ў «хованкі і адгадванне».
Канікулы. Дні цягнуцца сумна і аднастайна. Вазіла сваіх выхаванцаў на раённы агляд школьнай самадзейнасці. Але выступілі мы няўдала, радасці было мала і ў мяне, і ў вучняў. Вучняў прыгнятала беднасць нашых касцюмаў. У другіх школах — шык. Адкуль яны бяруць грошы?