Вярнулася злосная. На педсавеце дакладвала так, што маме зноў стала страшна за мяне. Дырэктар таксама і чырванеў, і бляднеў. Настаўнікі сядзелі, апусціўшы вочы. У адной Адэліны вочы гарэлі, як у тыгрыцы, якая пачула, што можна вырваць у суперніцы здабычу.
Мама і Алег, раптам зрабіўшыся аднадумцамі, дакаралі цэлы вечар, што так нельга паводзіць сябе на афіцыйных сходах, што патрэбны нейкі такт, развага, пачуццё меры і гэтак далей і гэтак далей. Усе мяне вучаць — абрыдла. Але не пярэчыла. Няхай думаюць, што раскайваюся, і пацешацца. Толькі так можна супакоіць маму.
Цяпер штодня — лыжы. Адзіная радасць. Хаджу больш з вучнямі. Зрэдку — з Алегам. Ён, нарэшце, навучыўся. Калі ідзем з Алегам, знарок вяду міма Адалінінай кватэры. Уяўляю, як яна шыпіць.
Хацелася аднойчы запрасіць Толю і прайсці міма школы. Як бы паглядзеў на гэта мой верны лыцар? Ды Толя — затурканы дзяляга. Замахаў рукамі, закрычаў:
«Ты жартуеш? Думаеш, у мяне ёсць час прагульвацца? Я — рабочы чалавек, а не інтэлігент які!»
Дурань. Быццам рабочаму нельга пагуляць на лыжах, ды яшчэ з дзяўчынай, якая табе падабаецца. Ох, гора мне з табой, Толя. Каб у цябе ў заляцанні было столькі актыўнасці, як у працы! Ты здолеў бы некага зрабіць шчаслівым.
Тады адразу, калі мы, пасля наведвання Сівалобаў, хадзілі з І. В. па вуліцы, і колькі дзён пасля яго ад’езду, мне так хацелася з’ездзіць і пазнаёміцца з яго сям’ёй — з сёстрамі маімі. Зачароўвала думка, што ў мяне ёсць сёстры і брат. Хадзіла, як п’яная. Але любы хмель выветрываецца. Наступае цвярозасць. Жаданне патроху астывала. Толькі цяпер вось, на канікулах, успыхнула іскрынка ў патухлым кастры, прабілася праз зляжалы пласт прысаку.
Сказала маме. І яна… зноў спалохалася. Што такое? Мамачка, любая, што з табой? Так упрошвала не ехаць, што мне стала сорамна, быццам я знарок здзекуюся з блізкага чалавека.
Магчыма, маме хацелася, каб я паабяцала, што ніколі туды не паеду. Ну, не! Такога абяцання я не дала. І не дам! З’ездзіць да І. В. я павінна. Абавязкова!
Нарэшце скончыліся канікулы. Працаваць весялей.
Сёння перад заняткамі ў настаўніцкай з’явілася Маша Сівалоб. Увайшла без збянтэжанасці, няёмкасці, як роўная да роўных, прыгожая, як багіня. Нават Адаліна перад ёй памеркла. Усе здзівіліся. Ды Алег хутка растлумачыў — прадставіў: «Наша новая настаўніца — Марыя Мар’янаўна Сівалоб. Райана дзеля эксперыменту дазволіла дзяўчат восьмых класаў перавесці на іншае палітэхнічнае навучанне — кроіць і шыць. Не адны даяркі ды цялятніцы патрэбны. Марыя Мар’янаўна — мастак-мадэльер. Спецыяліст высокага класа. Ёй перадаюцца ўсе гадзіны рысавання. Загад гатоў. Прашу любіць і паважаць новага члена нашага калектыву».
Мар’я Мар’яўна — вучні адразу яе так ахрысцілі, і я пішу па інерцыі — пераможна азірала калектыў, у які ўступала. У настаўнікаў былі посныя твары. Карней Данілавіч вельмі смешна ікнуў-хаўкнуў неяк, як падавіўшыся косткай. Але ніхто не засмяяўся.
Мяне спачатку хіба адно абурыла, што тып гэты — Алег, каханенькі, даражэнькі мой, нават мне ні слова не сказаў пра свае захады ўладзіць у школу Сівалобіху. Тайком ды цішком. Але мне спадабалася, што Маша да нас прыйшла. Гэта ж — здорава! У нас з’явяцца свае краўчыхі, мадэльеры. Пашыем, нарэшце, касцюмы для самадзейнасці і не будзем, як бяднячкі сярод багата апранутых. Сапраўды, колькі можна рыхтаваць даярак? Кароў на ўсіх не хопіць. Ды і што вучыць нашых дзяўчат гэтай прафесіі. Яны з маленства ўмеюць даіць. Ёсць хлопцы, якія нядрэнна малююць. Нарэшце, з імі будзе займацца чалавек, які ўсё-такі нешта разумее ў мастацтве, мае густ. Пакажа сваю калекцыю карцін.
Так прыкладна я разважыла, ведучы ўрокі. Безумоўна, пры гэтым падагравала крыўду на Алега, каб не астыла, спакушала сябе на вясёленькую размову.
Выйшлі са школы разам з мамай. І — о божа! — даўно не бачыла маму такой абуранай. Яна нават не саромелася слоў, якіх раней ад яе ніколі не чула.
«Г… кажа, твой Алег Гаўрылавіч, а не дырэктар. Дробны падхалім. Каб уладзіць жонку дырэктара саўгаса, ён адбірае кавалак хлеба ў дзяцей. Іх чацвёра. Сам Карней Данілавіч інвалід. Лёгкія прастрэлены».
Спрабавала я абараніць Алега:
«Ды не ўмее ён маляваць, Карней Данілавіч. Чаму навучыць такі настаўнік?»
«Навучае. Многа год. Схадзі на яго ўрокі па фізіцы».
«То і няхай выкладае адну фізіку».
«Лёгка табе разважаць! Колькі ён будзе мець гадзін, калі іх двое, фізікаў? Пасядзела б ты з такой аравай на адной стаўцы».
«Мама! Ты ж літаратар! Столькі гаворым пра эстэтычнае выхаванне. А рысаванне ды спевы аддаём — каму гадзін не хапае. Ды не багадзельня ж школа. Не сабес».