Ішла да Лескаўца — калені дрыжалі. Проста агідна. Перад незнаёмымі людзьмі я не вельмі смелая, губляюся. Са сваімі языкатая. Але ад такога перажытку, як страх перад начальствам, здаецца, вызвалілася даўно, яшчэ ў школе.
Лескавец усяго-наўсяго сакратар саўгаснай партарганізацыі, чалавек знаёмы. Дык чаго перад ім дрыжаць? За біяграфію? Баялася, што спытае пра тое, пра што не напісана? Не, проста, відаць, ад таго, што чалавек, якога страчаю амаль штодня, па сутнасці — малазнаёмы і загадкавы. З-за сваёй маўклівасці. Не люблю маўчуноў. Не разумела, як выбралі такога. Маці і рабочыя, праўда, гавораць пра яго добра: справядлівы, чулы. А я не разумею, як стасуюцца добрыя якасці з такім упартым маўчаннем? Ні дакладаў яго не чула, ні лекцый. На сходах адно-два словы зрэдку скажа — толькі аб практычных, гаспадарчых справах. Праўда, да маласлоўя яго прыслухоўваюцца. Але ўсё ж, здавалася мне, не трыбун, не змагар, такі не павядзе за сабой народ. Не тое, што камсамольскі правадыр наш — Толя. Гаварун, завадзіла. (Завадзіла, на лыжах выйсці не можа. Трэба выдумаць які-небудзь агітпаход, каб Толя мусіў весці сваю гвардыю.)
Ідучы, прадумала ўсё, пра што мог спытаць сакратар: ад майго нараджэння — да таго, што такое дэмакратычны цэнтралізм, ад спраў у школе — да вайны ў В’етнаме. Падрыхтавала звышразумныя адказы. Бліскучыя. Каб здзівіць Рамана Іванавіча. Але здзівіў ён. Перш за ўсё — звычайнасцю, з якой стрэў і пачаў разглядаць дакументы мае. Ніякіх эмоцый. Такая ўжо будзёншчына — што жах. Я не хацела святочнасці, але ўяўляла ўсё інакш. А тут спачатку патыхнула нават абыякавасцю. Але, прагледзеўшы анкету, аўтабіяграфію, Раман Іванавіч нечакана з цікавасцю і ўважлівасцю прачытаў рэкамендацыі. Гэта мяне і супакоіла і ў той жа час усхвалявала — з іншай прычыны.
«Добра. — Потым падумаў і пахваліў: — Малайчына! — І тут жа зноў здзівіў — пашкроб патыліцу, уздыхнуў: — Мнагавата інтэлігенцыі. А рабочых мала».
Я проста аслупянела. Што адказаць на такія словы? Дзе мае разумныя, дасціпныя адказы? Але крыўды не з’явілася. Раптам праз такі клопат неяк зусім з іншага боку адкрыўся ён, гэты маўклівы чалавек. Здаецца, пачынаю разумець, за што яго любяць рабочыя. У «кульдзюме» ў дзень палучкі паслухаеш: усім косці перамываюць — дырэктару, аграному, заатэхніку, брыгадзірам, Лескаўца ж вельмі рэдка калі чапаюць, нават п’яныя.
Пагаджаюся: чалавек добры. А ўсё ж — не змагар. А калі змагар, то не для нашага часу.
Пад канец нашае вельмі немнагаслоўнае размовы ён яшчэ раз здзівіў мяне.
«Слухай, — кажа, — дачка, ты ведаеш, які я гаварун. А мне на раённым семінары сакратароў даручылі даклад… пра работу з моладдзю, з камсамолам. Памажы напісаць такі даклад».
Не саромеецца чалавек прызнаць, што сам не можа напісаць нават пра сваю ўласную работу. А можа так хітра правярае, што я ўмею? Гэтага маўчуна голымі рукамі не бяры. А я, дурніца, вушы развесіла. Ну, няхай правярае! Хацелася б мне пабачыць, як ён будзе чытаць пра сваю работу з моладдзю. Я так размалюю!.. «Кожнаму дзіцёнку выдам па лапцёнку».
Які радасны настрой! Маму ажно палохае мая весялосць. Прынялі! Сумненняў наконт таго, ці прымуць, безумоўна, не было. Але ўсё роўна перадрыжала, як ні перад адным экзаменам. Сорамна прызнацца нават самой сабе, як калацілася, ідучы на сход. Але ўсё адбылося прасцей, чым думала. Увогуле, амаль усё ў жыцці адбываецца прасцей, чым уяўляеш: знаёмства з новымі людзьмі, экзамены, прыём у камсамол, і нават у партыю, каханне і г. д., і г. д. Напэўна, і нараджаюць прасцей, чым я думаю, маючы ўяўленне па кнігах ды расказах. Акушэрка наша Ліза расказвае пра роды, якія прымае, як пра вельмі звычайную справу, ажно нецікава слухаць.
У галаве ў мяне карнавал. Але доўга пісаць не хочацца.
З-за свайго дурнога характару я магла-такі ўскладніць прыём. Знарок аддала Лескаўцу яго даклад пра работу з моладдзю за дзень да сходу. Няхай ведае, каго ён будзе мець у сваёй арганізацыі! Пасля, безумоўна, шкадавала і праз даклад гэты дрыжала. Магла ж аддаць пасля сходу.
Але сакратар яшчэ раз здзівіў. Перад сходам падышоў і падзякаваў за даклад — здаецца, зусім шчыра, без іроніі, без нічога. Калі даведаюся, што Раман Іванавіч прачытае ўсё, што напісала, на семінары, перад райкомам, канчаткова пераканаюся, што ён — Камуніст з вялікай літары, хто не баіцца па-ленінску самакрытыкавацца і ставіць вострыя праблемы.
Усё адбылося проста. Аднак… Дзядзька Хведар сказаў:
«Якія могуць быць пытанні? На нашых вачах вырасла. А палітыку… дык яна знае лепш за нас. І статут, канечне, выштудзіравала ад коркі да коркі. Прыняць!»