Выбрать главу

Але ўсё гэта, нарэшце, глупства ў параўнанні з тым, што я перажыла і перажываю цяпер.

Як яны паставіліся да мяне?

Лада — абыякава. Зразумела — ёй было не да мяне. На другі дзень пасля вяселля маладыя да вечара не вылазілі з свайго пакоя.

Старэйшая мая сястра, па-мойму, самаўлюбёная эгаістка, якую ўвогуле мала цікавяць іншыя людзі. Ды і гутарыла я з ёю, па сутнасці, адзін раз, на другі дзень — калі яна прыехала па сына.

Вольга Усцінаўна была вельмі ветлівая да мяне. Падкрэслена ветлівая. Але я баялася яе ветлівасці. Я баялася гэтай жанчыны і — сорамна прызнацца! — у душы ненавідзела; яна забрала маміна шчасце, хоць — на цвярозы розум — усё наадварот, і мне невядома, што яна перажыла і ці мела яна сама гэтае шчасце. Але адна рэч — розум, зусім другая — нашы пачуцці. Яны так часта не адпавядаюць розуму.

Адзін Вася адразу, на вяселлі яшчэ, за сталом, дзе сядзелі барадатыя фізікі, мабыць, нутром сваім, сэрцам пачуў нашу блізасць, сваяцтва. Кліч крыві, ці што? Мой слаўны, добры брат, ты адзіная светлая староначка ў маёй бяздумнай паездцы, у недарэчным гасцяванні. Я ўдзячна табе. О, каб ты ведаў, як я ўдзячна табе! За шчырасць тваю, за дружбу.

Едучы, я не толькі не спадзявалася на што-небудзь, я нават не хацела, каб ён абвяшчаў, хто я. Уяўлялася: значна цікавей, больш рамантычна будзе, калі наведаюся ў ролі дачкі яго партызан. Пагляджу на сваіх сясцёр. Камічная ж сітуацыя: я ўсё ведаю, а яны — нічога. Пра брата не думала, бо знала, што ён у арміі, што да яго нядаўна ездзіў бацька, а таму і марыць не магла, што мне так пашчаслівіць.

Спачатку ўсё ішло добра. Заварожаная вяселлем, ап’янелая ад уражанняў, той першы вечар, ноч і да вечара другога дня адчувала сябе можа шчаслівей за маладую. Але, напэўна, ва ўсім вінаваты Вася, яго такая нечаканая прыязнасць. Мы схадзілі ў кіно, глядзелі «Сакратарку». (Усюды мы, дзяўчаты, аднолькавыя!) І вось калі ішлі з кіно па ярка асветленым і шумным праспекце, невядома з якой прычыны страшэнна захацелася, каб Іван Васільевіч абвясціў, што я дачка яго і сястра ім. Вася хацеў гуляць, я пацягнула яго дадому.

Я глядзела яму ў вочы — Івану Васільевічу, за сталом, калі вячэралі. У думках прасіла, маліла, верачы ў біятокі, што перадаюцца нават за многія кіламетры блізкаму чалавеку. А тут жа адзін крок, цераз стол. Ён павінен быў прачытаць гэтае маленне ў маіх вачах. Але ён вінавата адводзіў свае вочы. Мяне ўразіла, што ён адчувае сябе вінаватым. Перад кім? Перада мной? Я ні ў чым не віню цябе. Нават цяпер. Перад тымі дзецьмі? Перад жонкай?

Але я не траціла надзеі. Чакала ўвесь наступны дзень. Нецярплівасць расла. Нервы напружваліся. Уначы мяне ліхаманіла. Не магла заснуць да раніцы. А за снеданнем зразумела: дарэмна чакаю — не скажа, баіцца. Баіцца! О, як гэта балюча раніла ў сэрца! Казачны рамантычны палац, які так старанна ўзводзіла, — ён не разбурыўся, не, ён як быццам у міг растаў, і засталася адна брудная лужына. Як пушок з адуванчыка, разляцеўся арэол, які зноў-такі стварыла яму я. Сорамна стала. За сябе: тату захацела мець, маленькая сіраціначка! Дайце ёй тату! За яго: такі мужны камандзір быў! І раптам: — звычайны баязлівец, страшна яму парушыць свой пенсіянерскі спакой, ускаламуціць абывацельскую самазадаволенасць жонкі, дачок. Ну, і напляваць на вас! Плюнула б, каб не Вася. Ах, Вася, Вася! Каб ты ведаў, як цяжка мне было на тым снеданні, дзе вы з Сашай весела дапівалі вясельнае віно, а Лада стомлена і шчасліва кпіла з вас, выконваючы ролю гаспадыні.

Іван Васільевіч сядзеў невясёлы, усміхаўся сумна. Былі хвіліны, калі рабілася шкада яго. І я зразумела: застануся яшчэ на адзін дзень — зраблю глупства, ад якога ўсім будзе непрыемна, А я зусім не хачу непрыемнасці людзям. Ні блізкім, ні далёкім.

Пасля снедання абвясціла аб сваім раптоўным ад’ездзе: трэба працаваць! Вася вельмі засмуціўся, прасіў застацца яшчэ хоць на дзень.

І. В. было няёмка — ён усё-такі адчуваў і разумеў! Але ў душы, мабыць, ухваліў маё мудрае рашэнне, маю тактоўнасць і дзякаваў, што не выдала нашай тайны. Ціха сказаў: «Даруй мне, Віта».

Бог з вамі, дарую: усе мы людзі, усе мы чалавекі.

Цяпер так думаю, а там пасля слоў яго чуць не зараўла. Ішлі да вакзала — і ў мяне дрыжалі вусны, неўпапад адказвала на Васевы пытанні; ён адзін праводзіў. На пероне не вытрымала-такі — зараўла, як вясковая баба. Вася спалохаўся. Дапытваўся: «Што з табой? Што здарылася? Хто цябе пакрыўдзіў?»

«Што ты! Ніхто мяне не пакрыўдзіў. Табе я асабліва ўдзячна, Вася».

Мы пацалаваліся на развітанне. Я першая пацалавала яго, майго слаўнага брата. Ён бег за вагонам. У марской форме. На яго глядзелі з добрымі ўсмешкамі. Калі поезд набраў скорасць і Вася адстаў, я зноў заплакала. Доўга не магла супакоіцца. Суседзі па купэ суцяшалі: маўляў, не на вайне ж хлопец, адслужыць і вернецца; па ўсім відаць, што кахае.