Глядзела ў залу на першы рад, на лысага Сівалоба і са смехам думала: во каму трэба іграць Глуздакова! Можа прапанаваць? А Толя ўвогуле не за сваю справу ўзяўся. Даравання ў яго акцёрскага — ні кроплі. Энтузіяст без таленту.
Сказала яму пра гэта — пакрыўдзіўся. Во праява! За работу крытыкуй яго колькі хочаш — не крыўдзіцца, адбіваецца, даказвае, але без крыўды. А сказала, што ён дрэнны акцёр, — ажно пабялеў увесь, зубы паказаў: «Ты ў нас геній! Ярмолава новая!» На гэтай глебе можна сур’ёзна пасварыцца. Цяпер я ведаю, чым можна дапячы ўраўнаважаную, далікатную, абваражальную Мар’яўну: сказаць, што яна бяздарная мастачка. А я пераконваюся, што гэта сапраўды так: вучыць яна рысаванню не лепш за Карней Данілавіча. Але вучняў старэйшых класаў зачаравала, асабліва хлопцаў. Прыгожая. Хлопцы любяць прыгожых. А можа гэта і нядрэнна? Няхай хоць так развіваюць свой эстэтычны густ.
Вася прыслаў пісьмо. Доўгае, шчырае, ласкавае. Прызнаецца ў каханні да мяне. «Вярнуўшыся сюды, у горы, на адзіноце, у каравулах, я адчуў, што там, у Мінску, нарэшце, сустрэў тое адзінае шчасце, без якога, відаць, жыццё не мае сэнсу. Я сустрэў цябе». І гэтак — на шасці старонках. Ніхто яшчэ мне не пісаў так. І ўсё пачалося спачатку: занылі раны, якія амаль загаіліся, востра забалела ў сэрцы.
Адзіны чалавек, які, здаецца, па-сапраўднаму пакахаў… Кашмар нейкі! Вася, слаўны мой, дарэмна ўсё гэта. Калі і няпраўда, што ты кроўны брат, усё роўна ты брат, і нічога, акрамя дружбы, паміж намі быць не можа. Ніколі.
Але што адказаць, каб не зрабіць гэтак жа балюча табе?
Доўга думала. Дзень, другі. Сёння паказала Васева пісьмо маме. Прачытала мая дарагая матуля — збялела. Спалохалася зноў. Але цяпер яе боязь зразумелая, бо і сама я спалохалася, калі першы раз прачытала. Для маці было б найвялікшым святатацтвам такія нашы адносіны. Яна ў роспачы сказала: «Божа мой, як мы заблыталіся ўсе».
Адразу не надала значэння гэтым яе словам. А цяпер думаю пра іх. Хто ў чым заблытаўся? Выходзіць, што ёсць яшчэ нейкія тайны. Ад каго? Якія? Спытала ў маці: што адказаць Васілю?
«Напішы, што маеш жаніха, што выходзіш замуж. Каб ён не спадзяваўся».
Здзівіла мяне яе парада. І ўзлавала.
«А чаму я не магу напісаць, што ён — брат мой? Чаму? — І здарыўся маленькі прыступ істэрыі, я крычала: — Чаму мы хлусім адно аднаму? Чаму гуляем у жмуркі? Столькі год хавала тайну майго нараджэння! Святыя грэшнікі! Ён, камбрыг твой, і цяпер баіцца сказаць праўду сваёй сям’і! Героі! Абывацелі! Спакой свой баіцеся парушыць! Не жадаю браць з вас прыклад! Чалавек цягнецца да мяне з усёй шчырасцю, а я павінна тлуміць яму галаву дзеля чаго? Не, я напішу праўду!»
Дзіўна — мама не абразілася, не пакрыўдзілася. Пакорліва згадзілася: «Напішы праўду. Так будзе лепш. Усім нам».
Мінуў яшчэ адзін дзень, а я так дагэтуль нічога не напісала Васілю. Здаецца, пачынаю разумець і маму, і Івана Васільевіча. Нялёгка бывае сказаць іншы раз праўду, не ведаючы, як яе могуць прыняць, што яна прынясе блізкаму чалавеку — радасць ці гора. Падумаю, як можа ўзварушыць, узбунтаваць маё пісьмо хлопца, які, магчыма, стаіць каля страшэннай зброі, штодня знаходзіцца побач з небяспекай, — сэрца стыне. Ды калі і не сядзіць ён там на ракеце ці на атамнай бомбе, усё роўна спакойным такі чалавек не застанецца: напіша бацьку — невядома як напіша! — папросіць тлумачэння; пісьмо, напэўна, прачытаюць Вольга Усцінаўна, Лада. Гэта ж нейкая ланцуговая рэакцыя. Чаму я павінна адразу, адным махам, зрабіць столькім людзям непрыемнасці, пасварыць, сутыкнуць ілбамі? Ці не лепей ужо адной трохі папакутаваць — і супакоіцца. Урэшце, і праўда — усе раны гояцца. Ды і якая гэта рана? Так, глупства. Непаразуменне. Калі-небудзь пазней буду расказваць пра ўсю гэтую гісторыю з гумарам.
Нічога пісаць не буду. Нічога не было. Усё засталося па-ранейшаму. Школа, вучні, мама, Алег, якога я ўсё-такі кахаю.
Лёгка рашыць: не буду пісаць. А ён прыслаў другое пісьмо. Такое ж ласкавае, гарачае. Абяцае пісаць штодня. Вясёленькае ў цябе пачынаецца жыццё, Віталія Іванаўна. Успомніла маміну параду. Напісала, што ёсць жаніх і я вось-вось выйду замуж… Прашу дараваць, жадаю шчасця… І шмат усялякай лухты. Як малапісьменная сентыментальная дура. Добра, што не паслала такое ідыёцкае пісьмо. Несла на пошту і не данесла: падрала на дробныя кавалачкі, пусціла на вецер. Няхай так ляціць. Брыдка зрабілася, што маню такому чалавеку. Каб хоць праўда хто-небудзь сур’ёзна пасватаўся. Алег, ці Толя, ці хоць чорт з канапель. Дык не ж, не хочуць, гады. Алег палезе цалавацца — навешаю аплявух.