Выбрать главу

Пісьмо ад Васі. Адказ на маё. Ён робіць тое ж самае: выкрывае сябе. Усе свае заганы. Большасць з іх, безумоўна, выдумаў гэтак жа, як і я. І такі ж нястрыманы, грубіян, за што выключылі з універсітэта. Неадукаваны, некультурны, «дагэтуль з памылкамі пішу». Памылак я знайшла толькі дзве, нязначныя. Стыль, праўда, не выдатны, але ж не ва ўсіх літаратурны талент; мне, напрыклад, лепш было б падаць на філфак, але яшчэ малая я ўзненавідзела стосы замурзаных сшыткаў, над якімі мама сляпіла вочы; цяпер хоць я памагаю ёй.

Да чаго можа быць даведзена гэтае наша самавыкрыццё, самазбіванне? Да абсурду? Да знявагі? Але я не хачу зневажаць! Я хачу любіць! Але як адвабіць яго ад сябе? Як сказаць, што пра такое каханне, пра якое ён піша, і думаць няма чаго? Вярнуцца да хлусні з замужжам?

Можа праз гэтыя свае думкі я сёння такі фартэль выкінула, што зараз самой трохі сорамна і смешна.

Ішоў камсамольскі сход; я — член бюро, а таму яшчэ ў камсамоле. Толя Плюшчай доўга і сумна — цікавы ж хлопец, жывы, а на трыбуне — нуднік! — расказваў пра нядаўні пленум. Я не слухала — думала пра сваё. А калі ён скончыў і спытаў, у каго ёсць якія пытанні, я па-школьнаму падняла руку.

«Што там у цябе?»

«Толя, чаму ты не жэнішся?»

Дзяўчаты пырснулі, нехта з хлопцаў рагатаў басам — як гром Пятроўскі прагрукатаў.

Толя, гаротнічак, як ён спачатку разгубіўся! Пачырванеў, пасінеў, пабялеў. А пасля ўзлаваўся — крыкнуў:

«Ты што — п’яная?»

Выручыў мяне інжынер-планавік Пятро Хрыпач:

«Дык спалі ж, Толя, усе. Чаму не зрабіць разрадачку? Тут жа не акадэмікі, а камсамольцы».

Але няшчаснаму Толю не стала лягчэй ад такой ацэнкі яго даклада. Пасля сходу ён ішоў следам і ўсю дарогу «распякаў». Казаў, што мой учынак вельмі не да твару настаўніцы, члену бюро, кандыдату ў члены партыі, што па сутнасці — гэта хуліганскі ўчынак, што каб ён, Толя, быў які-небудзь бюракрат, а не такі аб’ектыўны чалавек і паскардзіўся б Лескаўцу, паставіў бы пытанне афіцыйна, то, не паспеўшы паступіць у партыю, я магла б вельмі лёгка схапіць вымову. Разумела, што збянтэжаны, узлаваны Іёг наш меле лухту, палохае — ніхто за такія жарты вымовы не дае, а таму адказвала яму зноў жа жартамі. Але Толя ніяк не мог супакоіцца. Правёў дадому, зайшоў у хату, пачаў скардзіцца на мяне маме.

Я сказала:

«Толік, давай я цябе пацалую, і ты адразу пра ўсё забудзеш». Спалохаўся, дзівак, ажно адступіў ад мяне. Змоўк і хуценька змыўся. Мама смяялася, калі ён пайшоў.

Люблю, калі мама смяецца!

22 сакавіка

Адэлька сёння ўвесь дзень ззяла, як намаслены блінец. І круцілася вакол мяне, добранькая, звышветлівая, далікатная — хоць да раны прыкладай. Я адразу зразумела, што рыхтуе нейкую гадасць, але ніяк не магла здагадацца — якую.

Пасля ўрокаў выскачыла са школы разам са мной.

На вуліцы — гразь па калена. Каля хат пратаптана сцежачка, у самых гразкіх мясцінах дзеці паклалі цэглу, жардзіны. Так прабіраемся.

Я — у звычайных ботах, таму ішла смела, хутка — знарок, ведаючы, што Адэлька мужыцкі абутак ніколі не абувае, яна — у шыкоўных боціках. Ёй нялёгка было ісці за мной. Але ішла. Бегла, як сабачка, ззаду. І стракатала, як сарока. Пачала з прызнанняў у любові. Такога ханжаства я не магла сцярпець. Спынілася, крута павярнулася. Ад нечаканасці яна трохі не плюхнулася з кладачкі ў гразь.

— Вось што, Адэля, любоў тваю я ведаю. Кідай сваю жабу адразу, не бойся — праглыну.

Сцялася, збянтэжылася, на хвіліну нібы завагалася, але ўсё роўна кінула:

— Адарка бачыла, як Алег Гаўрылавіч цалаваўся з Сівалобіхай. Пазаўчора, пасля заняткаў гуртка.

Я засмяялася. Гучна. І далібог жа — весела, шчыра весела. Бо адразу ўявіла сцэнку: Алег і Сівалоб счапіліся за чубы з-за гэтай Мар’яўны. Спектакль на ўвесь раён! Потым успомніла, што Сівалоб лысы, без чуба, і зрабілася чамусьці яшчэ больш смешна.

Адэлю ўзлаваў мой смех.

— Не прытварайся, калі ласка! Ненавіджу прытвор! Рагочаш, а на сэрцы кошкі шкрабуць — хіба не відно! — і, абураная, павярнулася, пайшла назад.

Шкрабуць, Адэлька, балюча шкрабуць. Цяпер, тут, дома, за дзённікам, асабліва чую. Але чорт з імі, з кошкамі! Урэшце, усе раны гояцца. І не такія! Так нават лепш. Ставім кропку, паважаны Алег Гаўрылавіч!

…Іван Васільевіч дачытаў дзённік і падняў галаву. І — вочы ў вочы. Надзя сядзела з другога боку стала, насупраць, па-жаночаму гаротна падпёршы шчокі рукамі. Гэтак яна села, калі ён пачаў чытаць. І за ўвесь доўгі час — немалы сшытак! — ні разу не варухнулася, не змяніла паставы, ні словам, ні рухам, ні ўздыхам не перашкодзіла, не перапыніла. Але ўвесь час Іван Васільевіч адчуваў яе вось гэты позірк, яна чытала разам з ім і адначасова пільна сачыла за выразам яго твару — як рэагуе на той ці іншы запіс. Іван Васільевіч з усяе сілы стараўся не выдаць сваіх пачуццяў, хоць было гэта часам вельмі нялёгка.