Выбрать главу

Хто вінаваты? Хто? Я? І я таксама. Нельга хаваць праўду. Ніякую. Якая б суровая яна ні была. Нявыгадная. Небяспечная. Асабліва нельга хаваць ад дзяцей. Асабліва.

Вярніся, Віта! І я ўсё табе раскажу. Ты разумная, ты зразумееш. Навошта ты хочаш так пакараць маці? Яна не заслужыла гэтае кары. Не, не заслужыла. Каб ты сама стала маці, то ведала б цану жыцця. Яна ведала, маці твая. І я ведаю. А ты не паспела ўведаць. Вярніся, Віта!

Які халодны вецер! І якія халодныя хвалі. Размываюць яны касу ці намываюць? Небывала шырокі разліў. Небывала? А можа ён быў такі ў тую снежную зіму? Снежныя зімы! Вялікая вада! Часам яны прыносяць бяду. Але часцей даюць радасць — добрыя ўраджаі. Віта не верыла ў гэта. Як яна пісала? На пясках — высыхае за тыдзень, на тарфяніках вада трымаецца да чэрвеня. Выходзіць, снежныя зімы не даюць тут ураджаю?

Гудуць трактары. Дзесьці на базе. Выходзяць на пасяўную. «Хто цяпер на конях арэ? Трактарамі ўсё, таварышок». Але, трактарамі! Вунь яны гудуць! «Яна дзеўка смелая. А човен добры». Ты мудры, дзед. На тваім чаўне можна да Кіева даплыць. Але навошта Віце плыць да Кіева? А чаму не паплыць? На злосць усім. І каб атрымаць разрадку. Я таксама раблюся скептыкам і панікёрам. А мне цяпер трэба спакой і сіла… Спакой і сіла. На дваіх — на сябе і на Надзю.

Чаму стаю тут, на гэтым ветры? Трэба ж нешта рабіць. Даць тэлеграмы ва ўсе пункты па рэчцы… І далей — па Прыпяці…

Дакуль можна даплыць за тры дні?

Гудуць трактары…

І зазвінеў званок. Недзе бліжэй.

Іван Васільевіч не адразу дацяміў, што звоняць у школе. А зразумеў — скалануўся. Прыпаў ілбом да старой вярбы.

Віту знайшлі ажно ў Петрыкаве, у бальніцы, з цяжкім запаленнем лёгкіх.

XVI

Будыка падняўся са свайго крэсла-трона, радасна прывітаў нечаканага госця, раскінуўшы рукі.

— О-о! Працаўнік палёў! Ура! Непарушнаму саюзу сяла і горада… — і асекся на паўслове. — Што з табой, Іван?

Іван Васільевіч па-армейску шырокімі крокамі падышоў да стала, дрыготкай рукой расшпіліў гузік плашча, выхапіў з нагруднай кішэні пісьмо, якое паліла сэрца, пальцы.

— Ты пісаў?

Будыка схапіў пісьмо, хутка прачытаў, перасмыкнуў плячамі.

— Ты што? Навошта мне?

— Ведаеш, што ты зрабіў?

— Надзя? — Будыка збялеў.— Іван! Як думаеш пра мяне? За каго лічыш?

— За падлюгу!

— Слухай!.. Што б ні здарылася, не забывай, што ты не ў атрадзе, не ў зямлянцы.

— Пісьмо напісана на тваёй машынцы… гэтай, — Іван Васільевіч кіўнуў на прыёмную. — І не адно. І гэта таксама. Устаноўлена экспертызай.

Будыка прыгадаў пазаўчарашняе наведванне следчага, які ветліва папрасіў дазволу праверыць машынкі, і, ахоплены яшчэ не асэнсаваным страхам, павольна апусціўся ў крэсла. На залысінах выступілі буйныя кроплі поту. Нейкі момант сядзеў нерухома, потым пачаў ліхаманкава ціскаць кнопку званка. Сакратарка з’явілася ў міг.

— Кляпнёва! — не папрасіў — закрычаў так, што закашляўся. Выцер хусткай вусны, лоб, баязліва спытаў: — Што з Надзяй?

Іван Васільевіч не адказаў. Глядзеў на дзверы. Чакаў з такім адчуваннем, як не аднойчы ў лесе чакаў звера.

Будыка хрыпеў ненатуральным голасам, спалоханым, ліслівым:

— Іван, як ты мог падумаць? Хіба я калі падвёў цябе? Выдаў нашу тайну? Каб я хацеў, то сказаў бы Віце на вяселлі… Мы танцавалі…

Напамінак пра Віту скалануў Антанюка, разануў па сэрцы болем. Тлумачыць гэтаму чалавеку, што трагедыі бываюць розныя, не мог, не меў сілы. Сілы патрэбны, каб неяк стрымацца ў межах прыстойных паводзін і высветліць… Для сябе высветліць. Нікога не пакараеш. Ні па якім кодэксе, ні па крымінальным, ні па маральным. Напісана праўда. Наадварот, сам ён варты кары, што хаваў тайну, выдумаў бацькоўства сваё. І Надзя… Высветліць хочацца адно: навошта пісалася гэтае пісьмо? З якой мэтай? Ён жа прасіў, як сябра, як чалавека…

Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай, вясёленькі, нёс новы анекдот, які павінен быў улагодзіць шэфа, калі той чым-небудзь угневаны.

Будыка цяжка падняўся, кінуў цераз стол руку з пісьмом.

— Ты пісаў?

Кляпнёў паглядзеў у вочы Антанюку і, не зірнуўшы нават на пісьмо, не ўзяўшы яго, адказаў з нахабнай усмешкай: