— Я пісаў.
…Дапытвалі палоннага карніка. Пытанні задавалі ўсе. Будыка перакладаў. Адказваў фашыст смела, талкова, даваў вельмі карысныя звесткі. Ён, Антанюк, думаў: «Не дурань, ведае, як уратаваць сваю шкуру». І раптам начальнік асобага аддзела брыгады Гагары дзе, які праглядаў дакументы палоннага, працягнуў яму, Антанюку, фотаздымак. На картачцы — шыбеніца, на ёй у пятлі — іх сувязная Галя Міхальчанка, жывая яшчэ, з расплюшчанымі вачамі, у сутаргах… І ўнізе ён, гэты малады, прыгожы, з паднятай нагой — толькі што выбіў чурку з-пад Галіных ног.
Ніхто не паспеў маргнуць вокам, як ён, Антанюк, ва ўпор — у твар, у разяўлены рот, у вочы — выпусціў усю абойму. Упершыню за вайну вось так — ва ўпор. Апомніўся тады, калі Будыка, камісар, Таўрыдзе скруцілі рукі, вырвалі пісталет, павалілі на ложак, прыціснулі да сцяны, а ён біўся, як у эпілепсічным прыступе…
…Страляў у тоўстую нахабную морду. Гэтак жа — ва ўпор. Грымелі стрэлы: бах, бах, бах… Але той адразу ўпаў. А гэты не падае. Чаму гэтая тоўстая паскуда не падае? І ўсё гэтак ж нахабна ўхмыляецца. Міма? Кулі праляцелі міма? Не, загадзя скруцілі рукі. Страляць няма як…
Страляць няма з чаго. Выйшаўшы з гэтага страшнага ўтрапення, апрытомнеўшы, абмяклы, заліты халодным потам, Іван Васільевіч паглядзеў на свае пустыя, ліпкія ад поту далоні, з агідай выцер іх аб плашч.
Будыка крычаў, Кляпнёў гаварыў ціха, з ухмылачкай. Не адразу дайшоў сэнс іх размовы.
— Не, ты паглядзі, Іван! Бачыў такога тыпа?
— Валянцін Адамавіч, навошта так? Што крамольнае я зрабіў? І хіба гэта першая тайна, якую ты сказаў мне ў сяброўскай размове? Канечне, я разумею, Івана Васільевіча ўгневала, што ты выдаў яго пікантныя сакрэты. Але ж ты ананімкі не пісаў. І я не данос напісаў. Адкрыў праўду. Не люблю падману.
— Ты каму затыкаў, халуйская твая душа?
— Халуйская?! — Кляпнёў на міг сарваўся — рвануўся да стала, сціснуўшы кулакі.— Значыцца, халуйская?.. Так, так… Дзякуй, Валянцін Адамавіч, — але тут жа асекся, зноў увайшоў у сваю ролю, — Навошта ж так, Валянцін Адамавіч? Не робіць гэта гонару такому вучонаму, як вы, — абразіць маленькага чалавека, свайго падначаленага. Нам з вамі працаваць. І я бываю карысны. Я патрэбны… Я — наш.
Іван Васільевіч не вытрымаў — брыдка зрабілася. Пайшоў да дзвярэй. Але пайшоў не міма Кляпнёва. Пайшоў на яго. Цераз яго. Як сляпы. І Кляпнёў спалохаўся — адступіў. Але не кінуўся ўбок. Адступіў да дзвярэй, пагрозліва ківаючы пальцам: «Ну, ну!» Задам адчыніў дзверы, трохі не збіўшы з ног сакратарку, якая слухала пад дзвярамі. У калідоры змоўк, пабег, баязліва азіраючыся. Цырнуў некуды ўбок.
Івана Васільевіча дагнаў Будыка, задыханы, быццам прабег кіламетр.
— Бачыў, якую змяю я грэў? Якая гніда! Сукін сын! А? Падонак! Сёння ж духу яго не будзе тут! Ты, як заўсёды, меў чуццё. Ты куды, Іван? Раскажы толкам, што там здарылася. Што з Надзяй?
Іван Васільевіч спыніўся каля лесвіцы, павярнуў ся, выдыхнуў Будыку ў твар:
— Пайшоў прэч!
І асцярожна пачаў спускацца па ўсходах уніз.
У атмасферы духоўных пошукаў
Вось ужо чвэрць стагоддзя кожная новая кніга Івана Шамякіна выклікае бурныя спрэчкі, становіцца прадметам дыспутаў і абмеркаванняў. Прычына, відаць, у тым, што пісьменнік таленавіта расказвае пра нашу сучаснасць, пра наш сённяшні дзень. Усе раманы Шамякіна нараджаліся як водгук мастака на вострыя і злабадзённыя пытанні жыцця, угадвалі нешта вельмі істотнае ў зрухах індывідуальнай псіхалогіі і грамадскай свядомасці. Шамякін, бадай, у большай меры, чым хто-небудзь іншы з беларускіх празаікаў, валодае шчаслівай здольнасцю ўвасабляць у мастацкіх вобразах новыя з’явы, павевы, — тое, што яшчэ толькі носіцца ў паветры, не маючы дакладных контураў і назвы. Калі ў некалькіх словах сказаць пра самае галоўнае ў творчасці Івана Шамякіна, дык гэтым галоўным будзе тонкае разуменне таго, што з’явілася ў характарах, у адносінах людзей, выхаваных ва ўмовах савецкай, сацыялістычнай рэчаіснасці.
Пісьменнік застаецца самім сабой і ў рамане «Снежныя зімы».
Галоўная задума рамана ўяўляецца такой: намаляваць вобраз аднаго з тых, каго мы сёння называем старой гвардыяй, — вобраз чалавека, які доўгі час займаў кіруючае становішча, паказаць маральны патэнцыял гэтага героя, раскрыць яго духоўны светапогляд.
Іван Васільевіч Антанюк — герой рамана І. Шамякіна — кіраўнік у мінулым. Цяпер ён персанальны пенсіянер, ён у тым становішчы, якое спрыяе таму, каб агледзецца, ацаніць пройдзеныя шляхі-дарогі.
Дзеянне рамана разгортваецца ў двух планах: Антанюка, які не па сваёй віне і волі апынуўся на пенсіі, мы бачым то маладым, трыццацігадовым мужчынам, які ў глыбокім тыле ворага арганізаваў партызанскі атрад, не раз глядзеў смерці ў вочы, ведаў горыч паражэнняў і радасць перамог, то пажылым мудрым чалавекам, абагрэтым цяплом сямейнага быту. Такое падвойнае асвятленне, у якім спалучаецца ідэальнае і будзённае, дало пісьменніку магчымасць стварыць вобраз жыццёва праўдзівы і пераканаўчы.