— Сяргей Пятровіч! Калі мой найлепшы сябра пачне пераконваць, што і ў машынабудаванні я гэты самы… першакурснік — ведайце: такая наша дружба. Умеем падтрымаць адзін аднаго.
Здаецца, гэта ўжо крыўда? Ці хітрасць? Яшчэ адзін, з заходам з тылу, напамінак начальству пра свае заслугі?
— Як дырэктар інстытута, ты — геній, Валянцін. Магу засведчыць перад міністрам.
— Бачыце, Сяргей Пятровіч, з якой язвай я жыў у адной зямлянцы?
Антанюк пераключыўся на другое:
— Выражце залозу. А то сапсуе мяса.
— А егер параіў смаліць. Дзік малады, леташак. Час ранні.
Зразумела: дзеля госця хочуць зрабіць яшчэ адно экзатычнае відовішча.
Кляпнёў блазнаваў, распальваў апетыт:
— Мы яго адразу на патэльню. Кілбаса — во гэта рэч. Няма лепей у свеце птахі, як свіная кілбаса. Мудрэйшы афарызм! У ім уся філасофія жыцця. У вас не верашчыць у вушах верашчака? У мяне яўна пачаліся галюцынацыі. Якая верашчака ў нас будзе! Нездарма я захапіў грэцкай мукі. На бліны. Ні адзін кухар не зробіць такой верашчакі, як я.
Ён перакуліўся на другі бок, хціва застагнаў, зацмокаў тоўстымі засмяглымі вуснамі.
— Дзе ты яе дастаеш, грэцкую муку? — здзівіўся Сіротка. — Хто ў наш час меле грэчку? Круп і то няма.
— Не верыш ты, Мар’ян свет Максімавіч, у поспехі нашай сельскай гаспадаркі! Адстаў ад жыцця. Даўно выведзены гібрыд грачнёва-кукурузны. Трэба толькі ўмець аддзяліць грэчку ад кукурузы. Я ўмею.
— Не мялі, Эдуард, — спыніў свайго падначаленага Будыка.
Да Кляпнёва ў Антанюка асаблівая цікавасць: чалавек без прынцыпаў, але і без боязі, без цырымоній: праз паўгадзіны з самім богам запанібрата. З патронам сваім Будыкам трымаецца на дзіва незалежна, часам даволі ўедліва кпіць. І, аднак, той трымае чалавека без спецыяльнасці, нейкага былога кінааператара, за навуковага супрацоўніка. І ўсюды цягае за сабой. Ні кроку без яго. Безумоўна, Кляпнёў — пралаза, даставала, рэкламшчык. У разважаннях — цынік. Але ў мутнай балбатні яго часам бліскаюць крупіцы разумных думак.
Недалёка засігналілі машыны. Адна — басавіта, з хрыпаткой, нібы прастуджаная, потым — другая, галасіста, як дзяўчына.
Кляпнёў прыўзняўся, ускінуў стрэльбу, выпаліў у пажоўклае лісце дуба. Збітыя галінкі падалі на зямлю, адзінокія лісты кружылі ў паветры. Ганчак, што, стомлены, ляжаў пад дубам, смешна падскочыў, зачахліў і пачаў бегаць па крузе, нюхаючы вільготную зямлю, якая пахла даўнімі грыбамі і свежымі жалудамі.
Сіротка паманіў сабаку:
— Чомбэ, Чомбэ!
— Чомбэ? — здзівіўся Антанюк. — Хто выдумаў такую абразлівую мянушку?
— Я купіў яго ў Лапіцкага.
— Каб сабака разумеў, адкусіў бы яго шляхецкі нос. Палітыкан!
Ганчак паслухмяна падбег да гаспадара і, высунуўшы чырвоны язык, глядзеў разумнымі вачамі, здавалася, з дакорам: маўляў, якому дурню ўздумалася без патрэбы страляць?
Хрыплы сігнал пачуўся бліжэй. Кляпнёў зноў хацеў адказаць стрэлам. Але Сіротка спыніў яго:
— Навошта паліць? Нікуды з прасекі не звернуць. Дарога адна.
Павольна гойдаючыся на карэннях дубоў, зводдаль, дзе праходзіла квартальная прасека, высунуліся машыны: чорны, як вялізны жук, «ЗІМ» і светла-блакітная, вясёлая, сапраўды як дзяўчына, «Волга».
Дзіка хацелі зацягнуць у багажнік «ЗІМа», але Сіротка выказаў перасцярогу, што туша можа прапахнуць бензінам. Заслалі падлогу задняй кабіны «ЗІМа» яловым галлём і паклалі туды.
Будыка запрасіў Сяргея Пятровіча ў «Волгу». Пасля паклікаў Антанюка. Калі рушылі, сказаў:
— Трэба захапіць егера. Няхай вып’е чарку.
Але не заехалі. Забыліся. Загаварыліся.
Міністр і Будыка пасяліліся ў драўляным асабняку — паляўнічым доме. Усе астатнія — у гасцініцы, што стаяла збоку, у сасняку, на схіле ўзгорка, дзе зусім нядаўна быў збудаваны дачны комплекс.
Будыка нечакана запрасіў Антанюка пайсці разам з імі — пакояў хапае!
Камендант, хоць і стары знаёмы, без асаблівага энтузіязму сустрэў новага госця — не той узровень! — і памясціў Антанюка ўнізе, каля выхада, у пакойчыку, у якім пры высокім начальстве пасяляўся ахоўнік ці даручэнец. Івана Васільевіча гэта ніколькі не кранула: занадта добра ён ведаў увесь «статут», «табелі аб рангах» і людзей, якіх назначалі камендантамі.
Памыўшыся і пераапрануўшыся, міністр і Будыка пайшлі паглядзець, як пад шумным кіраўніцтвам Кляпнёва (сам ён нічога не рабіў, але ўсім даваў парады) смаляць дзіка.
Праз дзверы Іван Васільевіч пачуў іх размову.
— Хто ён, гэты… востранькі, што далучыўся да нас? Знаёмы твар.
— Былы… — Будыка назваў нядаўнюю Антанюкову пасаду.