Уладзімір Арлоў
СНЫ IМПЕРАТАРА
Апавяданнi, аповесцi, эсэ
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Сны iмператара: Апавяданнi, аповесцi, эсэ — Мінск: Мастацкая лiтатаратура, 2001. — 383 с. с.— (Беларуская проза XX стагоддзя).
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2008
Апавяданнi. Эсэ
Маналог святога Пётры
Ачхі! Ачхі! Выбачайце, шаноўныя. Ачхі! Вось так і ачынаешся кожнае раніцы. Каб ён пражыўся ў апраметнай з самымі зацятымі грэшнікамі! Гэта я пра катар. Ачхі!
У якім жа гэта годзе прыстаў ён да мяне, не раўнуючы як святая доказная інквізіцыя да бязвіннае душы? Ачхі!
Праклятая чыхаўка вытрасла з маёй гарапашнай галавы, нібы зернейкі відуку, усе дарэшты даты. Затое, дзякаваць Богу, усё астатняе ў памяці трымаецца, быццам дзеялася не даўней мінулай нядзелі. Вось як учора было, бачу праявы таго злашчаснага лета, калі ў наваколлі трывала гэткая сухмень, што ўвачавідкі жоўклі зялёныя сенажаці і пачыналі ўжо людцы паспалітыя загадваць, ці не давядзецца сёлета разгаўляцца грэшным чынам катамі ды кашчавымі сабакамі. І прычыніўся той парою ў нашым касцёле нечуваны цуд. Аднойчы прычакаўшы, пакуль арганісты ўзяў першы акорд і хор утрапёна зацягнуў «Ave Maria!», заступніца наша Маці Божая заплакала ў сваім алтары буйнымі, як боб, слязамі. Не дзіва, што падхапіў я тады пякельны катар. Цэлы месяц ні на хвілю не зачыняліся касцельныя дзверы.
Адале, скажу вам, шаноўныя, прачуўшы аб наскіх дзівосах ды нагледзеўшыся на збоі вернікаў, што цягнуліся да нас, не стрываў, пусціў слязу Мікола-ўгоднік з праваслаўнай царквы, якая касавурылася на касцёл цераз пляц.
А там на вуніяцкім храме Звеставання, што каля торжышча, пачалі прамаўляць пад час ютрані прарокі Захарыя ды Ісая, і ўсё, кажуць, найчасцей гугнявым голасам бажавольнага Баўтрамея, што жыў за ярам у звярынай бярлозе.
Ведама ж, дакацілася пагудка пра небывалыя падзеі куды след, і разы тры ніштавата прычасціў сухую, як порах, зямельку дождж. А потым жыхары знакамітага нашага места ды сяляне паблізных вёсак і зусім паарлелі, убачыўшы, як папаўзлі з замкавае брамы вазы з соллю і княскія людзі сажань за сажнем сталі густа саліць брукаванку ўсцяж возера, паўз фару і да самага віленскага тракту.
Зноў заманулася яснавяльможнаму валадару праехацца ўлетку на санках, прамчаць новую каханку на мядзведжай запрэжцы. А людцам паспалітым таксама ўсцеха — да трэцяга калена сабранае солі стане.
Ачхі! Вы ўжо даруйце, шаноўныя, трэба начхацца ў запас, бо дзе гэта вы бачылі святога Пётру, які чхае на музейных наведнікаў?
Ну так, цяпер я экспанат. Але, калі хтосьці з вас скажа: «Sic transit gloria mundi»*, я запярэчу. Хіба рацыя наракаць мне на свой лёс? Было нас шасцёра братоў, а застаўся на свеце адно я. А ці не паважны век маё без малога чатырыста гадоў, пражытыя ў гэтых барочных мурах, што памятаюць ядры маскоўскага цара, шведскага караля і французскага імператара ды град нялічаных асколкаў ад нямецкіх бомбаў?
* Так мінаецца зямная слава (лац.).
Часам я шкадую, што ў мяне драўлянае сэрца, а часам радуюся з тае самае прычыны, бо іначай яно не вытрывала б усяго, што мне выпала пабачыць. Але, відаць, яно не зусім драўлянае, бо такімі вось чыстымі вясновымі ранкамі, калі маладыя сонечныя промні запальваюць пазалоту капітэляў і гзымсаў, а на белыя сцены шматкалёрна кладуцца цёплыя водсветы вітражоў, я адчуваю, як маё сэрца прачынаецца і дзесьці там, у душы, нараджаецца ціхая музыка...
Ачхі! О жудлівае насланнё Люцыпара! Ачхі! Усё, апошні раз, бо вунь ужо ідзе Алена, як зазвычай, усмешлівая, лёгкая і пекная, што той анёлак.
Наша навуковая супрацоўніца стагоддзі на тры з паловаю маладзейшая ад мяне, аднак у яе галоўцы з дробненькімі залацістымі кудзеркамі змяшчаецца гэтулькі імёнаў, падзей і, галоўнае, датаў, што нават я крышачку зайздрошчу ёй. Праўда, калі чытаеш пра ўчыненую стральцамі разню і калі на ўласныя вочы бачыш, як плыве цераз храм чырвонае ручво і ў ім кешкаецца немаўля — гэта, прысягаю светлай памяццю майго бацькі, зусім розныя рэчы.
Ды лепей, шаноўныя, замест жудлівых прыгадаў, пакуль Алена з экскурсіяй падыдзе бліжэй, намалюю я вам свой партрэт.
У мяне грубаваты, але мужны і нават паглядны твар з шырока пасаджанымі вачыма. Вятрыска жыццёвых нягодаў ваяўніча ўскудлаціў мае густыя валасы і бараду. На дужых рамёнах — апанча. Ці трэба дадаваць, што, як і належыць святому, трымаюся я з годнасцю. Тым больш у маіх каструбаватых руках звыклага да працы чалавека не абы-што, а ключ ад райскае брамы.
Вам цікава, адкуль музейны экспанат гэтак добра ведае сваё аблічча, быццам штодня круціцца каля люстра, усё роўна як дзяўчына на выданні? А летась пашчасціла і мне глянуць у люстэрка, калі тыдні з два вылежваўся на стале ў рэстаўратараў, што няблага падлячылі мае старэчыя хваробы. Апроч, вядома, чыхаўкі, а прызнацца ў ёй перашкодзіла мая прыродная сціпласць.