Выбрать главу

З сотні жаночых грудзей вырваўся і разлёгся па-над галявінаю лямант, у якім змяшаліся жах і захапленне. Адно цяпер зубр угледзеў нешта дагэтуль нябачанае: высокі памост са стракатым натоўпам якіхсьці крыклівых істотаў. Звер ажно здрыгануўся ад лютасці. Не зважаючы на баханне рушніц, ён нагнуў кашлатую галаву і, падкідваючы цяжкі азадак, моўчкі памчаў проста на памост. Ён, як віхор, пранёсся непадалёку ад Эразма, пакінуўшы за сабою стаптанага паляўнічага і раструшчаную капытамі зброю. Першы дубовы слуп зляцеў з падваліны, быццам тонкі бярозавы калок. Пераможна рыкнуўшы, звер завярнуўся і, прабегшы пад памостам, гэтаксама лёгка збіў асяродную палю. Край памоста пахіліўся, і некалькі прыдворных дам, анямеўшы ад жаху, апынуліся на снезе. Зубр зноў развярнуўся. У ягоных крутых баках трымцела ўжо з дзесятак дзідаў, але магут не здаваўся. Пакуль стральцы падбягалі і ліхаманкава наводзілі свае рушніцы, зубр апусціў мокрую ад юхі галаву і зноў пайшоў на памост. I тады паляванне не дало веры вачам: паміж ашалелым ад дзідаў і куль мсціўцам і ягонымі ахвярамі, што безабаронна бэрсаліся на снезе ў сваіх цяжкіх футрах, скочыў малады лоўчы з рацішчам.

Зубр здзіўлена ўскінуў голаў і ўтаропіў на чалавека каламутны позірк, поўны невыказнай пакуты і нянавісці. Тым часам каржакаваты лоўчы, прытанцоўваючы, зрабіў насустрач зверу яшчэ тры крокі і знерухомеў. Выцягнуўшы руку, ён мог дастаць рацішчам да скрываўленых рагоў. Зубр падабраўся, каб зрабіць апошні скачок, але ў той самы момант, калі ён скрануўся з месца, лоўчы ў міг вока адскочыў убок і схаваўся за стаўбуром вячыстай яліны.

Пачаўся вусцішны танец чалавека і параненага звера. Яны кружлялі вакол таўшчэзнага стаўбура, і разам з імі, невідочная, скакала ў цішыні сама смерць. Даўмеўшыся, што зваліць яліну немагчыма, зубр намагаўся злавіць чалавека сваім доўгім, як вужака, языком. Кожны з паляўнічых, якія абсталі месца двубою, ведаў, што такое зубрыны язык. Развар’яваным зубрам няраз шэнціла схапіць лаўца языком і, падцягнуўшы, накалоць небараку на рогі. Кожны ведаў пра гэта, але ніхто не мог дапамагчы маладому паляўнічаму. Кружлянне вакол яліны было такое імклівае, што сам гаспадар Аляксандр, які меў славу найтрапнейшага стральца ва ўсім Вялікім княстве, бездапаможна адышоў ад рушніцы.

Пушчанскі магут пакрысе знемагаў. Вось ягонае тулава працяла дрыготка, вось ён пахіснуўся, вось у сляпым шале, ужо чуючы непазбежнае, зачапіў рогам яліну, пакінуўшы на стаўбуры шырокую белую паску. Усе ўжо ведалі, хто пераможа ў гэтым двубоі, і калі шырокае лязо рацішча ўвайшло зубру проста пад сэрца, галявіна зараўла ад захаплення, угору ўзляцелі магеркі і аблавушкі, і ніхто не пачуў перадсмяротнага звярынага хрыпу.

Зубр яшчэ не сканаў, яшчэ стаяў на каленях, хапаючы пашчаю снег, а адчайнага лоўчага ўжо абдымалі, мацалі рукамі, нібыта не верачы, што жывы, і фарсісты пасыльны ўжо перадаваў яму запрашэнне да стала яго каралеўскае мосці. Жанчыны і сама каралева глядзелі на маладога паляўнічага з непрыхаванай цікавасцю.

Эразм не спяшаўся падыходзіць: аднекуль у ягонай свядомасці з’явілася вострае адчуванне значнасці гэтай хвіліны. «Хто гэта?» — спытаўся ён у суседа-шляхціча, і той адказаў: «Сын баярскі* Мікола. З Гусава родам».

* У Вялікім Княстве Літоўскім баяры займалі сярэдняе становішча паміж шляхтай і народнымі нізамі.

Калі Вітэліус нарэшце наблізіўся, лоўчага ўжо атачылі дамы. Яны нешта ўзахапы шчабяталі свайму ратавальніку, і Эразм пачуў, як той смела сказаў камусьці на добрай лаціне: «Аut Саеsаr, аut nihil»*.

* Ці пан, ці прапаў (лац.).

Такое было іхняе знаёмства, і цяпер, шпацыруючы па галерэі, пасол яшчэ раз падзякаваў небу за тое, што звяло іх. Ён скажа Гусоўскаму, каб не забыўся на тое паляванне ў сваёй будучай паэме.

Вітэліус падумаў пра сакратара з нечаканаю цеплынёй. Колькі перажылі ўдвух! Разам былі і на кані, і пад канём. I цяпер таксама разам, у дні, ад якіх залежыць усё іх далейшае жыццё. Блаславёны той, чый лёс уплывае на лёс Айчыны, з гонарам думаў пасол. Яму хацелася хутчэй даць адпаведныя загады кухару і стольчым і паслаць па Гусоўскага. Вітэліус пашкадаваў, што некалі згадзіўся з паэтавай просьбай і Мікола жыве цяпер не ў пасольскай рэзідэнцыі, а на самоце, за колькі кварталаў адсюль. Ён паспрабаваў уявіць, як той сустрэне навіну: як зазвычай прытоіць пачуцці ці дасць ім волю?

А ці здолее сёння ўтаймаваць свае пачуцці ён сам?

Так, іх з Гусоўскім можна назваць сябрамі, але пры ўсім пры тым ён — каралеўскі пасол пры двары яго святасці, а Мікола — усяго толькі ягоны сакратар, які не развітваецца са сваёй музай адно дзякуючы яму, Вітэліусу. Таму паміж імі паводле падпісанага дзесьці ў душах маўклівага пагаднення заўсёды пралягае неадольная мяжа, якую нельга парушаць і цяпер. Магчыма, цяпер — асабліва.